27 красавiка 2024, Субота, 5:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Тбілісі прайшоў марш «Не расейскаму фашызму»

У Тбілісі прайшоў марш «Не расейскаму фашызму»
Фота: BBC

Грузія з'яўляецца талерантнай краінай, дзе няма месца фашызму і ксенафобіі, заявілі арганізатары акцыі.

"Не расейскаму фашызму" – пад такім лозунгам сотні людзей прайшлі маршам па праспекце Агмашэнебелі ў цэнтры Тбілісі ў нядзелю.

Як паведамляе УНІАН, шэсцю, арганізаванаму партыяй "Рух за свабоду – Еўрапейская Грузія", паспрабавалі супрацьстаяць удзельнікі "контр-акцыі", якія сабраліся на тым жа праспекце.

Месцам правядзення шэсця "Еўрапейскай Грузіі" быў выбраны папулярны ў турыстаў праспект сталіцы, дзе 14 ліпеня ўжо прайшоў нацыяналістычны "Марш грузінаў" з патрабаваннем узмацнення жорсткасці іміграцыйнай палітыкі і выправаджэння з Грузіі нелегальных імігрантаў.

Паводле словаў прадстаўнікоў "Еўрапейскай Грузіі", іх шэсце стала адказам на гэты марш і дэманстрацыяй таго, што Грузія з'яўляецца талерантнай краінай, дзе няма месца фашызму і ксенафобіі, праяўленай на маршы і, на іхнюю думку, штучна навязанай з Расеі.

"Гэтай акцыяй мы гаворым – не фашызму, які, на жаль, быў прадэманстраваны на гэтай вуліцы некалькі дзён таму, калі адна даволі маргінальная, але ўсё ж ксенафобна настроеная група выказала абсалютна непрымальную пазіцыю, якая супярэчыць грузінскім каштоўнасцям. Гэтая акцыя супраць іх, а таксама супраць уладаў, якія робяць усё для таго, каб такія групы існавалі", – заявіў адзін з лідараў партыі Сяргей Капанадзэ.

Шэсце паабапал дарогі суправаджалі прадстаўнікі праваахоўных органаў. Сітуацыя абвастрылася, калі маршаўцы дайшлі да месца, дзе сабраліся ўдзельнікі процінакіраванай акцыі, якія пагражалі не даць лідарам "Еўрапейскай Грузіі" правесці шэсце.

Удзельнікі другой акцыі заяўлялі, што лідары "Еўрапейскай Грузіі" – прадстаўнікі ранейшых уладаў – не маюць маральнага права праводзіць шэсце ў цэнтры Тбілісі, бо на іх ляжыць адказнасць за найцяжэйшыя парушэнні правоў чалавека пры папярэднім урадзе.

Анансуючы правядзенне "контр-акцыі", арганізатары і ўдзельнікі "Маршу грузінаў" заяўлялі, што гатовыя да таго, што іх разгоняць улады. Аднак незадоўга да пачатку шэсця частка арганізатараў "Маршу грузінаў" заявіла, што адмаўляецца ад яго правядзення і заклікала ўдзельнікаў разысціся, тлумачачы гэта пазіцыяй грузінскага патрыярха.

Патрыярхія Грузіі ў нядзелю распаўсюдзіла заяву, у якой заклікала арганізатараў устрымацца ад правядзення абедзвюх акцыяў для пазбягання "непрадбачаных наступстваў". Нягледзячы на гэта, некаторыя ўдзельнікі "контр-акцыі" пастанавілі застацца на праспекце і сустрэць шэсце. Паліцыя адгарадзіла іх кардонам, не даўшы магчымасці наблізіцца да маршаўцаў, аднак ва ўдзельнікаў шэсця праз паліцыянтаў паляцелі пластыкавыя бутэлькі, яйкі і памідоры, што суправаджалася нецэнзурнай лаянкай.

Паводле звестак паліцыі, лёгкія пашкоджанні атрымалі некалькі чалавек. Нягледзячы на гэта, пасля нядоўгага замяшання шэсце "Еўрапейскай Грузіі" прадоўжылася, закончыўшыся ўжо каля станцыі метро "Марджанішвілі".

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках