5 траўня 2024, Нядзеля, 2:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Незалежны прафсаюз змусіў да адказу гомельскае прадпрыемства

2
Незалежны прафсаюз змусіў да адказу гомельскае прадпрыемства
НАДЗЕЯ БУСЛАВА
ФОТА: GOMELSPRING.ORG

Працадаўца тынкоўніцы з Гомеля прызнаў сваю віну ў няшчасным выпадку.

ААТ «Дарбудмантажтрэст» СМП-354 (будаўніча-мантажны цягнік) на станцыі Гомель прызнала сваю віну ў хімічным апёку правага вока 1-й ступені тынкоўніцы Надзеі Буславай, склаўшы адпаведны Акт формы Н-1. У дакуменце, зацверджаным працадаўцам, прычынамі няшчаснага выпадку ўказаныя: «незабеспячэнне тынкоўнікаў ахоўнымі акулярамі і невыкананне кіраўніцтвам абавязкаў у ахове працы», піша praca-by.info.

Прававы інспектар незалежнага прафсаюза РЭП у Гомельскай вобласці Леанід Судаленка кажа, што першапачаткова працадаўца спрабаваў перавесці няшчасны выпадак у разрад побытавых і толькі пасля ўмяшання іх незалежнага прафсаюзу пачаў расследаванне.

– Нашы патрабаванні на карысць пацярпелай супрацоўніцы працадаўца выканаў, траўма прызнаная вытворчай, вінаватыя названыя ў Акце Н-1. Цяпер чакаем заключэння ўрачоў пра ступень страты пацярпелай працаздольнасці, пасля чаго будзем звяртацца ў страхавую кампанію па аднаразовую выплату. Бо вінаватым стаўся сам наймальнік, не стварыў бяспечныя ўмовы працы, у супрацоўніцы застаецца права і на пакрыццё маральнай шкоды, – паведаміў прафсаюзны юрыст.

Інспектар працы заяўляе, што прафсаюз застаўся задаволеным зыходам справы, пацярпелая ўжо пачала працу.

– Дай Бог, каб з вокам тынкоўніцы не было ўскладненняў у будучыні, але калі яна страціць працаздольнасць, будзе атрымліваць страхавыя выплаты, якія не атрымала б, пагадзіўшыся аформіць траўму побытавай, – дадаў Судаленка.

Андрэй Стрыжак, актывіст прафсаюза з Гомеля, асабліва адзначыў тое, што Надзея Буслава цяпер працуе на сваім працоўным месцы:

– Пасля таго, як мы распавялі ў сетцы пра тое, што Надзея звярнулася па дапамогу ў незалежны прафсаюз, многія пісалі ў каментарах: ну цяпер, маўляў, на адну беспрацоўную стане больш; спачатку шукаеш справядлівасць, а потым новую працу; і таму падобнае. Але калі б жанчына паводле парады нашага прафсаюзнага актывіста Віктара Рубцова не звярнулася па дапамогу ў РЭП, то наймальнік увогуле не падняў бы пытанне пра вытворчую траўму. А цяпер і форма Н-1 складзеная, і працаўніца засталася на працоўным месцы. Плюс да гэтага наймальнік правядзе пазачарговы інструктаж у тэхніцы бяспекі і павінен будзе выдаць усім не толькі каскі, але і ахоўныя акуляры.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках