27 красавiка 2024, Субота, 7:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Карціну мастака парыжскай школы падарылі Беларусі

2
Карціну мастака парыжскай школы падарылі Беларусі
ГУАШ «НА ЛУЗЕ» – ЧАСТКА АМАЛЬ НЕВЯДОМАЙ ДАВАЕННАЙ СПАДЧЫНЫ ЦАРФІНА
ФОТА: АРХІЎ ЮРЫЯ АБДУРАХМАНАВА

Невядомую перш працу нараджэнца Смілавічаў падараваў беларускаму музею французскі калекцыянер.

Смілавіцкаму музею «Прастора Хаіма Суціна» перададзеная гуаш Шрагі Царфіна «На лузе». Яе каштоўнасць яшчэ і ў тым, што гэта даваенная праца майстры: амаль уся ягоная ранняя спадчына загінула ў акупаваным фашыстамі Парыжы.

Нам дапамагло чароўнае слова «Смілавічы»! – кажа kp.by дырэктар прыватнай установы культуры «Спадчына і час» Юры Абдурахманаў.

З калекцыянерам Эмануэлем Рампено ён пазнаёміўся летась у Парыжы, калі здымаліся эпізоды фільма пра Царфіна. Бацька калекцыянера Поль Рампено быў мецэнатам мастака ў перыяд ягонага захаплення архітэктурай Францыі. Тады паміж імі завязаліся сяброўскія стасункі. Памятае жывапісца і Эмануэль, які быў тады падлеткам. Цяпер сям'я Рампено валодае адной з найбуйнейшых калекцыяў Царфіна – больш за 80 працаў.

– Калекцыянеры ўвогуле не самыя адкрытыя людзі, але мы змаглі дамовіцца пра сустрэчу, – распавядае Абдурахманаў. – Мы пагутарылі пра Смілавічы, пра музей Суціна. Праз нейкі час Рампено зрабіў музею першы падарунак – карціну «У гутарцы». Мы яе называем паміж сабой «Смілавіцкія габрэі» – надта ж дакладна схопленыя тыпажы!

Цяпер жа сам калекцыянер патэлефанаваў Юрыю і захацеў перадаць гэтую гуаш. Дапамог у дастаўцы з Парыжа і размытненні адзін з расейскіх калекцыянераў. Цяпер праца ўжо пачышчаная, аздобленая ў раму і знаходзіцца ў экспазіцыі музея Суціна.

ПЕРШЫМ ПАДАРУНКАМ ЭМАНУЭЛЯ РАМПЕНО БЕЛАРУСІ СТАЛА КАРЦІНА ШРАГІ ЦАРФІНА «У ГУТАРЦЫ»
ФОТА: АРХІЎ ЮРЫЯ АБДУРАХМАНАВА

У Смілавічах акрамя названых карцінаў экспануюцца і іншыя працы Царфіна. Гэта палотны, падараваныя Нацыянальнаму мастацкаму музею ягонай дачкой Ліліян, а таксама экспанаты з калектыўнай калекцыі Белгазпрамбанка. Такім чынам, за 36 кіламетраў ад Менска цяпер можна ўбачыць ледзь не самую вялікую публічную калекцыю Царфіна ў свеце.

З працамі Шрагі Царфіна іхнія ўладальнікі расстаюцца неахвотна. Набыць з аўкцыёну карціну сучасніка, сябра і земляка знакамітага Хаіма Суціна – велізарная ўдача. У гэтых рэдкіх выпадках кошт жывапісу майстры стартуе ад 5 тысячаў еўраў, графіка будзе каштаваць ад 3 – 4 тысячаў еўраў.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках