4 траўня 2024, Субота, 13:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Нямецкая хваля»: Беларусы запатрабавалі скасавання вучэнняў «Захад-2017»

2
«Нямецкая хваля»: Беларусы запатрабавалі скасавання вучэнняў «Захад-2017»
ФОТА: @ PR0TEZ

Удзельнікі акцыі «За мірную Беларусь» патрабавалі дэмакратызацыі грамадства і скасавання беларуска-расейскіх вайсковых вучэнняў.

У панядзелак, 3 ліпеня, на Кастрычніцкую плошчу ў цэнтры Менска выйшлі сотні людзей, якія адгукнуліся на заклік лідара Беларускага нацыянальнага кангрэса (БНК) Мікалая Статкевіча. Ён не запытваў дазволу гарадскіх уладаў на правядзенне акцыі, а толькі паведаміў ім пра свае планы за пяць дзён да яе, піша «Нямецкая хваля».

Нягледзячы на тое, што акцыя не была санкцыянаваная сталічным гарвыканкамам, міліцыя не замінала яе правядзенню і на гэты раз нават не нагадвала яе ўдзельнікам аб магчымай адказнасці. Аднак за Палацам рэспублікі былі заўважаныя аўтазакі, а на плошчы знаходзіліся кіраўнікі і супрацоўнікі сілавых структур - усе ў цывільным. На думку Мікалая Статкевіча, улады не хочуць абцяжарваць сваё жыццё перад сесіяй Парламенцкай асамблеі АБСЭ, якая на днях павінна прайсці ў сталіцы Беларусі.

«Абараніць краіну для народа»

Адзначым, што акцыя прайшла ў «дзень незалежнасці» Беларусі, які стаў адзначацца як дзяржаўнае свята праз год пасля таго, як Аляксандра Лукашэнку абралі прэзідэнтам. Раней 3 ліпеня святкавалася як дзень вызвалення Менска ад гітлераўскіх захопнікаў. Апаненты Лукашэнкі не ўважаюць 3 ліпеня за сапраўдны «дзень незалежнасці», пра што заявіў і Статкевіч на мітынгу.

З ягоных слоў, «толькі ў хворай галаве магла нарадзіцца ідэя, што Беларусь стала незалежнай у 1944 годзе». Лідар БНК мяркуе, што сапраўдным Днём незалежнасці можа быць альбо 25 сакавіка, калі ў 1918 годзе была абвешчаная Беларуская народная рэспубліка (БНР), альбо 25 жніўня, калі Вярхоўны Савет у 1991 годзе прыняў Дэкларацыю незалежнасці Беларусі, якая пазней атрымала статус канстытуцыйнага закона.

Статкевіч дадаў, што цяперашняя акцыя з'яўляецца прадаўжэннем кампаніі «Улада - народу», патлумачыўшы, што толькі дэмакратыя робіць краіну належнай яе грамадзянам. З гэтым пагадзіліся і прысутныя ў размовах з журналістамі. «Я ніколі да гэтага года не хадзіў на акцыі апазіцыі, але пасля таго, як улада пачала нахабна весці сябе ў дачыненні да простых людзей, маё цярпенне лопнула. Той жа дэкрэт «аб дармаедах», арышты мірных грамадзян 25 сакавіка на Дзень Волі - усё гэта паказвае, як наша кіраўніцтва ставіцца да сваіх грамадзянаў», - кажа былы працаўнік аднаго са сталічных прадпрыемстваў Мікалай, які два месяцы таму выйшаў на пенсію.

Небяспека вайсковых вучэнняў

Мікалай Статкевіч таксама закрануў тэму вераснёўскіх расейска-беларускіх вайсковых вучэнняў «Захад-2017», якія пройдуць на тэрыторыі краіны.

«Падзеі мінулай вясны паказалі, што Беларусь знаходзіцца пад унутранай акупацыяй, але яна вельмі лёгка можа ператварыцца ў акупацыю вонкавую. Гэты рэжым - прадажны і несамастойны, наперадзе вайсковыя вучэнні, у выніку якіх мы можам атрымаць тысячы замежных вайскоўцаў на сваёй тэрыторыі і страту незалежнасці», - мяркуе Статкевіч.

Пасля гэтага ён заклікаў людзей прайсці да Плошчы Незалежнасці галоўным праспектам краіны. З расцяжкай «Баста!» калона па ходніках рушыла наперад. Дэманстранты выконвалі правілы дарожнага руху, не заміналі працы транспарту, а міліцыя не замінала дэманстрантам. Падчас шэсця людзі выкрыквалі лозунгі «Жыве Беларусь!», «Верым, можам, пераможам!» На Плошчы Незалежнасці шэсце скончылася. Статкевіч паведаміў, што наступная акцыя пройдзе ў верасні.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках