11 траўня 2024, Субота, 4:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Авантуры халуя

58
Авантуры халуя

Зноў Беларусь наведалі дарагія госьці. Занадта дарагія.

Пакуль што цяжка нават уявіць, якую цану можа заплаціць краіна за гэтую авантуру палахлівага дыктатара. У ягонай галаве пладзяцца і множацца зграі тэрарыстаў ды іншых злосных ворагаў. А салдаты з усходу спяшаюцца яго абараніць ад гэтай навалы. І ад паслуг чужога войска ён ужо адмовіцца не можа.

Да пачатку абвешчаных манеўраў “Захад-2017” застаецца яшчэ месяц і болей за два тыдні. Дык з якой нагоды гэткая паспешлівасць расійскіх вайскоўцаў? Зусім пэўную рэакцыю выклікае той імпэт. І не толькі ў насельніцтва тых раёнаў, дзе пройдуць ці размесцяцца салдаты. Устрывожыліся суседзі, блізкія і далёкія. Тым болей, што падставы для трывог далёка не пустыя. Дзеля якой мэты расійскае камандванне запатрабавала сабе болей за чатыры тысячы вагонаў, калі нават самыя маштабныя вучэнні у недалёкім мінулым абышліся нашмат меншай колькасцю транспартных сродкаў? Каго ці што збіраюцца перавозіць тыя гіперэшалоны?

Вайскоўцы паспяшаліся развеяць усе трывогі. Якія тут сумневы – шэраговыя, звычайныя вучэнні. Пабегаюць салдацікі, пастраляюць і вернуцца ў казармы. І ўжо з’явілася шмат тых, хто гатовы паверыць сарамлівым казачкам штабістаў. І сапраўды, навошта вайскоўцам заставацца ў чужой краіне? Хіба Расіі патрэбна новая вайна? Да гэтага часу ад Крыма і Данбаса ачуняць не можа. Залічылі ў агрэсары, бэсцяць усе, каму ахвота. І ўвогуле, мінулае не варта варушыць – чаго толькі ў свеце не бывае. А цяпер ў Крамля – выключна міралюбная палітыка. І даўно ўжо дыялог варта было б пачынаць з новай старонкі.

Але тут надзвычай недарэчы пачалі прыходзіць трывожныя навіны з паўдневых рубяжоў. Начальнік Генштаба Украіны заявіў, што Расія перадыслацыруе да межаў ягонай краіны тры мотастралковыя дывізіі. Мяркуючы па іх узбраенні і структуры, гэта ўдарнае войска. І што падчас манеўраў “Захад-2017” расійскае камандванне можа разгарнуць на беларускай тэрыторыі пункты захавання зброі і вайсковай тэхнікі. А пасля заканчэння тых вучэнняў нават пакінуць частку войска у свайго саюзніка.

Плануецца новае расійскае ўварванне ва Украіну, або ўсё гэта абмяжуецца толькі звыклай валтузнёй і дэманстрацыяй гатовасці да рашучых дзеянняў? Вайсковыя аналітыкі выказваюць розныя меркаванні на гэты конт. Аднак пакуль што бясспрэчным выглядае толькі адно: ніхто нічога не ведае дакладна. Адказ на гэтае пытанне залежыць ад шмат якіх складнікаў і акалічнасцяў. Усё няпэўна і зменліва надзвычай. Бясспрэчна пакуль хіба толькі тое, што ў сакавіку 2018 года ў Пуціна – прэзідэнцкія выбары. Наўрад ці ён сыдзе, як шмат хто спадзяваўся. Аднак за ягоны высокі рэйтынг і гучную перамогу гэтым разам электарат запатрабуе надзвычай высокую цану. А ў якасці гэткай бясспрэчнай каштоўнасці ў Расіі цяпер вызнаецца найперш далучэнне новых тэрыторый.

Беларусь пакуль што для ўсходняга суседа нібыта саюзнік. Аднак і тут амаль паўгода доўжыцца нейкая заблытаная валтузня з расійскімі вайскоўцамі. Дэсантнікі на бронетранспарцёрах гойсаюць па вуліцах Брэста, нібы ў сябе дома. На змену ім у Беларусь прыходзяць інжынерныя войскі – наводзяць пантонныя масты. Няведама адкуль узнікаюць у самыз нечаканых месцах нейкія сувязісты. Потым – звычайныя гопнікі ў расійскім камуфляжы. І, збіўшыся ў зграю, скіроўваюцца на заходнюю мяжу. Салдаты прыходзяць і сыходзяць. Каб праз пэўны час з’явіцца зноў. А ўсе афіцыйныя тлумачэнні надзвычай аднастайныя: перадыслакацыя вайсковых частак ў рамках вучэнняў “Захад-2017”. А чаму ўся гэтая валтузня расцягнулася амаль што на паўгода? І не цяжка заўважыць, што ўсе гэтыя вайскоўцы пачуваюць сябе тут поўнымі гаспадарамі. Ці не гэта і было іх галоўнай мэтай?

Не пакіне Расія ў спакоі ні Украіну, ні Прыбалтыку, ні Беларусь. Як і ўсе былыя рэспублікі Савецкага Саюза. Расія – не проста краіна. Гэта – імперыя. А таму без далучэння новых тэрыторый жыць яна не можа. Дэмагагічныя фантзіі пра нейкае братэрства ды сяброўства з агрэсіўнай масай пакрыўджаных і апантаных ідэямі рэваншу – сентыментальныя казкі для патэнцыйных лохаў. Як бы гэтыя абаронцы пад мілагучны спеў не скралі ў нас краіну.

Кожны крамлёўскі правіцель толькі тады будзе пажаданым і паважаным, калі ён выявіць здольнасць здабываць новыя тэрыторыі. А ў выпадку іншым – бунт, “бессмысленный и беспощадный”, непазбежная страта ўлады і забыццё. І тут не толькі ў асобе Пуціна праблема. Прыйдзе хтосьці новы, будзе ўсё тое ж. Не прызвычаіцца Расія ў бліжэйшы час да сваіх новых межаў. А тым больш – заходніх. Ні крамлёўская вярхушка, ні вайскоўцы, ні самы апошні алкаш з глыбінкі не ўспрымаюць гэткую рэальнасць. Для іх існуючыя межы – не абрысы дзяржавы, а нейкая крыўдная і абразлівая рыса аселасці. А таму імперыя і шмат хто з яе падданых ужо каторы год пачуваюць сябе прыніжанымі і зняважанымі.

Як гэта – мяжа пад Смаленскам?.. А калі душа прасторы просіць? І хочацца раптам на бронетранспарцёры падацца ў Крым або ў Юрмалу на танку. Дык што ж тады – маўчаць, цярпець, не вытыркацца? Калі Брэст ужо амаль што родны, свой. І мужык нейкі з Мінска крычыць увесь час навязліва, што беларусы – гэта тыя ж рускія, толькі з нейкім дадатковым знакам. Дарога, дарэчы, прамая. Усё там даўно разведана, праверана, разнюхана. І ўвогуле, з салдата хто і што спытае?

А таму “крымнаш”- далёка не апошняя вайсковая здабыча. “Расія ўстае з каленяў”. А як яшчэ яна можа ўставаць? Дарогі пракладаць, удасканальваць законы, клапаціцца пра дабрабыт народа? Доўга, бясплённа і да таго ж лянота. Нашмат прасцей падпільнаваць зручны момант, перакінуць да суседзяў зялёных чалавечкаў, скіраваць услед калоны танкаў – раз, два, тры і ў дамках! Крута і звыкла. Электарат узрушаны і бязмежна задаволены. Кіраўнік – нязменны правадыр і малайчына.

І хто сказаў, што межы непарушныя? Хіба калгасны досвед зусім ужо забыты? Тым болей, калі вось так, паціху, спакваля прынізіць сапраўдны статус да ўзроўню сумнавядомай лініі аселасці. Ды гэта ж увогуле нейкая архаіка. Каб пераканацца ў тым, варта хіба што накіраваць на памежжа двух успацелых мужыкоў, каб паваліць і знішчыць паласаты слуп. А далей – па даўняй імперскай завядзёнцы. І ніякімі санкцыямі Трэці Рым не запалохаць. У Расіі, як вядома, толькі два надзейныя саюзнікі – войска і флот.

Усё бліжэй тая сумная дата – 14 верасня. І з кожным днём усё большую актуальнасць набывае простае пытанне: сыдуць пасля тых манеўраў чужыя салдаты, ці ўсё ж застануцца? Пытанне настолькі вострае, што ўжо варта было б у таталізатары стаўкі прымаць. Шкада толькі, што нават пасля вучэнняў сітуацыя гэтая наўрад ці набудзе хоць нейкую пэўнасць. Доўжыцца надзвычай цёмная гульня. Нейкі шулерскі сеанс. Падобна на тое, што вынік гэтай гульні будзе залежыць ад таго, хто колькі мечаных картаў прыхавае ў рукаве.

А пакуль што новая хваля расійскіх вайскоўцаў атабарылася паблізу нашай заходняй мяжы. Было абвешчана, што гэта пераважна тэхнічныя войскі. Яны будуць угрызацца ў зямлю, разгортваць вузлы сувязі і будаваць камандны пункт двух вялікіх вайскаводаў. У верасні палкоўнік і генералісімус тут стануць побач. Будуць пільна ўслухоўвацца ў грукат бою, абменьваючыся кароткімі злымі рэплікамі. Гэта ж не жарты – рубеж непахісных. Дым і пыл. Смурод і злосць. Акалічнасці “жэстачайшыя”. “Кругом урагі”.

А потым, калі ўмоўны праціўнік будзе ўшчэнт разбіты, яны пра штосьці нават пагавораць. І падпішуць, магчыма, яшчэ адну нікчымную паперку. Трэба ж падаць нейкі сігнал насцярожанаму электарату.

Але што ўсё ж з гэты чужам войскам – сыдзе яно, ці застанецца?

Пытанне вырвана з кантэксту. Перш чым адказаць на яго, варта ўспомніць так недарэчна змарнаваныя магчымасці. Не забыць і пра тое, каму даверылі ўладу. І што пайшоў ужо дваццаць чацверты год рабскага халуйства і ганебнага прыніжэння перад Крамлём. Варта падумаць таксама пра тое, на што можа спадзявацца краіна ў падвешаным стане. Ці можа існаваць наяве і дзеля якой мэты насамрэч стваралася недарэчная “адзіная дзяржава”. У нашай краіны няма нават рэальнай мяжы на самым небяспечным накірунку. Фантастычны беларускі дом: тры сцяны, а замест чацвертай – Усход. Якая дзіўная гульня!

Аднак страчана яшчэ не ўсё. Пакуль што да раздачы пашпартоў з двухгаловай птушкай справа не дайшла. А таму – сачыце за рукой.

Уладзімір Халіп, спецыяльна для Charter97.org

Напісаць каментар 58

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках