8 траўня 2024, Серада, 23:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«За людзей хто падумае?»: Як жыхары Бярозы бунтуюць супраць забароны на купанне

16
«За людзей хто падумае?»: Як жыхары Бярозы бунтуюць супраць забароны на купанне

Сітуацыя вакол вапнавых кар'ераў у Бярозаўскім раёне абвастраецца.

Вапнавы кар'ер каля вёскі Кабакі ў Бярозаўскім раёне – упадабанае месца для купання мясцовых жыхароў – трапіў пад забарону мясцовых уладаў. На барацьбу з купальшчыкамі накіравалі супрацоўнікаў міліцыі.

Людзей папярэджваюць пра забарону купання, на некаторых нават складаюць пратаколы. Жыхары незадаволеныя такімі дзеяннямі і пачалі збор подпісаў за тое, каб зняць забарону на купанне ў гэтым вадаёме.

Нядаўна наш сайт паведамляў пра тое, што міліцыя складае на людзей, якія купаюцца ў гэтым кар'еры, пратаколы, і некаторыя людзі гэтым не задаволеныя.

Сярод іншых, пратакол быў складзены на жыхарку Бярозы Ірыну Крук. Як распавёў нам яе муж Сяргей, ён ужо хадзіў з гэтай нагоды ў Бярозаўскі райвыканкам, Ірыне выпісалі штраф 1 базавую велічыню (23 рублі).

Журналісты «Першага Рэгіёну» наведалі вапнавы кар'ер каля Кабакоў, каб паглядзець, што там на самай справе адбываецца:

Першае, што мы ўбачылі ля вадаёма, – «МАЗ»-аўтазак. Пагутарыць з супрацоўнікамі міліцыі не атрымалася, бо, убачыўшы журналістаў з камерамі, яны з'ехалі на іншы бераг.

Людзей у вадзе не было, толькі парачка загарала на беразе. Жанчына распавяла, што міліцыянт падыходзіў і папярэджваў, што ў вадаёме купацца забаронена.

Каб атрымаць каментары ў міліцыянтаў, мы прайшлі за імі на другі бераг. Аднак, як толькі мы туды пад'ехалі, аўтазак узяў курс на Бярозу...

На другім беразе народу было значна больш, хтосьці загараў, нехта рыбачыў, натуральна, пры міліцыі ў ваду ніхто не лез.

ПАПЕРАДЖАЛЬНАЯ ШЫЛЬДАЧКА НА ПАДЫХОДЗЕ ДА ВОЗЕРА

Падышлі да мужчынаў-рыбакоў, кажуць, што «прыехаў гэты аўтазак і ў рупар пакрычалі, што тут купацца забаронена». Мужчына не хаваў абурэння:

«За людзей хто падумае? 4 дні спёкі было... Нацягніце буйкі абмежавальныя, найміце лодку гумовую, пасадзіце за 20 рублёў чалавека і праблемаў не будзе ніякіх. Ну няўжо ж так можна? Паставілі знак, што купацца забаронена, і ўсё. Ды зрабіце вы прынамсі адно гэтае возера – купацца ж няма дзе!»

Праз некаторы час пасля ад'езду міліцыі людзі на пляж сталі прыбываць. Спынілася ля возера нават машына з расейскімі нумарамі. Высветлілася, што жыхары Мурманска спецыяльна па дарозе заехалі акунуцца.

АЎТАЗАК СТАІЦЬ ПОБАЧ З КАР'ЕРАМ

Пытаемся, што думаюць наконт шыльды пра забарону купання, адказваюць: «Дык жа мы хуценька – акунемся, падсохнем і далей ехаць».

Высветлілася, гэтыя расейцы не першы раз спыняюцца адпачыць на гэтым вадаёме.

Зрэшты, падчас візіту журналістаў атрымалася пагутарыць з жыхарамі розных рэгіёнаў – Івацэвічаў, Пружанаў. Некаторыя кажуць, што адмыслова прыязджаюць менавіта сюды праз прыгажосць гэтага месца.

МАЛЯЎНІЧЫ ВАДАЁМ КАЛЯ ВЁСКІ КАБАКІ БЯРОЗАЎСКАГА РАЁНА

Сапраўды, наконт прыгажосці – возера пакідае прыемнае ўражанне. Бірузовая вада нібы ў нейкім экзатычным моры, побач – насыпы, з якіх можна разгледзець пейзаж...

Але, згодна з пастановай Бярозаўскага райвыканкама, купацца тут забаронена.

Дзеля бяспекі людзей

Каб даведацца, чаму ж купацца ў гэтым вадаёме нельга, карэспандэнт «ПР» патэлефанаваў намесніку кіраўніка Бярозаўскага райвыканкама Аляксею Жоўцікаву. Аднак чыноўнік не патлумачыў сітуацыю з гэтым кар'ерам, спаслаўшыся на тое, што «не дае каментароў праз тэлефон».

Галоўны лекар Бярозаўскага раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Уладзіслаў Стойка пацвердзіў «Першаму Рэгіёну», што забарона на купанне ў кабакоўскім вапнавым кар'еры звязаная не з якасцю вады, а з небяспекай для жыцця купальшчыкаў:

«Рэч у тым, што гэтае месца не абсталяванае. Гэты кар'ер вапнавы, ён небяспечны для купання, таму не зацверджаны. І тут рэч не ў тым, шкодна ці не шкодна. Гэта ж кар'ер – там жа не вывучанае дно, ён проста не праходзіць праз бяспеку. Можаш крок ступіць, праваліцца і трагічны будзе зыход. Вось у чым рэч. Тут не проста абы забараніць купацца, а дзеля бяспекі людзей забараняюць ім купацца. Вось у Ваўкавыску ёсць такія прыгожыя бірузовыя кар'еры – а колькі там людзей загінула...»

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках