8 траўня 2024, Серада, 18:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як беларусы пераплачваюць тысячы даляраў за бясплатныя аперацыі ў дзяржаўных клініках

64
Як беларусы пераплачваюць тысячы даляраў за бясплатныя аперацыі ў дзяржаўных клініках

Схема, паводле якой дзялкі змушаюць беларусаў набываць пратэзы касмічнымі коштамі са згоды лекараў.

Nn.by стала вядома аб сітуацыі, у якую патрапіў пенсіянер, былы высокапастаўлены працаўнік пракуратуры. Ягоны выпадак дазваляе зразумець схему, паводле якой дзялкі легальна змушаюць беларусаў набываць пратэзы касмічнымі коштамі з маўклівай згоды (або пры садзейнічанні) лекараў.

З чаго ўсё пачалося

Гэтаму пенсіянеру зрабілі аперацыю ў 6-й лякарні Менска. Яму паставілі эндапратэз: памянялі сустаў у сцягне з прычыны цяжкага захворвання — коксартрозу.

Эндапратэз складаецца з чатырох элементаў, якія замяняюць аддаленыя органы.

Усё прайшло добра, але пракурорскае вока можа зачапіцца за ўсякую юрыдычна сумнеўную дробязь. Яго абурыла, што дакументы на ўсталяваны пратэз не былі аформленыя належным чынам.

«Мне не далі сведчанняў, якія б пацвярджалі законнасць выпуску і знаходжання ў абарачэнні імплантаваных частак эндапратэза, — пенсіянер спасылаецца на 27-ю і 141-ю пастановы савета Еўразэс. — Таксама, паводле закона, медыцынскія тавары, якія знаходзяцца ў абарачэнні без адпаведных дакументаў, уважаюцца за кантрафактныя. А тыя дакументы, якія перадалі мне пад выглядам «тэхнічнага пашпарта», напісаныя на замежнай мове. Паводле Закона аб абароне правоў спажыўцоў, інфармацыя на замежнай мове ўважаецца за не пададзеную», — адзначыў пацыент, падазраючы, што яму паставілі кантрафакт.

Былы работнік пракуратуры паказаў нам на разыходжанні ў назвах, пазначаных на этыкетках, і дазволеных рэгістрацыйным пасведчаннем Міністэрства аховы здароўя — відавочна, несупадзенне літар.

Адрозненні, на думку пенсіянера, сведчаць аб адсутнасці рэгістрацыі на імплантаваны эндапратэз, ён перакананы, што гэта парушэнне артыкула 39-1 закона «Аб ахове здароўя».

На аснове гэтага ён падаў у суд, які цягнецца дагэтуль, і хоча прымусіць клініку паказаць дакументы, якія б адказалі на пытанне «што мне паставілі?».

Таксама пракурор мяркуе, што зарэгістраваныя пратэзы завозяцца ў краіну без выплаты ўвазных ПДВ, а калі, маўляў, ёсць разыходжанні ў этыкетках з рэгістрацыйным пасведчаннем, то можна падазраваць, што бюджэт нясе страты.

Варта адзначыць, што, згодна з афіцыйным адказам на адрас пенсіянера, Міністэрства аховы здароўя не ўважае разыходжанні ў некалькіх літарах праблемай, і аспрэчвае пункт гледжання пракурора.

Праваахоўнымі органамі таксама праводзіліся праверкі, якія не выявілі фактаў парушэнняў пры ўвозе, рэалізацыі і медыцынскім выкарыстанні эндапратэзаў, а толькі «магчымы склад адміністрацыйнага правапарушэння» ў сувязі з увозам адной — сапраўды не зарэгістраванай (вырабленай той жа фірмай, але ў Нямеччыне, а не Швэйцарыі) — часткі эндапратэза.

Аднак некаторыя звесткі, атрыманыя падчас міліцэйскай праверкі, патрапілыя да журналістаў, дазволілі зірнуць на сітуацыю з іншага боку, правесці ўласнае расследаванне і выявіць вельмі цікавыя схемы.

«Эндапратэз абраны службовымі асобамі»

Штогод у Беларусі праводзіцца некалькі тысяч аперацый у эндапратэзаванні.

Парадак такі: калі клінічная сітуацыя патрабуе выдалення пашкоджаных тканін і імплантацыі штучнага сустава, дзяржава гарантуе аперацыю для ўсталявання пратэза за кошт бюджэту (у такім выпадку пратэзы набываюцца праз працэдуру дзяржзакупкі), але чарга на ўстаноўку бывае даўжэйшвй года. Як нам патлумачылі лекары, час чакання залежыць ад канкрэтнага горада, наяўнасці пратэзаў у клініцы, ступені падрыхтаванасці арганізма пацыента да сур’ёзнага ўмяшання.

Не ўсе гатовыя чакаць: боль робіць жыццё невыносным, захворванне можа распаўсюдзіцца на прылеглы сустаў.

Уявіце сабе псіхалагічны стан чалавека, якога мучыць пытанне: а ці зможа ён хадзіць? Ці не апынецца цяжарам для сям'і, калі прамарудзіць і дапусціць прагрэс захворвання?

Для такіх выпадкаў магчымая платная аперацыя — пацыент пасля кансультацыі з лекарам выбірае сабе пратэз, плаціць грошы ў касу лякарні, за гэтыя грошы лякарня набывае пратэз, хто-небудзь з лекараў яго вызначае.

Людзі, бывае, залазяць у велізарныя крэдыты, каб мець магчымасць аплаціць пратэз — кошт імпартнага пратэзу пачынаецца, звычайна, ад $1500 і даходзіць да $3500.

Мадэль пратэза, запэўніваюць медыкі, залежыць ад клінічнай сітуацыі і ўзросту пацыента — часам можна ставіць таннейшы. Бывае, лепш ставіць даражэйшы, выраблены з больш дарагіх і трывалых матэрыялаў. Таксама залежыць ад фінансавых магчымасцяў — хтосьці (і гэта тыповая сітуацыя) спецыяльна просіць самы дарагі.

Фірмаў жа ў Беларусі, якія пастаўляюць пратэзы, амаль няма.

Значных гульцоў на рынку пяць — кожны з іх, звычайна, пастаўляе вырабы нейкай адной фірмы: вытворцам нявыгадна мець у адной краіне некалькі прадстаўніцтваў канкурэнтаў.

Значныя гульцы — гэта пастаўшчыкі Depuy, Medacta, Covision, Link, Smith&Nephew і беларускі вытворца Altimed.

Пенсіянер пасля кансультацый з лекарам адмовіўся ад пратэза беларускага вытворцы і набыў пратэз швэйцарскай вытворчасці Smith&Nephew за 5254 рублі. Яшчэ блізу 150 рублёў пайшло на аплату знаходжання ў бальнічнай палаце, расходныя матэрыялы і гэтак далей — гэта грошы, якія атрымала лякарня (блізу 3,5% ад кошту пратэза.)

Сама аперацыя бясплатная — гэта значыць, яна фінансуецца з нашых з вамі падаткаў, з якіх аплачваецца праца лекараў у Беларусі: яны ў выніку атрымаюць ганарар за складаную аперацыю — усяго 60 рублёў на ўсіх, хто быў датычны, ад хірурга да анестэзіёлага (блізу 1,5% ад кошту пратэза).

Чаму быў абраны пратэз менавіта фірмы Smith&Nephew?

Працытуем тут вынікі праверкі АБЭЗ:

«Эндапратэз абраны службовымі асобамі лякарні №6, адпаведна са станам здароўя хворага, у сувязі з чым яму прапанавана набыць эндапратэз Smith&Nephew», — гаворыцца там.

Як выбіраюць фірму-пастаўшчыка пратэза? Зноў цытуем праваахоўнікаў:

«Лекары названых медыцынскіх устаноў звязваюцца з дырэктарам кампаніі «МедАрта» і пакідаюць заяўкі на патрабаваны камплект эндапратэза».

Гэта, як высветлілі журналісты — існая практыка. Паколькі пастаўшчыкоў, у прынцыпе, не шмат, выбар абмежаваны.

Напрыклад, у Берасцейскай вобласці дамінуе толькі адзін прадавец, які пастаўляе прадукцыю фірмы Link.

Сямейны бізнэс на сотні тысяч

Што ж за фірма пастаўляе пратэзы Smith&Nephew для хворых, пераважна немаладых людзей, якія звяртаюцца ў лякарню №6 Менска?

Беларуская фірма «МедОрта» зарэгістраваная на грамадзянку Беларусі Наталлю Казярог. Кампанія не вырабляе пратэзы Smith&Nephew, яна толькі пасярэдніца ў пастаўках. «МедОрта» закупляе пратэзы ў піцерскай фірмы «ОРТА», а «ОРТА» — у яшчэ адной расейскай фірмы «ДэОст». Вось такі доўгі ланцужок.

Журналісты звярнулі ўвагу на іншы цікавы факт — пецярбуржская фірма «ОРТА» з гэтага спісу належыць грамадзяніну Расеі Валерыю Казярогу, які з’яўляецца мужам Наталлі Казярог — уладальніцы беларускай «МедОрты».

Законам такія схемы не забароненыя, бо гэта не сфера дзяржаўных закупак — кліент купляе пратэз за свае, а не дзяржаўныя грошы.

Але для якіх мэтаў могуць існаваць гэтыя лішнія звёны ў ланцугу? Мы маем мяжу з Еўразвязам, дзе і выпускаюць пратэзы, няўжо нельга завезці іх у краіну без лішняга звароту да Расеі?

Можа быць, тут справа ў элементарным жаданні накруціць кошт на кожным пасярэдніка і перакласці тысячы рублёў з кішэні беларускіх пенсіянераў у сваю сямейную кішэню?

Журналісты сталі шукаць звесткі аб аналагічных пратэзах, якія закупляюцца ў расейскія лякарні, і знайшлі іх — на сайце расейскіх дзяржаўных закупак.

Якім жа было здзіўленне, калі журналісты выявілі касмічныя разбежкі ў коштах, якімі такія жа пратэзы купляюць расейцы.

Вось копія старонкі дамовы з піцерскай фірмай «ОРТА» на пастаўку беларускай фірме «МедОрта» эндапратэза, які быў усталяваны нашаму пацыенту.

Журналісты звяртаюць увагу на кошты. Ножку біялагічнай фіксацыі SL-PLUS Наталля Казярог купляе ў свайго мужа за 2000 беларускіх рублёў (61 тысяча расейскіх), чашачку за 1400 рублёў (42 тысяч расейскіх) і гэтак далей. Далей «МедОрта» налічвае нейкі адсотак (да 5%) і перапрадае гэта беларускім інвалідам.

Такім чынам, у выніку за ножку пратэза SL-PLUS пенсіянер-пракурор заплаціў 2039 рублёў, за чашачку — 1426 рублёў.

А вось, напрыклад, аналагічны пратэз, які закупляе Саратаўскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт. Закупка датуецца пачаткам 2017 года — у гэты ж час правялі аперацыю і нашаму чытачу. Ножку SL-PLUS вытворчасці Smith&Nephew расейцы купляюць за 1045 рублёў у эквіваленце (32 тысячы расейскіх) за штуку! Гэта ўдвая менш за тую суму, за якую «МедОрта» прадае тое ж самае. Стандартную чашачку двайны конус-PLUS расейскі ўніверсітэт купляе за 575 рублёў (17,6 тысячы расейскіх), а беларускі пенсіянер купляе аналагічную за 1426 рублёў (43,8 тысячы расейскіх) у эквіваленце!

Што да астатніх двух кампанентаў пратэза — укладышы і галоўкі, сітуацыя такая ж.

Дарэчы, пераможца тэндэру ў Расеі — не афіцыйны дыстрыб'ютар «ДэОст», а абсалютна іншая фірма — «МедзікалТрэйд».

Што тычыцца «ДэОста», то на сайце расейскіх дзяржзакупак маецца некалькі згадак пра тэндэры, у якіх перамагла гэтая фірма на пастаўку кампанентаў эндапратэзаў Smith&Nephew у лякарню №1 Краснадарскага краю Расеі.

Праўда, гэты кантракт быў разлічаны на канец 2015 года, але ўсё адно ён паказальны: за тую ж самую ножку SL-Plus «ДэОст» просіць у Краснадарскай лякарні 1000 беларускіх рублёў (31 тысячу расейскіх).

А вось выйграны «ДэОстам» у 2016 годзе тэндэр на пастаўку такіх жа пратэзаў у лякарню Барнаула:

Кошт ножкі SL-Plus — 882 беларускіх рублёў у эквіваленце (27,1 тысячы расейскіх рублёў).

Фактычна, беларускія пацыенты-інваліды больш чым удвая пераплачваюць за швэйцарскія пратэзы. А розніца кладзецца ў кішэню сям'і Казярогаў? Але ці толькі Казярогаў або таксама «службовых асоб, якія ажыццяўляюць выбар», дапамагаючы лякарням і іх пацыентам вызначыцца з фірмай-пастаўшчыком?

Журналісты паспрабавалі звязацца з уладальніцай фірмы «МедОрта» Наталляй Казярог, скарыстаўшыся яе адрасам у матэрыялах праверкі УБЭЗ. Але ў кватэры, указанай праваахоўнікамі, яна не пражывае ўжо 7 гадоў.

Тады журналісты звязаліся з яе мужам — Валерыем Казярогам. Ягонай першай фразай пасля пытання аб сямейным бізнэсе было «гэта ж не забаронена законам».

Зразумелых тлумачэнняў, чым выкліканая разбежка ў коштах, ён не даў, сказаўшы, што кліентам грэх скардзіцца, бо, маўляў, у Штатах ці Заходняй Еўропе аперацыя абышлася б яшчэ даражэй.

Заўвагу аб тым, што сама аперацыя для грамадзян Беларусі бясплатная, і пытанне тычыцца толькі кошту пратэза, ён праігнараваў.

Гэта, як журналісты высветлілі, толькі частка праблемы.

Як сказалі медыкі, фірма «МедОрта» цягам некаторага часу — з пачатку разглядаў пасля скаргі пацыента на лякарню — не пастаўляе свае пратэзы ў беларускія медыцынскія ўстановы.

У чым тут праблема? Тэрмін службы пратэзаў — блізу 10 гадоў. Пасля гэтага дробныя дэталі зношваюцца, патрабуецца іх замена. А прадукцыю Smith&Nephew, як журналісты пісалі раней, пастаўляла ў Беларусь толькі гэтая фірма. Таму тыя пацыенты, якім патрабуецца тэрміновая замена, сёння не могуць яе ажыццявіць. У іх ёсць выбар — або чакаць, пакуль сітуацыя нейкім чынам развяжацца, ці згаджацца на вялікую аперацыю з заменай усяго пратэза на пратэз іншага вытворцы, бо асобныя кампаненты розных вытворцаў паміж сабой несумяшчальныя.

Таму пастаўкі пратэзаў гэтай швэйцарскай фірмы ў Беларусі хтосьці павінен ажыццяўляць у кожным выпадку.

Журналісты не ведаюць, колькі пераплацілі тысячы беларускіх інвалідаў за ўвесь мінулы час. Ім удалося знайсці інфармацыю толькі аб галоўках Smith&Nephew — адной з частак пратэза (МедОрта» прадае яе беларусам за 1161 рубля, у Расеі гэтая дэталь прадаецца за 316 (!) беларускіх рублёў). Дык вось, адных толькі галовак з пачатку 2016 года ў Беларусь было пастаўлена на 72 тысячы рублёў.

А фірма працуе тут з 2008 года, таму аб аб'ёмах можна толькі здагадвацца.

Пытанне касмічнага кошту ставіцца не толькі да пратэзаў Smith&Nephew. Пратэзы іншых замежных фірмаў таксама дзіўна павялічваюцца ў кошце, як толькі перасякаюць мяжу Беларусі.

«У іншай краіне такія пратэзы каштуюць па 1000 еўраў, а я плаціў $3500»

У журналістаў ёсць яшчэ некалькі гісторый, якія дапамагаюць зразумець механізм падахвочвання інвалідаў да папаўнення кішэняў дзялкоў. Яны адшукалі яшчэ некалькі чалавек, якія стаяць або стаялі на ўліку як людзі, якія маюць патрэбу ў пратэзаванні.

Вось што распавёў адзін з пацыентаў, які паставіў сабе самы дарагі пратэз па-за чаргой.

«Мяне аперавалі ў 6-й лякарні Менска. Якую марку пратэза паставілі? Я не ведаю, шчыра кажучы, у дакументах гэтага не напісана (яму паставілі пратэз вытворчасці фірмы Medacta — гэта журналісты высветлілі, прааналізаваўшы ягоную дамову, дзе адсутнічае назва фірмы-вытворцы). Думаў, пасля трох месяцаў на агляд прыйду, і там назву дадуць, але не далі, а я яшчэ ў такім стане быў, што і не спытаў...А як я дайшоў да імпартнага? Ну мне сказалі, што ніякага выйсця няма — толькі пратэзаванне. Вельмі цяжка было...У кансультатыўным аддзеле ў лякарні мне сказалі, што чарга будзе — гады тры! Сказалі падысці да загадчыка аддзялення артапедыі, каб даведацца, ці можна платна зрабіць. Ну вядома, я пайшоў, а што рабіць. Ён мне на паперцы напісаў назвы фірмаў, я толькі ў інтэрнэце чытаў, абраў нейкі швэйцарскі. Што ўразіла — мне спачатку сказалі, што пратэз будзе каштаваць $3000, а як лёг у лякарню — ужо $3500. Ці дорага? Я ведаў, што пераплачваю, бо мой знаёмы кандыдат навук робіць такія аперацыі ў іншай краіне. Дык вось ён сказаў, што там такія пратэзы па тысячы еўраў стаяць. Але я сам — галоўны бухгалтар, я разумею, што тут бессэнсоўна спрачацца — ці пагаджаешся на існыя ўмовы, ці не. Я ж не павязу з іншай краіны пратэз — яго мне не паставяць проста, як я зразумеў», — распавёў нам суразмоўца.

Суму, якую ён аддаў за пратэз, вы можаце ўбачыць на фотакопіі дакумента.

Як жа атрымалася, што ў Беларусі пры бясплатнай медыцыне людзям даводзіцца пераплачваць удвая? Ці Міністэрства аховы здароўя ў курсе такой сітуацыі? Чаму ў асобных рэгіёнах і асобных лякарнях перамагае адзін і той жа пастаўшчык? Чаму дзяржава не спрабавала цэнтралізавана закупляць пратэзы для пацыентаў-платнікаў? І нарэшце, самае істотнае пытанне. Чаму заробкі медыкаў і ганарары за аперацыі настолькі нізкія, што лекары гатовыя зарабляць, лабіюючы пратэзы (медыкаменты, матэрыялы) тых ці іншых пастаўшчыкоў. У выніку пацыенты плацяць удвая...

Журналісты накіравалі ў прэс-службу Міністэрства аховы здароўя запыт з просьбай патлумачыць дзіўную сітуацыю на рынку эндапратэзаў.

Напісаць каментар 64

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках