27 красавiка 2024, Субота, 19:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Спрабаваў у вёсцы выклікаць хуткую, але адправілі ў свой раён»

16
«Спрабаваў у вёсцы выклікаць хуткую, але адправілі ў свой раён»

У бальніцы дзеянні дыспетчара палічылі правільнымі.

Чытач onliner.by з Нясвіжскага раёна апісаў сітуацыю, якая здарылася з ім і ягонай жонкай на мінулым тыдні. «Патэлефанавалі ў хуткую, але нам сказалі, што гэта іншы раён і трэба «лавіць» сваю вышку. У выніку хуткая ехала не з Карэлічаў, а з Нясвіжа. Мы што, у розных краінах жывем?» - задаецца пытаннем мужчына.

- Гісторыя адбылася з намі на мінулым тыдні ў ноч з чацвярга на пятніцу, 17-18 жніўня. Я быў у адпачынку, а жонка ў дэкрэце з дзіцем, - распавядае чытач.

- Мы адпачывалі ўсёй сям'ёй у вёсцы ў бабулі жонкі. У жонкі забалеў жывот у аўторак вечарам. Пабалеў то ў адным месцы, то ў іншым, раніцай у сераду прайшоў. Тое ж адбылося і ў чацвер: раніцай - нічога, вечарам забалеў, але забалеў значна мацней, у месцы, дзе знаходзіцца апендыкс. Сваёй машыны ў нас няма, дамовіліся на наступны дзень з'ездзіць са сваякамі ў бальніцу. Але дзесьці за 5 хвілін да поўначы чую стогн жонкі скрозь сон, звяртаюся да яе, а ў яе жывот баліць так, быццам яе нажом у жывот ўдарылі. Трасецца ўся ад дрыжыкаў, ванітуе, яна просіць выклікаць хуткую. І вось тут пачалося самае цікавае. Справа ў тым, што вёска наша знаходзіцца ў Нясвіжскім раёне на самай мяжы Менскай і Гарадзенскай абласцей: да Карэліцкага раёна даслоўна два кіламетры. Выклік жонцы, якая датэлефанавалася першай, злавіла вышка Гарадзенскай вобласці, і прыняла яго хуткая Карэлічаў. Жонка апісала сітуацыю, але як толькі стала называць наш адрас, у шпіталі сказалі, маўляў, вы знаходзіцеся ў іншай вобласці, мы да вас не паедзем. Выйдзіце на вуліцу і лавіце вышку вашай вобласці. Жонка кажа, што нават устаць не можа, а ёй адказваюць, што нічога рабіць не будуць.

Пакінуўшы жонку ў ложку, я вылецеў на вуліцу і стаў сам дазвоньвацца ў «103» і зноў трапіў у Карэлічы (роўна апоўначы). Я ўжо быў раз'юшаны адказам на званок жонкі, і размаўляў падвысіўшы тон. На рэпліку, што 103 - гэта адзіны тэлефон хуткай ва ўсёй краіне, мне сказалі: дазвоньвацца да сваёй вышкі. Пабегаў крыху па вуліцы, нарэшце датэлефанаваўся да «сваіх»: адказалі ў Стоўбцах. Трэба аддаць належнае «103» у Стоўбцах: зрэагавалі хутка, запісалі мой нумар тэлефона, імя і прозвішча жонкі, узрост, сказалі, што будуць тэлефанаваць у Нясвіж і выклікаць хуткую, потым нам ператэлефануюць. Час ішоў, нам ніхто не ператэлефаноўваў. Я вярнуўся прыкладна а 0:20 на тое месца, дзе злавіў сваю вышку, але трапіў зноў у Карэлічы. Тыя, робячы ласку, запісалі ўсе, што трэба, сказалі, што будуць самі дазвоньвацца да Нясвіжа. Увесь гэты час я быў на вуліцы і не ведаў, што адбываецца з жонкай. Дзесьці а 0:32 я датэлефанаваўся да Нясвіжа, тыя сказалі, што машына ўжо ў дарозе, ім датэлефанаваліся са Стоўбцаў, за што ім вялікі дзякуй. Хуткая прыехала а 0:40, у гадзіну ночы жонку забралі ў Нясвіжскую лякарню з падазрэннем на востры апендыцыт. За 10 кіламетраў ад нашай вёскі знаходзіцца ўсім вядомы гарадок Мір (гэта ўжо Карэліцкі раён Гарадзенскай вобласці), пры мясцовай гарадской бальніцы пастаянна дзяжураць некалькі хуткіх. Чаму ў выніку хуткую да нас адправілі за 25 кіламетраў, але са свайго раёна? Мы што, у розных дзяржавах жывём або «103» не можа паміж сабой разабрацца?

У Карэліцкай цэнтральнай раённай бальніцы кажуць, што званок са скаргамі на болі ў жываце ў ноч з 17 на 18 жніўня сапраўды паступаў. Але дыспетчар зрабіў усё правільна.

- Я праслухала аўдыёзапіс размовы, - кажа намесніца галоўнага лекара медыцынскай экспертызы і рэабілітацыі Карэліцкай ЦРБ Данута Скворада. - Наша дыспетчарка кажа: «Не хвалюйцеся, я цяпер паспрабую датэлефанавацца да Стоўбцаў» - гэта выразна чуваць. У выніку Нясвіж атрымаў адразу два апавяшчэнні: з Карэлічаў і са Стоўбцаў. Мы не маем права абслугоўваць выклікі з іншай вобласці і таму робім менавіта так: калі вышка «злавіла» званок з іншай вобласці, самі пераадрасуем яго. Вядома, бываюць такія выпадкі, калі нашы машыны выязджаюць і на выклікі на мяжы абласцей - напрыклад, на ДТЗ. Усе выдатна разумеюць, што калі ў чалавека так баліць жывот, што ён тэлефануе ў хуткую, то справа, хутчэй за ўсё, сур'ёзная. У гэтым выпадку наш дыспетчар зрабіў усё правільна. Думаю, проста сыграла сваю ролю стрэсавая сітуацыя.

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках