28 красавiка 2024, Нядзеля, 5:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Прыватны аўтасэрвіс тры месяцы не можа знайсці спецыялістаў на працу з нядрэнны заробкам

36
Прыватны аўтасэрвіс тры месяцы не можа знайсці спецыялістаў на працу з нядрэнны заробкам

Добры заробак, «сацыяльны пакет» і арэнднае жыллё не прыцягваюць беспрацоўных беларусаў.

Так пракаментавалі відэа пра беспрацоўе на старонцы «Радыё Свабода» ў сацыяльнай сетцы Фэйсбук уладальнікі аўтасэрвісу, муж і жонка — Сяргей Дзягілеў і Яўгенія Дзятлава. Бізнэсоўцы пагадзіліся спаткацца з журналістам, каб «на месцы» прадэманстраваць праблему з вакансіямі.

Вуліца Бабушкіна ў Калядзічах — як Зыбіцкая ў Менску

Яўгенія Дзятлава сустракае на вуліцы Бабушкіна ў прамысловай зоне «Калядзічы». Шумны паток грузавікоў тут бясконцы:

«Вуліца Бабушкіна ў Калядзічах для грузавікоў — як Зыбіцкая для багемы ў Менску», — смяецца Яўгенія.

«Ільвіная колькасць станцый аўтасэрвісу знаходзіцца менавіта на гэтай вуліцы. Яе ведаюць усе аўтаўладальнікі — асабліва грузавога транспарту».

Праходзім праз агромністыя ангары, дзе над рамонтнымі ямінамі стаяць некалькі гэткіх жа агромністых турыстычных аўтобусаў. У двары яшчэ некалькі аўтобусаў чакаюць сваёй чаргі. Тут сустракае Сяргей Дзягілеў — у працоўным сінім камбінезоне, шчодра перамазаным мазутам. «Вось дырэктар нашай кампаніі, ён жа слесар — усё ў адной асобе», — прадстаўляе свайго мужа Яўгенія Дзятлава.

Працую дырэктарам, бухгалтарам, юрыстам, прыбіральшчыцай, кухарам і псіхолагам

Сяргей і Яўгенія кажуць, што ўтрох — разам з кампаньёнам — яны заснавальнікі і кіраўнікі станцыі аўтасэрвісу аўтобусаў замежнай вытворчасці. На гэтым рынку больш за дваццаць гадоў.

Маюць добрую рэпутацыю, «кліентурную сетку» і... дэфіцыт працаўнікоў:

«Я ўвогуле працую юрыстам, а на практыцы — і дырэктарам, і бухгалтарам, і юрыстам, і прыбіральшчыцай, і кухарам, і псыхіятрам. Вядома, гэта эканомія, але галоўнае — цяжка знайсці людзей, якія будуць ставіцца да справы гэтак жа, як і ты сам», — эмацыйна задае тон размове Яўгенія.

«Вось сёння прыбіральшчыца зноў не выйшла — «забухала», пэўна. Ну што — узяла анучу і сама папрыбірала, — кажа Яўгенія. — Бо я не магу спакойна глядзець, калі нешта недаробленае або зроблена дрэнна».

Зарабіў 1200–1400 рублёў — і больш не трэба

«Слесары грузавога транспарту — гэта фактычна эліта ў аўтасэрвісе. Яны гэта ведаюць і таму не трымаюцца за працу, бо могуць спакойна пераходзіць з адной фірмы ў іншую», — працягвае Яўгенія. «Рамонт вось гэтага аўтобуса будзе каштаваць 1400 рублёў. 30% ад гэтай сумы атрымлівае працаўнік.

Яны падлічваюць, да прыкладу, напрыканцы месяца: «Ага, зароблена ўжо 1200–1400 рублёў» — і... не выходзяць на працу. Ты дзе быў? — пытаюся. Ат, кажуць, мне больш не трэба, я лепш з сям’ёй пабуду. І звольніць я іх не магу — ямы рамонтныя будуць пуставаць, а гэта грошай каштуе. І кліенту ты двойчы адмовіш — ён больш да цябе ніколі ў жыцці не прыедзе. І ты страціш кліента — усё».

За паўтара месяца пошуку працаўнікоў — не адгукнуўся ніводны

Тым часам рамонт працягваецца: на некалькіх рамонтных ямінах — па аўтобусу, на кожным аўтобусе — па два слесары. Працаўнікі перамазаныя мазутам з галавы да ног, сціпла ўсміхаюцца і мала размаўляюць.

Адзін з працоўных, Вячаслаў, не адмовіўся папазіраваць перад камерай: на працу не паскардзіўся, але «сакрэтаў фірмы» наконт заробку таксама не выдаў. Толькі заўважыў, што «можна было б і лепш».

Тым часам дырэктар Сяргей Дзягілеў расказвае пра выгоды працы ў іхнім прыватным бізнэсе:

«Спэцадзенне, душавыя, інтэрнат для іншагародніх. Але за паўтара месяца абвестак — ніводнага тэлефанавання. Адзін слесар прыйшоў, два тыдні адпрацаваў — і вось ужо трэці дзень яго няма і на тэлефанаванні не адказвае».

Свайго мужа і кампаньёна ў бізнэсе падтрымлівае і Яўгенія Дзятлава:

«Запрашаем: прыяжджайце брыгадамі, мы ноймем вам кватэру, заплацім камунальныя — нам гэта выгадна. Бо як вы будзеце добра працаваць, добра зарабляць, то і мы будзем мець грошы і развіваць свой бізнэс.

Я нават у адно ПТВ звярнулася — не буду яго называць — і прашу: дайце мне выпускніка, які не тое што ўмеў бы — хацеў бы навучыцца працаваць і зарабляць адпаведна. А мне адказалі: сёлета ніводнага такога не дамо. Хіба мо на наступны год...»

Напісаць каментар 36

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках