27 красавiка 2024, Субота, 6:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Маскве затрымалі лідара «Хрысціянскай дзяржавы - Святой Русі»

16
У Маскве затрымалі лідара «Хрысціянскай дзяржавы - Святой Русі»
АЛЯКСАНДР КАЛІНІН

Аляксандр Калінін заклікаў спальваць кінатэатры з «Мацільдай».

Супрацоўнікі ФСБ і супрацоўнікі дэпартамента процідзеяння экстрэмізму МУС затрымалі лідара арганізацыі «Хрысціянская дзяржава - Святая Русь» Аляксандра Калініна. Пра гэта распавяла крыніца РБК у ГУ МУС Масквы.

«Прычынай для затрымання сталі публічныя заклікі Калініна да ўчынення супрацьпраўных дзеянняў, напрыклад, Калінін заклікаў падпальваць кінатэатры, дзе заяўлены да прагляду фільм Аляксея Учыцеля «Мацільда», распавёў суразмоўца РБК.

Праводзяцца аператыўныя следчыя мерапрыемствы, уключаючы ператрус, падчас якога ўжо канфіскавалі кампутар Калініна, а таксама электронныя і аналагавыя носьбіты інфармацыі.

Крыніца агенцтва «Інтэрфакс» у праваахоўных органах паведаміла, што некалькі чалавек, у тым ліку лідар «Хрысціянскай дзяржавы», былі дастаўленыя ў паліцыю ў рамках расследавання крымінальнай справы аб падпале аўтамабіляў, прыпаркаваных ля офіса адваката Аляксея Учыцеля Канстанціна Дабрыніна. Суразмоўца агенцтва ўдакладніў, што адзін чалавек быў затрыманы ў Маскве, а яшчэ двое - у Ліпецкай вобласці.

Акрамя таго, у рамках справы апытваецца Калінін. «Ягоны працэсуальны статус пакуль не вызначаны», - заявіў суразмоўца «Інтэрфакса».

Пазней МУС Расеі пацвердзіла агенцтву ТАСС факт затрымання траіх падазраваных у падпале аўто ля бюро адваката Дабрыніна.

Раней Калінін даў інтэрв'ю выданню Meduza, у якім заявіў, што да яго звяртаюцца расейцы, якія выступаюць супраць фільма рэжысёра Аляксея Учыцеля «Мацільда». З ягоных слоў, гэтыя людзі «могуць пайсці на самыя крайнія захады»: яны гатовыя паліць усё, што «спрыяе гэтаму блюзнерству». «І будуць казаць не пра забойства - а пра пазбаўленне жыцця за веру», - падкрэсліў Калінін.

Акрамя таго, Калінін папярэджваў, што «сітуацыя можа абвастрыцца», бо незадаволеныя «вар'яцтвам бязбожным» могуць «узброіцца прыкладамі святых», у тым ліку прыкладамі святых-ваяроў. «Хтосьці ўзбройваецца малітоўнымі прыкладамі Серафіма Сароўскага, іншыя - прыкладам ваяроў. Яны думаюць, што могуць Учыцеля пасадзіць на кол», - сказаў кіраўнік «Хрысціянскай дзяржавы».

Адвакат Аляксея Учыцеля Канстанцін Дабрынін распавёў РБК, што пасля гэтага інтэрв'ю накіраваў кіраўніку ФСБ Аляксандру Бортнікаву ліст, у якім паказаў, што ў апублікаваным тэксце ўтрымліваюцца выказванні, якія апраўдваюць ужыванне гвалту і знішчэнне маёмасці для дасягнення мэты, «якую гэтая асоба і чальцы ягонай злачыннай супольнасці ўважаюць за адзіна дакладную - забарона мастацкага фільма «Мацільда», - гаворыцца ў лісце Дабрыніна.

Пасля публікацыі інтэрв'ю Калінін у размове з РБК заявіў, што Meduza «пераблытала» ягоныя словы.

Пазней выданне апублікавала аўдыёзапіс размовы з Калініным.

«Калі ФСБ запытае [запіс] інтэрв'ю, яны зразумеюць, што «Меduza» ўсё пераблытала. Я прыводзіў прыклад, што пры Іване Жахлівым такім людзям 300 гадоў таму паламалі б ногі і, можа быць, на кол пасадзілі. А яны зрабілі інтэрв'ю, што я б яго на кол пасадзіў», - сказаў Калінін.

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках