11 траўня 2024, Субота, 2:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка сябе вычарпаў

76
Лукашэнка сябе вычарпаў

Але ў Гаазе зарэзерваванае месца для дваіх.

Адмова Пуціна даслаць свайго міністра Шайгу на палігон «Барысаўскі» для супольнага з Лукашэнкам назірання за вучэннямі «Захад-2017» так і засталася без тлумачэнняў з боку беларускага дыктатара.

Затое Лукашэнка прапанаваў даволі эпатажнае тлумачэнне сваёй адсутнасці 16 верасня на палігоне «Лужскі» пад Пецярбургам. «А калі набой у адно месца - што, дваіх (Лукашэнкі і Пуціна - рэд.) адразу не стане? Мы дамовіліся, што прэзідэнт Расеі пракантралюе і будзе назіраць за вучэннямі на поўначы, а я ўжо тут», - сказаў дыктатар.

Пракаментаваць гэтыя словы і астатні сімвалізм апошняга дня вучэнняў «Захад-2017» сайт Charter97.org папрасіў рэжысёра-дакументаліста і грамадскую актывістку Вольгу Нікалайчык.

- Рэжысёр - гэта яшчэ і трохі псіхолаг. Чалавек рэдка робіць выпадковыя заявы. На вашу думку, што можа стаяць за апошнім выказваннем Лукашэнкі?

- Пачну з таго, што не ўпэўненая, што Пуціну спадабалася гэтая думка: быць пахаваным з Лукашэнкам у адной варонцы. Для яго гэтыя манеўры - частка вялікай вайны, дзе Лукашэнка адведзеная куды менш значная роля. Кіраўнік Расеі поўны сваіх, хай і антычалавечых, планаў.

А Лукашэнка дае сігнал аб тым, што ён сябе вычарпаў. Для яго гэтыя вучэнні - адначасова і страшны, і хвалюючы, а таму вельмі важны момант. З аднаго боку, ён баіцца, што Пуцін цалкам пазбавіць яго самастойнасці, пакінуўшы ў Беларусі частку сваіх войскаў. З іншага боку - баіцца недастаткова паказаць вернасць свайму гаспадару з Крамля. А з трэцяга боку - баіцца Гаагі і краін Захаду, якія могуць яго туды адправіць. І нарэшце - баіцца беларускага народа, які паказаў яму сваю сілу на вясновых акцыях пратэсту сёлета.

Вось такая бязвыхадная сітуацыя - хоць сам добраахвотна пад набоі кладзіся. Пра што, уласна, Лукашэнка і сказаў.

Дыктатар прадэманстраваў нам свае фобіі, якіх у яго выявіўся цэлы клубок, сваё ўнутранае балота, дзе ён сядзіць на купіне, як жабіны цар, і з трывогай азіраецца па баках.

За ўсе 23 гады ягонага кіравання з ім зжыўся гэты ўдушлівы, ліпкі страх. І вось ён выказаў апошнюю надзею - хоць бы памерці разам са сваім сюзерэнам, хоць б не пайсці асобна ад яго пад трыбунал у Гаагу. Але, дарагія мае, асобна не атрымаецца - месца ў Гаазе зарэзерваванае для абодвух. Сесці на лаву давядзецца разам, і я шчыра ім зычу да гэтага часу дажыць.

- Акрамя псіхалогіі ў працы рэжысёра важнае месца адыгрывае сімвалізм. У тым ліку і сімвалізм рэчаў. Як вам такі сімвал - міністр абароны Андрэй Раўкоў падараваў Лукашэнку пад Барысавам зараджаны пісталет...

- Дыктатар, як неразумнае дзіця - пісталет мець яму вельмі хочацца, а таго, што ён стрэліць, баіцца. А ён «стрэліць», будзьце спакойныя. «Выстраляць» усе наступствы ягонай безадказнай, крыклівай палітыкі.

Лукашэнка думае, што ён пагуляе «ў вайнушку» і ўсё абыдзецца. А ягонае асяроддзе, ягоныя генералы падсвядома як бы кажуць яму: наламаў ты, бацька, дроў. Ідзі цяпер адстрэльвацца, калі атрымаецца. А апошнюю кулю, як заведзена - пакінь сабе.

Доля атрымліваецца незайздросная: нават генералы хочуць зняць з сябе адказнасць за справы дыктатара. Не гадзіннікі дораць за 50 тысяч даляраў: «На, Саша, табе пісталет, наклікаў вайну супраць уласнага народа - сам і расхлёбвай».

А Саша і вядзецца. Ён любіць паказаць на людзях сваю «ваяўнічасць». Напраўду - гэта псеўдамужнасць і танная гульня эпатажнага калгасніка. Сапраўдныя мужчыны збіраюцца на вайну моўчкі без красавання пісталецікамі: яны ідуць абараніць сваю Радзіму і імкнуцца запомніць дарагіх ім людзей, каханую жанчыну, сваіх дзяцей. На «панты» з пісталецікамі ў мужчын няма часу.

А такія, як Лукашэнка, здольныя страляць толькі ў спіну. Хай пакуль пагуляе з пісталецікам - народ неўзабаве адаб'е ў яго ахвоту. Бо краіна даведзеная да жахлівага эканамічнага крызісу і людзі доўга трываць не стануць.

Напісаць каментар 76

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках