27 красавiка 2024, Субота, 3:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Вайсковы экспэрт: Пуцін пакінуў частку сваіх войскаў у Беларусі

27
Вайсковы экспэрт: Пуцін пакінуў частку сваіх войскаў у Беларусі

Прасачыць за вывадам расейскіх частак пасля «Захаду-2017» практычна немагчыма.

Супольныя расейска-беларускія вучэнні «Захад-2017» закончыліся, здавалася б, без бачных наступстваў. Нападу на Украіну з поўначы, на краіны Балтыі ці Усходняй Еўропы, пра якія папярэджвалі перад пачаткам манеўраў, не адбылося. Вайсковы экспэрт Алег Жданаў распавёў «Апострофу», чаго ж дамагаўся Крэмль гэтымі вучэннямі і ці змагла Расея дасягнуць сваёй мэты:

- У першы ж дзень вучэнняў стала зразумела, што ніякіх правакацый не будзе. І, у прынцыпе, стала зразумелая мэта гэтых вучэнняў. Чаму? Каб паглядзець на гэтыя вучэнні, заяўкі падала рэкордная колькасць замежных назіральнікаў - 270 прэтэндэнтаў. Задаволена было толькі 80 заявак. Я так разумею, Расейская Федэрацыя ў спісе адабрала найбольш цікавыя для яе краіны для акрэдытацыі - і гэтыя заяўкі задаволілі.

Адразу ж стала зразумела, што гэта будзе ўзорна-паказальны выступ узброеных сіл Расейскай Федэрацыі з мэтай дэманстрацыі сваіх магчымасцяў у вядзенні гібрыднай вайны. Фактычна яны вельмі прыгожа адыгралі на публіку сцэнар акупацыі і анэксіі Крыма. Не ведаю, наколькі гэта будзе цяпер рэалізавана, бо фактычна адыгрывалі на ўсёй тэрыторыі Беларусі. Думаю, што, хутчэй за ўсё, аншлюс адбудзецца, што б прэзідэнт Лукашэнка ні казаў і як бы ні супраціўляўся. Думаю, што [расейскія] войскі застануцца. Пракантраляваць іх вывад будзе фактычна немагчыма. Хоць увайшла ўсяго адна дывізія - 12 тысяч 700 чалавек, але яны размеркаваныя па ўсіх сямі палігонах Беларусі. Прасачыць за іх перасоўваннем і вывадам будзе практычна нерэальна. Ну, вельмі цяжка. І яны застануцца. Пытанне толькі ў тым, наколькі сцэнар, які адыгрывалі на палігонах, будзе рэалістычны - каб адыграць яго ў рэальным жыцці.

Важнае само стаўленне Уладзіміра Пуціна - ён не прыбыў у Менск і не запрасіў беларускі бок на паказальную частку вучэнняў. Генеральны штаб РФ нават не ўзгадняў пытанні адпрацоўкі баявых дзеянняў на вучэннях з Генштабам Беларусі: яны змянілі парадак праходжання вучэнняў, не папярэдзіўшы аб гэтым беларускі бок.

Гэта сведчыць пра тое, што галоўная задача палягала ў тым, каб напалохаць увесь свет, паказаць здольнасць узброеных сіл Расеі ў плане правядзення гібрыдных аперацый - вось «зялёныя чалавечкі», сепаратысты, высадка дэсанту, лакалізацыя і г.д. Гэта сцэнар Крыма. Яны проста паказалі ўсяму свету, як яны яго рэалізоўвалі.

Мэта вучэнняў, я мяркую, дасягнутая напоўніцу. Чаму? Ва Усходняй Еўропе паніка. Заходняя Еўропа злуецца, больш за ўсіх - Нямеччына, бо гэта - канфрантацыя, а ім трэба дамаўляцца аб тых жа пастаўках энэрганосьбітаў. А Расея паводзіць сябе агрэсіўна, і Еўропа не можа знайсці пунктаў судотыку для дыялогу з Крамлём. Злучаныя Штаты назіраюць з боку з ухмылкай, бо яны ведаюць рэальную сітуацыю і разумеюць, што такое ўзброеныя сілы Расеі - іх баяздольнасць, іх баявы патэнцыял, іх баявыя магчымасці.

Колькасць аварый і здарэнняў на вучэннях як раз кажа аб узроўні «прафесіяналізму» ўзброеных сілаў Расеі. Аварыя ТУ-22М3 у Калужскай вобласці, вучэбна-баявога самалёта Як-130, стрэл па стаянцы аўтамабіляў з баявога верталёта - усё гэта паказвае на тое, што гэтым войскам яшчэ трэба вучыцца і вучыцца. Як гаварылася, расейская ракета можа паляцець - але куды яна паляціць? Вось гэта галоўнае пытанне. Таму я і кажу, што ЗША стаяць у баку, назіраюць і хаваюць ухмылку, бо яны разумеюць рэальны стан узброеных сіл Расеі.

І, у прынцыпе, Злучаныя Штаты атрымліваюць найбольш дывідэндаў ад такога паказальнага выступу Расейскай Федэрацыі. Яны палохаюць Еўропу: глядзіце, якая страшная Расея! Хочаце бяспекі - калі ласка, ёсць NATO, сістэма калектыўнай бяспекі. Але за бяспеку, як сказаў Дональд Трамп, трэба - што? - плаціць. І на апошнім саміце [альянсу] як раз уздымалася пытанне павелічэння вайсковых выдаткаў усіх краін-чальцоў NATO.

І да вашага ведама - у дачыненні да нас правакацый не было ніякіх. Галоўная мэта была - запалохаць менавіта NATO, Еўропу. Маўляў, з Расеяй трэба сябраваць, Расею трэба любіць, Расею трэба баяцца і паважаць. У іх павага пабудаваная на аснове страху. Моцнага баяцца - таму паважаюць. Вось галоўная мэта вучэнняў. Мяркую, што яна дасягнутая.

Напісаць каментар 27

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках