7 траўня 2024, aўторак, 16:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дзе грошы?

48
Дзе грошы?
ВЫЯВА: CARTOONBANK.RU

Беднасць у Беларусі павялічваецца ў маштабах.

Абсалютная беднасць у Беларусі за апошнія два гады павялічылася ўдвая і закранула 29% насельніцтва. Абсалютна беднымі з'яўляюцца 40% вяскоўцаў і 25% гараджан.

Такія вынікі былі атрыманы падчас даследавання «Дэтэрмінанты беднасці ў перыяд эканамічнага росту і яго адсутнасці. Ацэнка дынамікі беднасці ў Беларусі ў 2009-2016 гады», праведзенага BEROC.

Як піша ў газеце «Белорусы и рынок» навуковы супрацоўнік Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтра (BEROC) Алег Мазоль, ад звестак Белстата гэтыя вынікі адрозніваюцца таму, што ў рамках даследавання была праведзеная дадатковая ацэнка колькасці насельніцтва Беларусі, якое жыве за рысай беднасці.

У адрозненне ад афіцыйнага падыходу, заснаванага на супастаўленні даходаў (сярэднедушавых наяўных рэсурсаў) і бюджэту пражытковага мінімуму, у даследаванні BEROC узровень беднасці ацэньваўся зыходзячы з паказчыкаў спажывецкіх выдаткаў хатніх гаспадарак на задавальненне асноўных патрэб. Такім чынам былі разлічаныя харчовая і абсалютная рыса беднасці. Пры гэтым выкарыстоўваліся афіцыйныя звесткі выбарачных абследаванняў хатніх гаспадарак на ўзровень жыцця, праведзеных Белстатам у 2009-2016 гады.

Нагадаем, паводле звестак Белстата, у нашай краіне за рысай абсалютнай беднасці жывуць 5,7% насельніцтва. Гэта не самы высокі паказчык у рэгіёне. Напрыклад, у 2016 годзе ў Літве дзель насельніцтва, якая жыве за рысай беднасці, паводле афіцыйных звестак, склала 22%, а паводле інфармацыі агенцтва Еўрастат — 29%. Паводле афіцыйных звестак, узровень абсалютнай беднасці ў Расеі складае 13%. Цікава, што, паводле звестак Сусветнага банка, ВУП на душу насельніцтва ў Літве складае 14 879 даляраў, у Расеі — 8 748, а ў Беларусі — толькі 4 989 даляраў.

Даследаванне было праведзена для больш дакладнага вызначэння ўзроўню беднасці, а таксама для выяўлення груп рызыкі. Мяркуючы з яго вынікаў, на ўзровень дабрабыту беларусаў уплываюць такія чыннікі, як колькасць сямейнікаў ў хатняй гаспадарцы і іх працоўнай статус, колькасць малалетніх дзяцей, статус самотнай маці. Менавіта гэтым фактарам неабходна надаваць дадатковую ўвагу ў сацыяльнай палітыцы дзяржавы. Мае сэнс павялічыць адрасную сацыяльную падтрымку выяўленым групам рызыкі.

Акрамя таго, у карэктаванні мае патрэбу рэгіянальная палітыка дзяржавы. Неабходна прыняць дадатковыя захады сацыяльнай абароны насельніцтва ў сельскай мясцовасці, а таксама ў Берасцейскай, Гомельскай і Магілёўскай абласцях. Там, паводле вынікаў даследавання, рызыка беднасці хатніх гаспадарак больш высокая.

У якасці першачарговага захадаў можна павялічыць суму дапамогі з прычыны беспрацоўя. На вёсцы рэкамендуецца больш актыўна развіваць прадпрымальніцтва, у першую чаргу ствараць умовы для фармавання сямейнага бізнэсу, каб вяскоўцы не арыентаваліся толькі на наёмную працу ў СВК і на пакінутых дзяржпрадпрыемствах і мелі магчымасці забяспечыць сябе.

Аднак гэтых захадаў будзе недастаткова. Поўнамаштабныя рэформы неабходна праводзіць у многіх галінах беларускай эканомікі. Праўда, нават у выпадку паспяховай рэалізацыі гэтых рэформаў эфект можна будзе адчуць не раней чым у сярэднетэрміновай перспектыве.

Напісаць каментар 48

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках