27 красавiка 2024, Субота, 6:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Хто палюе на грошы беларускіх пенсіянераў

11
Хто палюе на грошы беларускіх пенсіянераў
Фото: tut.by

Ашуканцы выкарыстоўваюць не толькі псіхалагічныя хітрыкі, але і прыкрываюцца арганізацыямі, што выклікаюць давер.

Паслугі каштуюць грошай, аказалі - плаці, з гэтым не паспрачаешся. Гэтак жа бясспрэчна заслугоўвае пакарання махлярства. Але паміж сумленнымі паслугамі і відавочным крадзяжом шэрая зона, у якой нядобрасумленныя ўмельцы палююць на грошы даверлівых грамадзян, піша bvn.by.

Не спяшайцеся казаць «так»

Гэта можа пачацца бяскрыўдна, з тэлефоннага званка: «Гэта гэткі грамадзянін, які пражывае па адрасе?» Пачуўшы дакладныя звесткі пра сябе, так і падмывае сказаць «так». А далей могуць быць іншыя пытанні, на якія таксама хочацца адказаць станоўча, у залежнасці ад сітуацыі: ці ёсць у доме электрычнасць, ці жадаеце піць чыстую ваду і ці любіце Бога. Гэта могуць спытаць не толькі праз тэлефон, але і калі адкрываеце ўваходныя дзверы незнаёмцу або нават на вуліцы. А пасля некалькіх «так» так цяжка адмовіць!

Калі гаварыць на мове нейралінгвістычнага кіравання, чалавека ўводзяць у так званы стан «рапорта», калі мімаволі ўзнікае адчуванне даверу і ўзаемнасці. Іншымі словамі, гэта называецца агрэсіўным маркетынгам, а можа прымаць і форму махлярства. У апошнім выпадку выкарыстоўваюцца не толькі псіхалагічныя хітрыкі, але і прыкрыццё арганізацыямі, якія выклікаюць безумоўны давер. І скончыцца гэта можа подпісам пад дамовай, якая загоніць у фінансавую кабалу.

Празмерна дарагія разеткі

81-гадовай пенсіянерцы патэлефанавалі ў дзверы. Як яна пазней распавяла, асобы прадставіліся спецыялістамі, якія павінны праверыць разеткі. Электрасеткам у кватэры было гадоў трыццаць, яны ўстаноўлены з часоў будаўніцтва дома. Агляд завяршыўся заменай двух разетак, аднаго выключальніка і дамовай на аплату паслуг на суму 272 рублі.

Да дамовы прыкладаўся акт выкананых работ і распіска: маўляў, з расцэнкамі азнаёмлены і згодны, раіцца са сваякамі не трэба, майстры не прадстаўляліся сацыяльнымі работнікамі, супрацоўнікамі ЖЭС або «энэргетыкамі».

Цяпер паведамім, што гэты выпадак адбыўся ў суседнім абласным горадзе, а ў канцы снежня 2017 г. кіраўнік фірмы, якая абнаўляла разеткі пенсіянерам, узяты пад варту. У дачыненні да яго распачатая крымінальная справа паводле артыкула «Махлярства». Як высветлілася, фірма з'явілася параўнальна нядаўна, але паспела «ашчаслівіць» нямала пенсіянераў. Дарагія паслугі навязвалі не заможным грамадзянам, а сталым людзям, якія бянтэжыліся ад слоўнага напору.

Папярэджанне спецыяліста

Гэтыя выпадкі адбыліся ў Горадні, - берасцейцам варта ведаць пра гэта, каб не трапляцца на вуду махляроў. Пажылыя людзі прывыклі, што дзе электрычнасць, там дзяржава, і схільныя давяраць тым, хто строгім голасам пачынае гаварыць пра разеткі і лічыльнікі. У «Белэнэрга» ведаюць пра гэта і заклікаюць быць пільнымі. Вось што паведаміў спецыяліст «Брэстэнерга» Уладзімір Гарынькін: «У Берасце летась быў выпадак, калі прыкрываліся аўтарытэтам афіцыйных структур. Каб не стаць ахвярамі падману, людзям варта ведаць, што сапраўдныя работнікі энэргазбытавых арганізацый не прапаноўваюць падпісаць дамову аб аказанні паслуг «на месцы».

Як жа адрозніць сапраўдных спецыялістаў ад ашуканцаў? Супрацоўнікі філіялаў «Энэрганагляд» і «Энергазбыт» пры наведванні спажыўцоў электраэнэргіі павінны мець пры сабе пасведчанне, і ў ім указваюцца яго нумар, прозвішча, імя і імя па бацьку супрацоўніка, назва структурнага падраздзялення, у якім ён працуе, яго пасада, тэрмін дзеяння дакумента і фатаграфія. Пасведчанне ў абавязковым парадку пацвярджаецца пячаткай і подпісам кіраўніка аднаго з названых філіялаў.

Супрацоўнікі «Энэргазбыту» не выконваюць ніякіх дадатковых работ, акрамя кантрольнага зняцця паказанняў электралічыльніка, а таксама планавай або паводле папярэдняй дамоўленасці з абанентам замены прыбораў уліку электраэнэргіі.

Інспектары «Энэрганагляду» таксама не выконваюць дадатковыя працы і не прапаноўваюць заключаць якія-небудзь дамовы. У іх абавязкі ўваходзіць толькі агляд тэхнічнага стану электраўстановак і праводкі ў рамках правядзення мерапрыемстваў, накіраваных на прадухіленне паражэння чалавека токам альбо ўзнікнення пажару. Паводле вынікаў агляду складаецца акт у двух экзэмплярах, адзін з якіх дастаецца спажыўцу. Аплата за гэта не прадугледжаная.

Разнастайнасць махлярства

Ёсць і іншыя выпадкі, калі пранікаюць у дом да пенсіянераў і на розных падставах завалодваюць іх асабістымі сродкамі. Напрыклад, у Салігорскім раёне затрыманая групоўка, што прадстаўлялася сацыяльнымі работнікамі. Іншы варыянт: спачатку ўваходзяць у давер, а потым навязваюць куплю тавараў завышанымі коштамі. Або слоўным прэсінгам навязваюць замену вокнаў у крэдыт. Таксама мае месца тэлефоннае махлярства, калі пераконваюць пажылых людзей, што блізка знаёмыя з дзецьмі пенсіянераў, якім вельмі патрэбныя грошы: маўляў, яны могуць іх перадаць, вось характэрны сюжэт. Маці патэлефанавалі ў адсутнасць сына і паведамілі, што на яго віну падчас ДТЗ пацярпеў пешаход, таму тэрмінова патрэбныя грошы, каб справа не дайшла да суда. Неўзабаве пасля згоды перадаць грошы ўжо тэлефанаваў «кур’ер», каб іх атрымаць... Серыя такіх махлярстваў зарэгістраваная ў розных гарадах краіны.

І ва ўсіх выпадках на пацярпелых абвальваюць паток слоў. Міжволі задумаешся, што чалавечая гаворка - гэта не толькі сродак зносін, але і нібы адмычка ў руках злодзея.

Даходзіць і да суда

Аднак трапіць у слабае становішча чалавек можа не толькі з разеткамі. Вось што распавёў кіраўнік абласнога грамадскага аб'яднання «Абарона правоў спажыўцоў» Уладзімір Лявоненка: «Быў выпадак, калі замянілі ахоўную прыладу на аналагічную, але з горшымі характарыстыкамі. Спецыялісты «Энэрганагляду» правялі экспертызу і паведамілі, што патрэбы ў замене не было. З нашай дапамогай дамова скасаваная, грошы вярнулі». Але, паводле яго слоў, тая фірма, якая ў Берасці займалася разеткамі і лічыльнікамі, змяніла профіль і цяпер абслугоўвае вокны. Для нагляднасці прывядзём прыклад: «складаная рэгуліроўка аконных створак» - пяць вокнаў па 49 рублёў, «замена паваротных ручак» - пяць штук па 19,50, «сэрвіс пяць гадоў» - 200 рублёў. Усяго з дэкаратыўнымі заглушкамі і дадатковымі фіксатарамі выставілі рахунак на 578 рублёў. І калі дамова падпісаная - знайсці падставу для скасавання, калі ўсвядоміў, на колькі «патрапіў», не так проста.

Вось што параіў Леаненка: «У выпадку так званых «халодных званкоў», калі праз тэлефон дамаўляюцца пра прыход спецыялістаў і прызначаюць сустрэчу, адразу трэба разабрацца, з кім вы маеце справу. Зразумець, якія тавары і паслугі вам прапаноўваюць».

На жаль, з ягоных словах, ахвярамі агрэсіўнага маркетынгу становяцца слаба абароненыя людзі, якія не валодаюць прававымі ведамі і досведам, як супрацьстаяць дасканаламу слоўнаму напору.

Вядома, далёка не ўсіх грамадзян можна было падмануць - чытаў, што толькі аднаго з дваццаці. Так што большасці сутыкненне з ашуканцамі не пагражае. Але калі ў вашым асяроддзі ёсць залішне даверлівыя людзі, падзяліцеся з імі гэтым артыкулам.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках