27 красавiка 2024, Субота, 0:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Нямеччыну заклікалі не паляпшаць турэцкія танкі пасля наступу на курдаў

Нямеччыну заклікалі не паляпшаць турэцкія танкі пасля наступу на курдаў
Фота: AFP/Getty Images

Аперацыя «Аліўкавая галіна» - незаконная і контрпрадуктыўная.

Група нямецкіх палітыкаў заклікала ўлады Нямеччыны спыніць экспарт узбраення ў Турцыю пасля паведамленняў аб тым, што нямецкія танкі «Леапард» былі выкарыстаныя ў наступе на пазіцыі курдскіх атрадаў народнай самаабароны, паведамляе bbc.com.

Раней у прэсе з'явілася інфармацыя аб тым, што Бэрлін мае намер ухваліць запыт на мадэрнізацыю танкаў «Леапард 2», накіраваных Турцыяй іх вытворцу - нямецкай кампаніі Rheinmetall. Падчас мадэрнізацыі Анкара спадзяецца падвысіць іх жывучасць пры наездзе на супрацьтанкавыя міны.

Нямецкі часопіс Focus цытаваў словы міністра замежных спраў Нямеччыны Зігмара Габрыэля, які заявіў, што краіна вывучае такую магчымасць. Ён дадаў, што танкі выкарыстоўваюцца для барацьбы з тэрарызмам, а ад наездаў на міны гінуць турэцкія вайскоўцы.

Нямецкія ўлады мяркуюць, што танкі выкарыстоўваюцца Анкарой супраць баевікоў групоўкі «Ісламская дзяржава». Аднак, як сцвярджаюць вайсковыя экспэрты, кадры з месца правядзення турэцкай аперацыі «Аліўкавая галіна» паказваюць на тое, што напраўду танкі выкарыстоўваюцца супраць курдскіх груповак.

Як правыя, так і левыя палітыкі выступілі супраць угоды аб мадэрнізацыі танкаў і папрасілі ўрад Нямеччыны растлумачыць сваю пазіцыю наконт наступу, які праводзіць Турцыя ў Афрыне на поўначы Сірыі.

Ва ўрадзе Нямеччыны гэта пакуль не каментуюць. Як паведамляе Deutsche Welle, прадстаўнік міністэрства абароны яшчэ ў панядзелак заявіў, што ўстанова пакуль не можа дакладна вызначыць, калі былі зробленыя здымкі, на якіх выяўленыя турэцкія танкі нямецкай вытворчасці ў Сірыі.

У сваю чаргу прэс-служба міністэрства замежных спраў ФРГ заявіла, што ўрад пакуль не мае поўнага ўяўлення аб аператыўнай сітуацыі і не можа ацаніць дзеянні Турцыі з пункту гледжання міжнароднага права.

Са слоў сябра Хрысціянска-дэмакратычнай уніі Норбэрта Ротгена, цалкам відавочна, што Нямеччына не павінна падпісваць дамову з Анкарой.

«Незаконна і контрпрадуктыўна»

У інтэрв'ю праграме World Tonight на радыёстанцыі BBC Radio 4 Ротген назваў наступ турэцкіх войскаў «незаконным, супярэчным міжнароднаму праву і контрпрадуктыўным з пункту гледжання барацьбы з ІД».

Палітык адзначыў, што ў Турцыі няма падстаў заяўляць, што яна дзейнічае ў рамках самаабароны, таму што «ў Сірыі не было ніякіх нападаў супраць Турцыі з боку курдаў».

Фота: EPA

Ротген падтрымаў пазіцыю ЗША, якія раней таксама выступілі супраць турэцкага наступу ў Афрыне.

«Амерыканцы - адзіныя чальцы NАТА, якія шчыра гавораць аб тым, што адбываецца. Мы часта крытыкуем адміністрацыю [прэзідэнта Дональда] Трампа, але ў гэтым пытанні яны больш просталінейныя і больш смелыя, чым іншыя, і нам трэба пільнавацца іх прыкладу», - сказаў ён.

Міністр замежных спраў ФРГ Зігмар Габрыэль, які прадстаўляе Сацыял-дэмакратычную партыю, у панядзелак заявіў, што заклікаў турэцкі бок звярнуць увагу на гуманітарныя наступствы наступу ў Афрыне.

Наступ на паўночным захадзе Сірыі пачаўся ў суботу. Раней прэзідэнт Турцыі Раджэп Таіп Эрдаган паабяцаў разбіць атрады народнай самаабароны, якія кантралююць Афрын і блізу 400 км паўночнай сірыйскай мяжы.

У аўторак ААН паведаміла пра тое, што амаль 5 тысяч чалавек былі вымушаныя пакінуць сваё жыллё ў выніку баявых дзеянняў у Афрыне.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках