19 красавiка 2024, Пятніца, 13:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Саннікаў: Трэба аднавіць эканамічныя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі

23
Андрэй Саннікаў: Трэба аднавіць эканамічныя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі
АНДРЭЙ САННІКАЎ

Блакаванне «Хартыі-97» мае далёкасяжныя наступствы.

Абмежаванне доступу да самага папулярнага незалежнага інтэрнэт-рэсурсу ў Беларусі – гэта важны індыкатар стану рэжыму Лукашэнкі. Бяздумны крок уладаў будзе мець самыя шырокія наступствы – міжнародныя і ўнутры краіны.

Пра гэта ў інтэрв'ю Charter97.org заявіў лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў:

- Блакаванне «Хартыі-97» - гэта ганебны ўдар па дэмакратыі і свабодзе слова. Але ён цалкам лагічны для беларускага рэжыму. Спробы блакаванняў і абмежаванні доступу да сайту былі і раней. Але гэтым разам улады пайшлі на крайнія меры. Мабыць, там дрэнныя справы.

Блакаванне «Хартыі-97» у Беларусі – абсалютна недапушчальнае, і ўсе, каму дарагія прынцыпы дэмакратыі і захавання правоў чалавека, павінны заяўляць пра гэта і патрабаваць скасавання гэтай пастановы. Як у Беларусі, так і за яе межамі.

- Якія наступствы можа мець гэты крок беларускіх уладаў?

- Безумоўна, міжнародныя наступствы такога дурнога і бяздумнага кроку павінны быць.

«Хартыя-97» з'яўляецца унікальным рэсурсам у Беларусі. Сайт сёння, бадай, можна параўнаць паводле ўплыву з тым, чым было «Радыё Свабода» ў савецкія часы. Я ўдзячны «Хартыі-97» за паслядоўнасць пазіцыі. Сёння гэта вельмі важна.

Мы бачым, што не ўсе незалежныя СМІ вытрымліваюць ціск з боку таталітарнага рэжыму Лукашэнкі і, спрабуючы выратаваць сябе, здраджваюць сваім пазіцыям. Дык вось: у «Хартыі» гэтага няма і, спадзяюся, не будзе. Паслядоўная абарона прынцыпаў, якія 20 гадоў таму былі закладзеныя ў дэкларацыі «Хартыя-97», з'яўляюцца адметнай рысай гэтага рэсурсу.

Акрамя таго, Хартыя стала ўплывовым рэгіянальным медыя, якое чытаюць не толькі ў Беларусі, але і ў Расеі, Украіне, краінах Балтыі, на Каўказе і ў Сярэдняй Азіі. Забарона Хартыі ў Беларусі — гэта спроба расчысціць шлях расейскай прапагандзе ў гэтым рэгіёне.

Усё гэта трэба ўлічваць міжнародным арганізацыям і дэмакратычным дзяржавам, і рэагаваць не асцярожнымі заявамі, а канкрэтнымі мерамі. Павінна быць адэкватная рэакцыя – не толькі СМІ - сусветныя СМІ адрэагавалі адразу ж - але і ўсіх міжнародных структур, бо гэта наступ не толькі на свабоду слова. Гэта наступ на дэмакратыю, правы чалавека і, у канчатковым выніку – на незалежнасць Рэспублікі Беларусь.

- Якія канкрэтна крокі павінны быць прынятыя дыпламатамі і палітыкамі заходніх краін у адказ на блакаванне «Хартыі-97»?

- Думаю, што заходнія дыпламаты «загуляліся» з Лукашэнкам і цяпер чарговым разам не хочуць прызнаваць паразу сваёй палітыкі братання з дыктатарам. Абмеркаванні таго, што адбываецца ў Беларусі ў сувязі з блакаваннем «Хартыі», будуць адбывацца досыць складана.

Тым не менш, павінны быць адноўленыя ўсе тыя меры ціску на рэжым Лукашэнкі, якія былі раней, і перш за ўсё – санкцыі, калі пастанова аб блакаванні не будзе скасаваная найбліжэйшым часам. Падкрэслю: у тым ліку эканамічныя санкцыі.

- Людзі, звязаныя з ІТ-бізнэсам і інвестыцыямі ў яго, пачынаюць казаць аб тым, што Беларусь можа панесці вялікія фінансавыя страты ў сувязі з блакаваннем «Хартыі-97». Вы згодныя з гэтым тэзісам?

- Безумоўна. Бо чым яшчэ ўнікальная «Хартыя-97»: яна з'яўляецца індыкатарам планаў рэжыму. Калі «Хартыя» працуе ў Беларусі – значыць, ёсць нейкая магчымасць дамагацца змен, нават уступаць у кантакт праз сайт Charter97.org, як праз пляцоўку, якая выказвае цвёрдую, паслядоўную, дэмакратычную пазіцыю, у нейкія абмеркаванні неабходных змен.

Калі ўводзяцца такія ганебныя захады, як цяпер – гэта індыкатар таго, што будуць ціснуць, што рэжым рыхтуе чарговы наступ, перш за ўсё на дабрабыт народа. У эканоміцы — крах за крахам, а Дразды балююць і апетыты там растуць.

Тое, што сказаў Віктар Пракапеня – гэта цвярозы голас набліжанай да ўлады бізнэс-супольнасці, які павінен быць пачуты. Калі ўлада яго пачуе, то не ўсё страчанае.

Але нават не ў гэтым рэч. Рэч у тым, што за такой ацэнкай бізнэс-супольнасці ролі «Хартыі-97» і незалежных СМІ павінны рушыць нейкія канкрэтныя крокі. Прыватнаму бізнэсу ў Беларусі пара зразумець, што трэба ўкладвацца ў будучыню краіны. Сёння бізнэсоўцы могуць дапамагчы «Хартыі-97», дапамагчы грамадзянскай супольнасці, апазіцыі.

Не бойцеся гэтага рабіць. Гэта, фактычна, забяспечыць вашую будучыню і вашую рэпутацыю ў будучыні. Таму што сённяшняя сітуацыя, нязначнага «пацяплення» бізнэс-клімату, не будзе доўжыцца доўга: вам усё адно не дадуць нармальна працаваць. Калі не пасадзяць, то абрабуюць. Так што думайце пра будучыню.

- «Хартыю-97», акрамя бізнэсоўцаў, чытаюць самыя шырокія масы насельніцтва Беларусі. Што можа зрабіць просты чытач, каб наблізіць разблакаванне сайта?

- Чытачы «Хартыі» (а я бачу, што іх вельмі шмат і забарона толькі павялічвае іх колькасць) павінны перш за ўсё паклапаціцца аб распаўсюдзе інфармацыі з сайта. Сёння гэта значна прасцей зрабіць, хоць і ранейшыя метады ўлётак і раздруковак з лагатыпам «Хартыі» таксама працуюць.

Заўсёды самай моцнай зброяй супраць несправядлівасці была салідарнасць. Гэтая салідарнасць сёння «Хартыі-97» патрэбная.

- Што б вы хацелі пажадаць рэдакцыі «Хартыі-97» у гэтыя дні?

- Гэта чарговае выпрабаванне, з якога, я ўпэўнены, «Хартыя» выйдзе з гонарам. Такія выпрабаванні заўсёды ўмацоўвалі супрацоўнікаў і калектыў «Хартыі». Яны адкрывалі і новыя перспектывы.

Менавіта так і трэба да гэтага ставіцца: выкарыстоўваць рэпрэсіі рэжыму для пошуку новых магчымасцяў і ўзмацнення ўплыву.

А пажадаць хачу мужнасці, моцы і эфектыўнай працы.

Нагадаем, што 24 студзеня рэжым Лукашэнкі заблакаваў незалежны інфармацыйны рэсурс Charter97.org. Блакаванне пацвердзіў першы намеснік міністра інфармацыі Ігар Луцкі.

Абысці блакаванне можна і вось інструкцыі:

- Самы просты спосаб чытаць «Хартыю'97»

- Як абысці блакаванне сайта «Хартыя-97»

- Як абысці блакаванне сайта на Android і iOS

- Памяняйце DNS на сваім кампутары і чытайце Хартыю

Падрабязная інструкцыя аб тым, як абыйсці блакаванне сайта Charter97.org, знаходзіцца тут.

Напісаць каментар 23

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках