24 чэрвеня 2019, панядзелак, 15:44
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

Глянец і паказуха ў Магілёве

5

Лукашэнка сустракае Пуціна.

У Магілёве сёння адкрыўся 5-й Форум рэгіёнаў Расеі і Беларусі. Усё будзе па-братэрску: абдымкі Пуціна і Лукашэнкі, з'езд губернатараў дзвюх краін, заявы пра аграрныя і інтэграцыйныя прарывы і, вядома, банкет з мясцовымі прадуктамі. Усё гэта працягнецца аж да пятніцы. А сёння «Белсат» высвятляў, як аўральная падрыхтоўка да мерапрыемства паўплывала на жыццё гаспадароў - жыхароў Магілёва.

Жыхары Магілёва:

«Арка прыгожая... Магілёву патрэбна была такая разынка»

«Гэта завабіць больш турыстаў».

Але задаволеныя не ўсе.

Жыхары Магілёва:

«Ускраіны закінутыя, а цэнтр шыкоўны. Усё кінута на Падніколье, усе грошы сышлі туды. А на ўскраіны не выстарчыла».

«Я так разумею, не адзін дзясятак мільёнаў даляраў уклалі ў гэтую лухту».

«За Савецкім Саюзам 1 суботнік на год быў, а цяпер іх вельмі шмат. І яшчэ і грошы здаём».

Сапраўды, Трыумфальная арка - самы спрэчны аб'ект Магілёва. Каштавала яна $2 млн. Частка грошай некалькі разоў добраахвотна-прымусова збіралі з заробкаў магілёўцаў. Мясцовыя ўлады павінны былі адкрыць арку яшчэ ў тым годзе, на 750-годдзе абласнога цэнтра, але не змаглі. І з усіх трыўмфаў гісторыі старажытнага горада на арцы толькі перамога ў Вялікай Айчыннай і ордэн Леніна.

Уладзімір Шанцаў, Кіраўнік Аб'яднанай грамадзянскай партыі ў Магілёўскай вобласці: «Грошы падаткаплатнікаў выдаткоўваюцца не на патрэбы насельніцтва, а на тое, каб не пасварылася нашае гарадское начальства з вялікімі начальнікамі з Менска, каб спадабацца Пуціну».

Прытым, калі збочыць з цэнтральных вуліц у двары, то ўсё выглядае інакш. Ёсць і дамы, што цэлы год стаяць з дэмантаванымі гаўбцамі, ёсць і пабітыя дарогі. Пратэставаць супраць дарагой паказухі для Пуціна забаронена. Кіраўнік абласной суполкі Аб'яднанай грамадзянскай партыі падаваў заяўку на мітынг пратэсту - яму адмовілі, таму што заяўка аформленая не на дазволенае для мітынгаў месца. Усе пратэсты ў Магілёве цяпер ціхія: максімум, наклейка на слупе.

Станіслаў Паўлінковіч, магілёўскі актывіст: «Мяне асабліва абурае, што ў горадзе развешаны расейскі трыкалор, па ўсіх праспектах. Мы ж не нейкая калонія».

Але ёсць і пазітыў! Да прыезду Пуціна ўлады Магілёва дабудавалі корпус Беларуска-Расейскага ўніверсітэта, самы вядомы і самы дарагі даўгабуд горада. Толькі давялося разабраць амаль дабудаваны спартыўны комплекс і замяніць яго адкрытымі пляцоўкамі. Шэраг сустрэч Форуму рэгіёнаў Расеі і Беларусі пройдзе менавіта ў новым корпусе БРУ.

Аляксей Паўлоўскі, магілёўскі актывіст Прафзвязу РЭП: «Замест таго, каб за 2 гады яго пабудаваць - 25 гадоў. Віна на 100%, я мяркую, ляжыць на Аляксандры Лукашэнку, ён сваімі ўказамі замарожваў будаўніцтва ў парушэнне нарматыўных актаў. Сотні тысяч студэнтаў даўно маглі б карыстацца гэтым аб'ектам, ён мог бы стаць упрыгожваннем краіны і горада».

Раённыя ўлады паскорылі і адлоў бадзяжных жывёл. Камунальнікі актыўна ловяць, а па горадзе ідуць чуткі пра адстрэл катоў і сабак проста на вуліцах.

Сяргей Калтуноў, начальнік Аддзела адлову бадзяжных жывёл «Спецаўтапрадпрыемства»: «Нам загадалі, што павінен быць парадак. Вось і будзе цяпер парадак заўсёды і ўсюды! Нікога мы не адстрэльвалі, бадзяжных забіраем, а потым ўсыпляем... Калі ваш кот ці сабака ўцяклі, то гэта ваша праблема. У кожнага павінен быць чып, рэгістрацыя, аброжак. Чыпаваных мы не чапаем».

І такі аўрал - ва ўсім. Нават паказальны парк у мікрараёне Паднікол’е, куды магілёўцаў звозілі на суботнікі, зрабілі наспех. Прыгожа, але цяпер высветлілася, што моцны вецер залівае вадой з фантана сходы да Дняпра.