24 сакавiка 2019, Нядзеля, 2:47
Выклік для кожнага
Рубрыкі

У Магілёве расклеілі дзясяткі ўлётак у падтрымку Алега Сянцова

1

Актывісты правялі акцыю да прыезду ў горад Пуціна.

Пасля забароны на пікет магілёўскія праваабаронцы Аляксей Колчын і Аляксандр Буракоў правялі інфармацыйную акцыю, паведамляе mspring.online.

Украінскі рэжысёр Алег Сянцоў быў затрыманы ў Крыме, дзе ён пражываў, 10 траўня 2014 года. У 2015 годзе быў асуджаны судом Расейскай Федэрацыі да 20 гадоў зняволення паводле абвінавачання «ў тэрарызме». Сянцоў абвінавачванні не прызнаў і трымаў працяглую галадоўку пратэсту. Шэраг міжнародных праваабарончых арганізацый выступілі ў падтрымку рэжысёра і ўважаюць яго за палітычнага вязня.

- Мы падрыхтавалі блізу паўсотні лістоў з інфармацыяй пра тое, што пакуль у горадзе натхнёна чакаюць прыезду Пуціна, у расейскіх калоніях і турмах гніе 56 чалавек - рэжысёр Алег Сянцоў, праваабаронца Аюб Ціціеў ды іншыя, - распавёў Аляксей Колчын.

Са слоў Буракова, яны дзейнічалі адкрыта.

- Усё ў рамках існага закона. Мы распаўсюдзілі абвесткі пра палітвязняў на дазволеных пляцоўках - спецыяльных інфармацыйных дошках побач з пад'ездамі, на прыпынках і тумбах. Імкнуліся максімальна «заклеіць» цэнтр горада, каб больш людзей даведаліся і памяталі, што стаіць за прыгожай весялосцю ў гонар прыезду расейскага прэзідэнта.

Праваабаронца сказаў, што праблем з міліцыяй у іх пакуль не было, хоць ён і не выключае брутальны варыянт развіцця падзей. Галоўнай праблемай, паводле праваабаронцы, стаў пошук прыдатных паверхняў:

- Калі не ляпіць на слупах і сценах, то выходзіць вельмі абмежаваная колькасць пляцовак, якія можна выкарыстоўваць, - сказаў Буракоў.

Прэзідэнт Расеі прыбудзе ў Магілёў 12 кастрычніка для ўдзелу ў пленарным пасяджэнні V Форуму рэгіёнаў.

Нагадаем, раней у Магілёве з'явіліся ўлёткі «Вова, едзь дадому» і графіці «Пуцін, гэць з Беларусі!»