16 лiстапада 2018, Пятніца, 15:44
Падтрымайце сайт «Хартыя-97»
Рубрыкі

Дызельны «фольксваген» Лукашэнкі коціцца пад адхон

95

Шалёныя нафтавыя грошы заканчваюцца.

Беларусь і Расея ўзгаднілі пастаўкі нафтапрадуктаў да канца 2018 года і на ўвесь 2019 год.

Падрабязнасці падпісаных дамоўленасцяў афіцыйна не паведамляліся. Пазней стала вядома, што Расея не будзе пастаўляць у Беларусь цёмныя нафтапрадукты. Праз дзень з'явілася інфармацыя пра адмову РФ экспартаваць у Беларусь і светлыя прадукты нафтаперапрацоўкі.

Акрамя таго, прадстаўнік віцэ-прэм'ера РФ заявіў, што новыя пагадненні выключаюць магчымасць «шэрых» схемаў у пастаўках нафтапрадуктаў у рамках «саюзнай дзяржавы», якія наносілі шкоду расейскаму бюджэту.

Што гэта будзе азначаць для развіцця беларускай эканомікі ў 2019 годзе?

На пытанні Charter97.org адказвае эканаміст, кіраўнік аналітычнага цэнтра «Стратэгія» Леанід Заіка:

– З боку Расеі гэта звычайны эканамічны манеўр. Цёмныя нафтапрадукты, з якіх пачаліся абмежаванні паставак, гэта цяжкія фракцыі перагонкі нафты: напрыклад, мазут і паліва для судоў. Беларускае карабельнае паліва меркавалася нядрэнным у якасці, яго ахвотна набывалі краіны Балтыі. У Літву таксама пастаўляліся іншыя цяжкія прадукты нафтаперапрацоўкі – напрыклад, бітум.

Не дзіўна, што Расея захацела адабраць гэты рынак у Лукашэнкі. Бо дастаткова цяжка вызначыць, што з нафтапрадуктаў было ўласна беларускім, а што – рээкспартам атрыманай з Расеі сыравіны. Тут мае месца гульня, звязаная з пераразмеркаваннем рынку за межамі ЕАЭЗ.

Для беларускай эканомікі істотна большае значэнне мае адказ на пытанне: ці будзе Расея пастаўляць па-ранейшаму 22 мільёны тонаў нафты і з якім коштам?

А на сёння Крэмль проста «прышчыкнуў хвост» прыкормленым Лукашэнкам сумленным нафтавым кампаніям, якія вялі гульню на балтыйскім і еўрапейскім рынку. Для іх сапраўды надыдуць сумныя часы.

– Гэта значыць перастануць працаваць тыя самыя «шэрыя схемы», пра якія і казаў прадстаўнік віцэ-прэм'ера РФ?

– Так, з боку Расеі – гэта чыста бізнэс-пастанова. Забараніўшы пастаўкі яшчэ і светлых нафтапрадуктаў, яны пазбаўляюць беларускіх рээкспарцёраў разнастайнага асартыменту. Бо менавіта пад выглядам рознага роду «разбаўляльнікаў» і «растваральнікаў» беларускія ўлады прадавалі бензін і дызпаліва ў суседнія краіны – і гэта прыносіла прыбытак прыкладна 1,5 мільярда даляраў за год.

Крэмль спахапіўся, «навёў парадак» і перакрыў кісларод звязаным з нашым урадам нафтавым кампаніям.

– Вы сказалі, што для эканомікі Беларусі большае значэнне маюць пастаўкі не нафтапрадуктаў, а сырой нафты з РФ. Як будзе развівацца сітуацыя ў гэтым кірунку з улікам «падатковага манеўру» і росту адпускных коштаў для нашай краіны?

– У сутнасці, Беларусь амаль 25 гадоў таму села на наркатычную іголку расейскай нафты. Таму, на мой погляд, як прафесіянала, чым раней мы адыдзем ад гэтых 22 мільёнаў тон нафты з усходу – тым лепш.

Гэта проста вельмі неабходна, каб улады замест нафтавай нірваны нарэшце заняліся справай. Для Беларусі дастаткова 7 мільёнаў тонаў нафты за год, каб эканоміка вырабляла станкі, машыны і іншую прадукцыю. А цяпер нафтавая кампанента забяспечвае 40% валютнага экспарту. Гэта проста смешна.

Краіну проста прыціснула расейскай нафтавай трубой. Чым раней мы ад гэтага адмовімся – тым хутчэй пачнем нармальна працаваць. Шалёныя нафтавыя грошы толькі псуюць Лукашэнку і ягонае асяроддзе.

Ва ўраду ствараецца лжывая карціна ў прыбытках і магчымасцях беларускай эканомікі. Гэтыя дыспрапорцыі вядуць да рэзкага павелічэння імпарту замежных тавараў, што можа прывесці да нядобрых наступстваў. Але прэм'ер-міністр і найвышэйшыя чыноўнікі не ў стане прааналізаваць сітуацыю: іхнія «радары» занадта дрэнна настроеныя і не «ловяць хвалю».

Беларусь трэба тэрмінова здымаць з нафтавай іголкі, каб мы маглі заняцца стварэннем робатаў, кампутараў, электратранспарту і да таго падобнай прадукцыі. Нафта – гэта праклён Расеі. Цяпер гэта стала і праклёнам нашай краіны. Кропка.

– Ці здольныя цяперашнія ўлады да такога подзвігу – зняць краіну з нафтавай іголкі?

– Не, яны баяцца. Сядзяць і паразітуюць: нічога рабіць не трэба. Адзінае, на што яны здольныя – гэта махаць рукамі і крычаць, як яны добра працуюць.

Я неяк выступаў у адным з гарадоў і спытаў чыноўнікаў: хлопцы, а вы ведаеце, што ў 2020-я гады рухавікі ўнутранага згарання будуць забароненыя ў шмат якіх краінах Еўропы? І куды вы будзеце свой бензін прадаваць? Яны глядзяць на мяне круглымі вачыма – і нічога не могуць сказаць ад нечаканасці.

Эра бензіну сканчаецца, праз некалькі гадоў ён будзе нікому не патрэбны. А нашы ўлады ўсё ганяюць нафту па-старому, перапрацоўваюць яе ў Наваполацку і Мазыры... Нават Ізраіль з 2025 года не будзе завозіць аўтамабілі, якія працуюць на бензіне.

Два НПЗ для Беларусі – гэта лішні баласт. Што з імі рабіць праз некалькі гадоў? Тэатры ці дзіцячыя сады там арганізоўваць? Але ўладам гэта няўцям, яны жывуць адным днём, як матылі. Іх старэнькі дызельны «фольксваген» няўхільна коціцца пад адхон.

– А што будзе з коштамі на бензін у Беларусі?

– Бензін будзе толькі даражэць. Гэта ж прасцей за ўсё – падняць кошт на паліва. Але, можа быць, гэта будзе мець і зваротны для ўладаў эфект. Беларусы, палічыўшы выдаткі, пачнуць пераходзіць на электратранспарт.

Што б там ні хацеў Лукашэнка, ягоны новы прэм'ер Румас і іншыя міністры няздатныя супраць навукова-тэхнічнага прагрэсу. Яны думаюць, што беларус будзе набываць ім на пацеху іхні старэнькі дызельны «фольксваген», запраўляць яго падаражэлым палівам і радавацца жыццю. Ды хутка рамонт такіх аўто будзе каштаваць даражэй, чым набыццё электракара.

Што тады будзе рабіць лукашэнкаўская эканоміка, заснаваная на рээкспарце нафты, НПЗ і вытворчасці старых трактароў і машынаў? А бензін увогуле хутка ва ўсім свеце перастане быць палівам. Вось тут улады Беларусі і пачнуць скакаць на пустых заводах пад музыку Шапэна. Трэба пачакаць яшчэ крыху – і гэта адбудзецца.

Усё спыніцца – і на бескарысныя танцы ўладаў будуць глядзець 900 тысячаў пенсіянераў, старэйшых за 70 гадоў. Таму што ўсе маладзейшыя ўжо даўно абагналі гэтую ўладу ў развіцці. Трэба рухацца наперад, думаць на перспектыву. Тое, што мы бачым цяпер, – гэта ўжо аджылая сябе сістэма.