27 красавiка 2024, Субота, 23:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Справа Коржыча скончаная

33
Справа Коржыча скончаная
АЛЯКСАНДР КОРЖЫЧ

Пракурор запытаў тэрміны пакарання для абвінавачаных.

Сёння ў Менскім абласным судзе, дзе разглядаюць справу і смерць жаўнера Аляксандра Коржыча ў Печах, пачаліся спрэчкі бакоў. У сваёй прамове пракурор заявіў: абвінавачаныя сяржанты здзекаваліся з падначаленых, ужывалі да іх фізічны гвалт, прымушалі адціскацца, у тым ліку ў процівагазах, піша tut.by.

«Асаблівым цынізмам» дзяржабвінаваўца назваў выпадак, калі Вяжэвіч выпацкаў унітаз крэмам для абутку і прымусіў жаўнера яго вычысціць.

- Усе дзеянні былі ўчыненыя дзёрзка, адкрыта, дэманстратыўна, - кажа пракурор Юрый Шарснёў.

Усяго, паводле звестак абвінавачвання, Яўген Бараноўскі атрымаў ад вайскоўцаў хабару на суму 34 рублі 85 капеек, Антон Вяжэвіч - 189 рублёў 40 капеек. На думку пракурора, не статутныя дачыненні ў войску прывялі да самагубства Аляксандра Коржыча.

Дзяржабвінаваўца мяркуе: не ўстаноўлена фактаў таго, што да смерці шарагоўца Аляксандра Коржыча могуць быць датычныя іншыя асобы. Гэта было давядзенне да самагубства. Аднак мама жаўнера з гэтым не згодная і прадаўжае намагаць на версіі забойства.

Падчас дзвюхгадзіннага выступу ў спрэчках пракурор Юрый Шарснёў папрасіў прызнаць сяржантаў вінаватымі і прысудзіць Яўгена Бараноўскага да 9 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці, Антона Вяжэвіча - да 7 гадоў, а Ягора Скуратовіча - да 6 гадоў пазбаўлення волі.

Усе трое, на думку дзяржабвінаваўцы, павінны адбываць пакаранне ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, таксама ён прапанаваў ва ўсіх абвінавачаных канфіскаваць маёмасць і спагнаць у даход дзяржавы грошы, якія сяржанты атрымалі ў якасці незаконнага ўзбагачэння.

Нагадаем, цела шарагоўца Аляксандра Коржыча з цішоткай на галаве і звязанымі шнуркамі знайшлі 3 кастрычніка 2017 года ў склепе медыцынскай роты. У давядзенні да самагубства шарагоўца Аляксандра Коржыча абвінавачваюцца трое сяржантаў: Яўген Бараноўскі, Ягор Скуратовіч, Антон Вяжэвіч. Ім ставяць у віну ч.3 арт.455 КК (Злоўжыванне ўладай, якое пацягнула цяжкія наступствы), ч.1, 2 арт. 430 (Атрыманне хабару), Бараноўскаму яшчэ і ч.1 арт.205 (Крадзеж). Максімальны тэрмін - 12 гадоў пазбаўлення волі.

Падчас допыту ў судзе абвінавачаныя не сталі адмаўляць не статутныя дачыненні, але заявілі: іх дзеянні не маглі стаць прычынай трагедыі.

Ужо год пацярпелая Святлана Коржыч, мама загінулага жаўнера, намагае на версіі забойства. У якасці аргументаў жанчына прыводзіла прыклад, што напярэдадні Аляксандра аглядалі псіхіятры і паставілі дыягназ «здаровы», у сына не было думак пра самагубства, ён будаваў планы на будучыню, і не раз задавала пытанне: як у цёмным склепе мог павесіцца Аляксандр? Следчы эксперымент паказаў, што жаўнер мог такім чынам звесці рахункі з жыццём, асвятляючы падвал запальнічкай.

У пятніцу, 19 кастрычніка, будзе вынесеная пастанова паводле яшчэ адной справы, звязанай з печамі. Камандзір роты Павел Сукавенка і прапаршчык Артур Вірбал былі затрыманыя ўвосень 2017 года пасля гібелі 21-гадовага жаўнера Аляксандра Коржыча. Першапачаткова Вірбала падазравалі ў махлярстве: нібыта ён забраў картку шарагоўца і карыстаўся ёю. Але затым і Вірбалу, і Сукавенку было выстаўленае абвінавачванне паводле ч.1, ч.2 арт.455 КК (Злоўжыванне ўладай, перавышэнне ўлады альбо бяздзейнасць улады). Іх справы вылучылі для асобнага разгляду.

Напісаць каментар 33

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках