26 красавiка 2024, Пятніца, 23:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Я ўдзельнічаў у стыхійным мітынгу, трымаючы ў руках бел-чырвона-белы сцяг»

1
«Я ўдзельнічаў у стыхійным мітынгу, трымаючы ў руках бел-чырвона-белы сцяг»

Актывіст з Барысава абскардзіў у ААН вялікі штраф за салідарнасць з прафзвязам РЭП.

Аляксандр Абрамовіч, актывіст з Барысава, які атрымаў за салідарнасць з прафзвязам РЭП буйны штраф, 18 кастрычніка падаў скаргу ў Камітэт правоў чалавека ААН. Мужчына мяркуе, што беларускія ўлады парушылі ягонае права на мірны сход і выказванне меркавання, піша гомельская «Вясна».

Спробы скасаваць буйны грашовы штраф (1225 руб.) на нацыянальным узроўні поспеху не прынеслі - Менгарсуд, дзе абскардзіў штраф, стаў на бок уладаў.

У індывідуальнай скарзе ў Камітэт правоў чалавека ААН заяўнік звяртае ўвагу, што прысуджаны яму штраф удвая перасягае суму сярэднямесячнага заробку ў краіне, а само пакаранне з'яўляецца непрапарцыйнае зробленаму.

«Нават калі я ўзяў удзел у стыхійным мітынгу, трымаючы ў руках бел-чырвона-белы сцяг, дзяржаўныя агенты абавязаны былі ацаніць мае дзеянні зыходзячы ў першую чаргу з міжнародных абавязанняў нашай краіны ў галіне правоў чалавека, а менавіта, даказаць мэтазгоднасць уведзеных на маё права абмежаванняў», - заяўляе Аляксандр Абрамовіч.

Праваабаронца Леанід Судаленка адзначае, што пасля абвяшчэння прысуду лідарам прафзвязу Генадзю Фядынічу і Ігару Комліку ля Дома правасуддзя фактычна ўзнік стыхійны мірны сход.

«Нацыянальны закон наогул не прадугледжвае парадак правядзення, як у гэтым выпадку, стыхійных сходаў. Такім чынам, усялякі стыхійны сход апрыёры ў нас лічыцца незаконным. Аднак і гэтая не галоўная праблема. Асноўнай праблемай сёння з'яўляецца поўнае ігнараванне з боку судовай улады асноўных правоў чалавека», - падкрэсліў юрыст.

Нагадаем, 24 жніўня пасля абвяшчэння прысуду аб справе лідараў прафзвяу РЭП ля будынка Дома правасуддзя, дзе праходзіў працэс, актывісты і прысутныя тут грамадзяне правялі мітынг у падтрымку незалежнага прафзвязу. Актывіст прафзвяу разгарнуў бел-чырвона-белы сцяг, іншыя ўдзельнікі трымалі сцягі прафзвязу РЭП і «Еўрапейскай Беларусі». Прыкладна праз 10 хвілін да іх пад'ехаў чырвоны аўтобус з АМАПаўцамі, якія затрымалі актыўных мітынгоўцаў.

Аляксандр Абрамовіч просіць Камітэт ААН устанавіць факт парушэння ягонага права на мірны сход і выказванне меркавання і рэкамендаваць беларускаму ўраду прывесці нацыянальны закон аб масавых мерапрыемствах у адпаведнасць з міжнароднымі абавязаннямі.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках