Старажытны човен, які дасталі з Нёмана, аказаўся сенсацыяй
17- 1.11.2018, 18:00
- 37,085
Яму 500 гадоў.
Працяг нядаўняй гісторыі пра вяскоўца, які нікога не чапаў і спакойна сабе гуляў па беразе ракі, а потым наткнуўся на дзіўны корч, які аказаўся аб'ектам цікавасці вадалазаў і гісторыкаў, піша onliner.by.
Човен прывезлі ў горад-герой Менск і вывучылі. Аказалася, што ён паўтысячагадовы. Пра гэта ў сваім Facebook паведаміў кіраўнік дайвінг-цэнтра «Марскі Пегас» Андрэй Ліхачоў, а потым і хлопцы з Акадэміі навук.
- Добрыя навіны для тых, хто ў тэме! І не вельмі для канапавых экспэртаў. Дата рубкі дрэва, з якога зроблены Мікалаеўскі човен на рубяжы 15-16-га стагоддзя, 1500 год! Дрэва - дуб, расло 300 гадоў! - напісаў у сваім Facebook Ліхачоў.

На думку навукоўцаў, човен быў зроблены прыблізна ў 1500-1510 гадах. Гісторыкі ўжо называюць гэта археалагічнай сенсацыяй.
- У НАН Беларусі праведзенае дэндрахраналагічнае датаванне лодкі-чоўна, паднятай на мінулым тыдні з дна ракі Нёман каля вёскі Мікалаева Іўеўскага раёна Гарадзенскай вобласці ў выніку сумеснай экспедыцыі Інстытута гісторыі НАН Беларусі, дайвінг-цэнтра «Марскі Пегас» і ўдзельнікаў джып-форуму 4 × 4 . Вынікі даследаванняў паказалі, што човен быў зроблены прыблізна ў 1500-1510 гадах, - гаворыцца ў рэлізе.
Даследаванні праводзіліся пад кіраўніцтвам Максіма Ярмохіна. Ён кандыдат біялагічных навук, вядучы навуковы супрацоўнік лабараторыі прадуктыўнасці і ўстойлівасці раслінных супольнасцяў Інстытута эксперыментальнай батанікі імя В. Ф. Купрэвіча НАН Беларусі.
- Устаноўлена таксама, што на момант рубкі ўзрост дуба, з якога зробленая старажытная лодка, быў блізу 300 гадоў. Такім чынам, дрэва пачало расці ў самым пачатку XIII стагоддзя. Цяпер лодка-човен знаходзіцца ў Інстытуце гісторыі НАН Беларусі для правядзення кансервацыйных мерапрыемстваў і падрыхтоўкі да будучага экспанавання, - радасна паведамляюць навукоўцы.