27 красавiка 2024, Субота, 6:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Разборкі ў Юровічах прадаўжаюцца: мясцовыя спалілі дом аднаго з фігурантаў справы

22
Разборкі ў Юровічах прадаўжаюцца: мясцовыя спалілі дом аднаго з фігурантаў справы
ПАВЕЛ ТАБУЛІН

Вяскоўцы чыняць самасуд.

25-гадовы Павел Табулін знаходзіцца пад вартай. Разам з двума сябрамі ён прыходзіў «разбірацца» з аднавяскоўцам: усе трое збілі мужчыну і ягоную сужыцельку, а іх суседа забілі, піша nn.by.

Забойства адбылося ў ноч на 4 лістапада. А 12 лістапада Следчы камітэт паведаміў, што дом аднаго з падазраваных падпалілі невядомыя. Паводле інфармацыі cайта ў доме да затрымання пражываў Павел Табулін.

СПАЛЕНЫ ДОМ, ДЗЕ ЖЫЎ ПАВЕЛ ТАБУЛІН
ФОТА: СЛЕДЧЫ КАМІТЭТ

Насамрэч дом належыць не Паўлу, а ягонаму дзядзьку, брату маці.

«Дзядзьку жонка ў псіхлякарню паклала. А дом Паўлу пакуль далі, каб дом не расцягнулі цыганы, - распавядае маці Паўла, Надзея Табуліна. - Паша пайшоў туды жыць. Зрабіў рамонт, печкі паправіў. Я дала яму і дываны дарагія, і ложкі, бялізну, коўдры... Кампутар набыла, вопратку... Усё гэта спалілі, усё згарэла».

Хто падпаліў дом, маці Паўла не ведае. Але ніхто з аднавяскоўцаў таксама не паведаміў ёй, што дом гарыць.

«Толькі потым ужо прыйшоў сусед па малако і кажа, маўляў, мужыкі распавядаюць, што дом Паўла спалілі», - распавяла Надзея Табуліна.

Раней вяскоўцы скардзіліся, што Павел Табулін з сябрамі вытвараў у вёсцы, што хацеў. Прынамсі летам яны хадзілі па вёсцы і, заходзячы ў чужыя двары, адстрэльвалі сабак. Адзін з хлопцаў быў прысуджаны за гэта да хатняй хіміі. Праўда, прысуд не ўвайшоў яшчэ ў дзеянне - пракуратура абскардзіла прысуд, палічыўшы яго занадта мяккім.

Наогул кажучы, судзімасці мелі ўсе трое падазраваных у забойстве. Напрыклад, Табулін быў судзімы 7 разам за крадзяжы, меў спагнанні ў адміністрацыйных справах за дробны крадзеж і ўжыванне спіртных напояў. Ягоныя 17-гадовы і 20-гадовы суўдзельнікі мелі судзімасці за гвалт у дачыненні да міліцыянта, крадзяжы, хуліганства.

Але калі верыць Надзеі Табулінай, пацярпелыя мужчына і жанчына не моцна адрозніваліся ад нападнікаў. Табуліна раней распавядала, што пацярпелы Гарчэнка прымусіў «жонку» напісаць на Паўла Табуліна заяву ў міліцыю і абвінаваціў яго ў згвалтаванні. Таксама Гарчэнка з сужыцелькай увесь час выпівалі. Прычым, нярэдка з тым жа Паўлам Табуліным.

«Я сына не апраўдваю, я не ведаю, што там адбылося. Але вінаваты ва ўсім Кроцік (пацярпелы Аляксандр Гарчэнка). Ужо звяртаўся да нас дзядзька Кроціка, таксама п'яны, ледзь не зладзіў бойку», - кажа Надзея Табуліна.

Пасля падпалу дома Табуліных у Юровічы прыехалі сілавікі і правялі гутарку з мясцовымі жыхарамі.

«У мэтах стабілізацыі сітуацыі ў Юровічах управай Следчага камітэта Гомельскай вобласці было ініцыяванае правядзенне сельскага сходу з мясцовымі жыхарамі. У сустрэчы з насельніцтвам аграгарадка ўзялі ўдзел супрацоўнікі абласнога апарата УСК, УУС, кіраўніцтва раённых аддзелаў Следчага камітэта, міліцыі, МНС.

Выступоўцы давялі вяскоўцам інфармацыю аб ходзе расследавання крымінальнай справы, зафіксавалі іх думкі аб крымінагеннай абстаноўцы ў Юровічах, распавялі пра магчымасць ужывання захадаў бяспекі ў дачыненні да сведкаў, акцэнтавалі ўвагу на захадах крымінальнай адказнасці за ўчыненне некаторых тыпаў злачынстваў, у тым ліку за падпал і неданясенне аб злачынстве», - паведамілі ў Следчым камітэце.

Напісаць каментар 22

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках