27 красавiка 2024, Субота, 5:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Інтэрпол не дзеля Пуціна: разгараецца пратэст супраць прызначэння выведніка РФ

6
Інтэрпол не дзеля Пуціна: разгараецца пратэст супраць прызначэння выведніка РФ

На пасаду кіраўніка Інтэрпола прэтэндуе ветэран расейскага МУС і замежнай выведкі РФ Аляксандр Пракапчук.

Пра гэта паведамляюць міністр унутраных спраў Украіны Арсэн Авакаў і ягоны паплечнік Антон Герашчанка, піша «Украінская праўда».

А ўкраінскі журналіст Мустафа Наем напісаў, што Генасамблея Інтэрпола будзе выбіраць новага прэзідэнта 21 лістапада - і «абранне прадстаўніка Расеі на вышэйшую пасаду ў Інтэрполе будзе азначаць фактычны захоп гэтай арганізацыі Расеяй і іншымі аўтарытарнымі рэжымамі».

«Мы просім няўрадавыя арганізацыі да 12:00 СET 19 лістапада падпісаць тэкст супольнага звароту да дэлегатаў краін-удзельніц з заклікам не дапусціць абрання прадстаўніка Расеі Аляксандра Пракапчука прэзідэнтам Інтэрпола», - заявіў дэпутат.

«Вы таксама можаце падтрымаць онлайн-акцыю #InterpolNotForPutin, для чаго напісаць у Twitter заклікі на розных мовах і тэгнуть міністра ўнутраных спраў вашай краіны», - дадаў Наем.

Дэлегацыя Украіны спрабуе не дазволіць прызначэння Пракапчука ў Дубаі, дзе 18 лістапада пачалася 87-я сесія Генеральнай асамблеі Інтэрпола.

«Наша дэлегацыя праводзіць тут дзясяткі сустрэч на самым высокім узроўні і вядзе шырокія дыскусіі, дзе мы баронім сваю прынцыповую пазіцыю. Інтэрпол павінен застацца паза палітыкай і развівацца як эфектыўны інструмент супрацоўніцтва ўсіх краін у барацьбе супраць міжнароднага крыміналу», - мяркуе Авакаў.

Са слоў кіраўніка МУС, у варунках гібрыднай вайны супраць Украіны абранне Пракапчука прэзідэнтам Інтэрпола «дазволіць расейскаму рэжыму яшчэ больш пашырыць практыку выкарыстання «чырвоных цыркуляраў» для абмежавання свабоды перамяшчэння і пераследу непажаданых у інтарэсах адыёзнага рэжыму».

«Сусветнай супольнасці давядзецца навучыцца распазнаваць найноўшыя пагрозы гібрыднай вайны, у тым ліку і спробы выкарыстаць міжнародныя інстытуты для ўмацавання таталітарных рэжымаў, і выпрацаваць метады процідзеяння», - мяркуе Авакаў.

«Рэжым Пуціна змяніў свет - свету трэба прызнаць яго таксічнасць і выпрацаваць захады прафілактыкі, а не легалізоўваць яго праз пасады ў кіраўніцтве Інтэрпола» - заявіў Авакаў.

Герашчанка таксама напісаў у Facebook: «У нас ёсць неабвержная інфармацыя, што Аляксандр Пракапчук, галоўны кандыдат на пасаду новага прэзідэнта Інтэрпола, з'яўляецца кадравым супрацоўнікам расейскай выведкі, інфільтраванай у Інтэрпол».

Паводле звестак Герашчанкі, у канцы 1980-х гадоў Пракапчук працаваў у КДБ СССР пад прыкрыццём Інстытута расейскай мовы імя Пушкіна, збіраў агентуру ў асяроддзі студэнтаў з ЗША і Еўропы, а ў другой палове 1990-х з'яўляўся супрацоўнікам рэзідэнтуры СВР у Вашынгтоне і шпіёніў супраць ЗША.

У 2003 годзе Пракапчук быў пераведзены ў органы МУС РФ, але «па-ранейшаму, быў і застанецца супрацоўнікам спецслужбаў РФ», сцвярджае Герашчанка.

З 2011 года генерал-маёр МУС РФ узначаліў расейскае бюро Інтэрпол.

«Інфармацыя атрыманая ад першакрыніцы, якая асабіста ведае і працавала з Аляксандрам Пракапчуком у выведслужбах СССР і РФ. Фармальнай падставай выключэння Пракапчука са спісу прэтэндэнтаў можа стаць той факт, што ён утойвае сваю сувязь з выведслужбамі Расеі», - заявіў Герашчанка.

Адзначым, што два гады таму Аляксандр Пракапчук стаў віцэ-прэзідэнтам «Інтэрпола», тады як пасаду прэзідэнта заняў намеснік міністра грамадскай бяспекі Кітая Мэн Хунвэй.

17 лістапада «The Times» напісала, што брытанскія чыноўнікі чакаюць, што 56-гадовага расейца Аляксандра Пракапчука абяруць наступным прэзідэнтам «Інтэрпола».

А «Financial Times» пісалі, што пасля знікнення і адстаўкі кіраўніка Інтэрпола Мэн Хунвея на ягонае месца прэтэндуюць два кандыдаты, адзін з якіх - Пракапчук.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках