27 красавiка 2024, Субота, 4:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

National Interest: Расейскія танкі «сляпыя» ў параўнанні з амерыканскімі

8
National Interest: Расейскія танкі «сляпыя» ў параўнанні з амерыканскімі
ФОТА: РІА «НОВОСТИ», ПАВЕЛ ГЕРАСІМАЎ

Названыя перавагі наземных сіл ЗША над РФ.

Адной з найважнейшых пераваг амерыканскага войска з'яўляецца сістэма навігацыі, якая выкарыстоўваецца ў механізаваных частках. Яе называюць сістэмай апазнавання сваіх войскаў. Галоўная характарыстыка такой сістэмы - здольнасць бронетэхнікі распазнаваць месцазнаходжанне ўсіх змешчаных вакол сваіх машын з дапамогай баявой сеткі, піша National Interest – пераклад-inosmi.ru).

У такой сістэмы ёсць мноства пераваг. Камандзір можа аператыўна рэагаваць на змены ў баявой абстаноўцы, бо ведае, дзе знаходзяцца ягоныя войскі. Хуткасць манеўру можна павялічыць за кошт таго, што ў падраздзяленняў сыходзіць менш часу на арыентаванне на мясцовасці адзін адносна аднаго. Аб імаверных месцах размяшчэння праціўніка можна паведаміць па ўсіх сетках.

Паколькі ў такой сістэмы ёсць шматлікія перавагі, можа ўзнікнуць уражанне, што ў Расеі на яе найноўшых танках усталяванае нешта падобнае. Але ўсё нашмат складаней. Кожная расейская машына ў асобнасці тэарэтычна валодае такімі магчымасцямі, але праз недахоп фінансавых сродкаў абсталяваць сістэмай апазнавання сваіх танкаў усе танкавыя войскі Расеі не ўдаецца. Але які «стандарт» для расейскіх танкаў? Ці ёсць у іх нешта падобнае на тое, што існуе ў амерыканскіх вайскоўцаў?

Сэрцам кожнай баявой сеткі з'яўляецца радыё. Без радыёсувязі танк пазбавіцца магчымасці прымаць і перадаваць каманды, а таксама ўсякія звесткі. Стандартнай радыёстанцыяй для большасці расейскіх баявых танкаў з'яўляецца комплекс радыёсувязі Р-168. Р-168 забяспечвае галасавую сувязь і абмен звесткамі паміж усімі танкамі воінскага фармавання ў руху на адлегласці да 30 км. Што тычыцца перадачы звестак, то хуткасць такой перадачы складае да 16 кілабіт на секунду.

Яшчэ адным ключавым кампанентам, які шырока выкарыстоўваецца ў войсках, з'яўляецца навігацыйная апаратура «Азімут». Яна складаецца з прымача ГЛОНАСС, электроннага компаса і яшчэ некалькіх прыбораў. Гэтая сістэма спалучаная з Р-168 для перадачы па сетцы звестак пра месцазнаходжанне баявой машыны, аб кірунку яе руху і аб іншых параметрах.

«Азімут» тэарэтычна можа выдаваць навігацыйную інфармацыю чальцам экіпажа, але звычайна гэта не робіцца. Часцей за ўсё за месцазнаходжаннем машын сочаць і назіраюць з каманднага пункта, якім можа быць танк Т-90АК або іншы камандзірскі танк.

Спалучэнне «Азімута» і Р-168, здольных ажыццяўляць перадачу звестак, дае расейскім танкавым войскам абмежаваную магчымасць для апазнавання сваіх танкаў пры ўмове, што яны выкарыстоўваюць і тую, і іншую апаратуру. Абнаўленне інфармацыі пра месцазнаходжанне машын, якое ажыццяўляецца «Азімутам» па сетцы радыёсувязі, дазваляе каманднаму пункту або камандзірскаму танку адсочваць месцазнаходжанне названых танкаў на рухомай мапе.

Гэта цалкам падыходзіць для расейскай цэнтралізаванай сістэмы кіравання войскамі. Але яна пазбаўленая той гнуткасці, якой валодае амерыканскае войска, у якой сістэма апазнавання ўсталяваная амаль на кожным танку. Большасць расейскіх машын з апаратурай «Азімут» не маюць абсталявання для атрымання звестак пра месцазнаходжанне іншых аснашчаных такой сістэмай танкаў, бо экран, які ўжываецца для апазнавання, на лінейных машынах не ўсталёўваецца.

У адрозненне ад Расеі, практычна кожны «Абрамс» са складу амерыканскага войска мае сістэму адсочвання сваіх сіл, і яго экіпаж бачыць на рухомай мапе месцазнаходжанне іншых танкаў свайго падраздзялення ці часткі. Гэта спрашчае ўзаемадзеянне і арыентаванне на ўзроўні ўзвода у адрозненне ад расейскіх танкаў, дзе арыентаванне ажыццяўляецца па радыёсувязі або па мапе. У Расеі ёсць сістэмы незалежнай навігацыі тыпу ТНА-3, але зноў жа, такую апаратуру звычайна ўсталёўваюць на камандзірскіх машынах.

У 2010 годзе была зробленая спроба змяніць такое становішча рэчаў пры дапамозе танка Т90А2, у якога маецца адзіная сістэма кіравання тактычнага звяна «Сузор'е-2М», але гэты танк не быў прыняты на ўзбраенне. Апошнія распрацоўкі менш амбіцыйныя. Кажуць, што ў Т-90М маецца экран для рухомай мапы, таму магчыма, што такія танкі змогуць адсочваць месцазнаходжанне адзін аднаго і іншых машын з апаратурай «Азімут».

Але нават у гэтых варунках іх сетка зможа працаваць у абмежаванай прасторы ў параўнанні з амерыканскай сістэмай апазнавання сваіх танкаў, у якой выкарыстоўваецца спадарожнікавы канал сувязі. Прычына ў тым, што такая сетка разлічаная на лічбавую радыёапаратуру. Кажуць, што ў танка «Армата» ёсць сістэмы, аналагічныя тым, што ўсталяваныя на Т-90М. Як мяркуецца, калі ў адсеку экіпажа будзе некалькі экранаў, ніякіх праблем з спалучэннем не ўзнікне. Але «Армата» наўрад ці будзе выкарыстоўваць спадарожнікавую сувязь у сваёй сістэме апазнавання і сачэння.

Хоць цяпер вельмі шмат пішуць пра ўзбраенні, браню і мабільнасць новых танкаў, але кіраванне часцяком з'яўляецца не менш важным кампанентам для дасягнення перамогі ў баі, калі не больш. ЗША захоўваюць значную перавагу ў гэтай галіне, бо большасць расейскіх танкаў не абсталяваныя нават апаратурай «Азімут», а тым больш прыладамі лічбавай індыкацыі і сучаснымі сродкамі спадарожнікавай сувязі. Але паколькі ў расейскім войску дзейнічае строгая сістэма падпарадкаванасці з цэнтралізаваным кіраваннем, і шырока выкарыстоўваюцца сродкі радыёэлектроннай барацьбы, стаўка на ранейшыя сістэмы навігацыі і кіравання можа мець больш сэнсу.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках