27 красавiка 2024, Субота, 1:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мэй назвала ўнікальнымі будучыя стасункі Лондана і ЕЗ

Мэй назвала ўнікальнымі будучыя стасункі Лондана і ЕЗ
ТЭРЭЗА МЭЙ
ФОТА: AP

Брусэль яшчэ ніколі не заключаў такіх дамоў, як з Вялікабрытаніяй, заявіла Тэрэза Мэй у парламенце.

Прэм'ер-міністарка Вялікабрытаніі Тэрэза Мэй назвала вялікім поспехам палітычную заяву пра будучыя стасункі паміж яе краінай і Еўразвязам пасля «Брэксіта», паведамляе DW.

Брусэль яшчэ ніколі раней не заключаў такой дамовы з эканамічна развітой дзяржавай, заявіла Мэй, выступаючы з прамовай у парламенце ў Лондане ў чацвер, 22 лістапада. Пры гэтым Вялікабрытанія зноў набудзе кантроль над сваімі межамі, сваімі законамі і сваімі грашыма, падкрэсліла яна.

«Тэкст, які мы цяпер узгаднілі, дасць магчымасць стварыць новую зону свабоднага гандлю з ЕЗ без мыт, падаткаў, тарыфаў і колькасных абмежаванняў», - паказала Мэй. У той жа час кіраўнік апазіцыйнай Лейбарысцкай партыі Джэрамі Корбін раскрытыкаваў палітычную заяву ЕЗ і Вялікабрытаніі, назваўшы яе «атэстатам аб правале» ўрада і «словаблудствам». Ён заявіў, што яго фракцыя не падтрымае гэты дакумент.

У адрозненне ад дамовы аб выхадзе Вялікабрытаніі са складу ЕЗ, праект якой бакі ўзгаднілі на мінулым тыдні, палітычная заява аб будучых стасунках Брусэля і Лондана не мае юрыдычнага абавязання. Абодва дакументы павінны быць зацверджаныя на пазачарговым саміце ЕЗ у нядзелю, 25 лістапада.

Пакуль невядома, ці падтрымае дамову па «Брэксіту» брытанскі парламент. Пра сваю нязгоду з гэтым дакументам ужо абвясціла не толькі апазіцыя, але і некаторыя дэпутаты ад кіруючай Кансерватыўнай партыі, а таксама сябры паўночнаірландскай Дэмакратычнай юніянісцкай партыі, ад падтрымкі якіх залежыць брытанскі ўрад меншасці.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках