21 красавiка 2019, Нядзеля, 12:12
За нашу і вашу свабоду!
Рубрыкі

Пасажырскі самалёт сышоў у 150-метровае піке праз памылку пілота

7
ФОТА: PA

На борце былі 44 пасажыры і чатыры сябры экіпажа.

Пілот рэйса брытанскай авіякампаніі Flybe памыліўся з наладамі аўтапілота, што прывяло да рэзкага зніжэння самалёта, адзначаецца ў афіцыйнай справаздачы пра расследаванне інцыдэнту, які быў у чацвер, паведамляе ВВС.

Інцыдэнт адбыўся 11 студзеня. Пасажырскі самалёт, які выконваў рэйс з Белфаста ў Глазга, рэзка страціў вышыню адразу пасля ўзлёту - ён пікіраваў носам уніз больш за 150 метраў на працягу 18 секунд.

На борце былі 44 пасажыры і чатыры сябры экіпажа.

Паводле звестак справаздачы Аддзела расследавання авіяцыйных здарэнняў, пасля таго як спрацавала аварыйная сігналізацыя, пілот выправіў памылку на вышыні 283 метры над зямлёй.

Авіякампанія заявіла, што прыняла «аператыўныя захады ліквідацыі недахопаў».

У справаздачы гаворыцца, што на вышыні 411 метраў пілот самалёта Bombardier Dash-8 Q400 уключыў аўтапілот.

Калі вышыня дасягнула 457 метраў, самалёт пачаў рэзкае зніжэнне, таму што датчык вышыні на аўтапілоце быў усталяваны на нуль футаў.

Сябры экіпажа паведамілі, што яны ўбачылі перад сабой зямлю падчас піке. Хуткасць самалёта ў гэты момант складала блізу 250 км/г.

60-гадовы пілот адрэагаваў на сігналізацыю ў кабіне амаль імгненна і выключыў аўтапілот, паведамляецца ў справаздачы. Палёт, як і планавалася, завяршыўся ў Глазга, іншых інцыдэнтаў не было.

Авіякампанія Flybe пасля інцыдэнту перагледзела трэнінгі на сімулятарах і дапоўніла кантрольны пералік аперацый. У сваёй заяве авіяперавозчык заявіў, што «працягвае няўхільна выконваць высокія стандарты палётаў».