27 красавiка 2024, Субота, 7:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Ён ужо перамог»: Прэмію Сахарава за Алега Сянцова атрымала ягоная сястра

1
«Ён ужо перамог»: Прэмію Сахарава за Алега Сянцова атрымала ягоная сястра
АЛЕГ СЯНЦОЎ

Дзякуючы ўчынку Сянцова, пра рэпрэсіі з боку Расеі загаварыў увесь свет.

Украінскаму палітвязню Алегу Сянцова ў Страсбургу ўручылі прэмію імя Сахарава, якую замест яго атрымала ягоная сястра Наталля Каплан.

Падчас узнагароджання Каплан зачытала ліст ад Сянцова, паведамляе «Громадське».

«Паважанае спадарства! Я не магу прысутнічаць у гэтай зале, але вы можаце пачуць мае словы, нават калі іх вымавіць іншы. Слова - гэта галоўны інструмент чалавека, а часта ягоны адзіны, асабліва калі ў яго адабралі ўсё астатняе. Словам можна вылечыць, а можна пакалечыць, можна выратаваць, а можна забіць, закамандаваць «Агонь!». Ёсць людзі, чые словы могуць шмат. Ёсць людзі, надзеленыя ўладай і магчымасцямі, але яны выкарыстоўваюць сілу сваіх слоў па-рознаму. Можна заклікаць змірыцца і здацца, а можна наадварот, заклікаць супраціўляцца і змагацца, нават калі няма шанцаў выжыць, а ёсць шанец толькі загінуць.

Але не так важна, колькі ты пражыў, важна як. Усё адно, калі ты памрэш, важней як і за што. Можна да 18 гадоў быць простай сялянкай, а затым сваімі словамі падняць на супраціў цэлую краіну, прыняць прыніжэнні і пакутніцкую смерць, а потым застацца жыць вечна ў гісторыі пад імем Жанна. А можна да глыбокай старасці пражыць сытае жыццё крывавага кіраўніка, нястомна прамаўляючы чараду хлуслівых слоў, якімі нібыта будзе захапляцца твой народ, і табе нават будуць падаваць рукі сусветныя лідары, не жадаючы з табой сварыцца, але пасля смерці тваё імя будзе праклятае, і слова Бакаса стане агульным, і не яно адно. Сучаснасць часта несправядлівая, гісторыя справядлівая заўсёды - з часам усё заўсёды ўстае на свае месцы і называецца сваімі імёнамі. І нехта падае ўніз, на кучу смецця, пад праклён вызваленага народа, разам з абломкамі помнікаў самому сабе, а хтосьці, каго раней пераследавалі і амаль усе пагарджалі, наадварот, пасля смерці займае годнае месца ў сусветнай гісторыі, і ягоным імем пачынаюць называць вуліцы, караблі, прэміі.

Напрыклад, як гэтая. Андрэй Сахараў гэта безумоўна чалавек, на якога варта раўняцца, і станавіцца нават дзесьці крыху побач з ім - гэта занадта вялікі гонар для мяне: ён высока падняў планку адукаванасці і таленту, інтэлігентнасці і выхаванасці, годнасці і гуманізму. Але я спадзяюся, што я яшчэ змагу, паспею нешта зрабіць для таго, каб адчуць, што я заслужыў гэтую ўзнагароду. Дзякуй.

На цырымонію ўручэння прэміі ў Страсбург таксама быў запрошаны адвакат Сянцова Дзмітрый Дзінзэ.

Падчас уручэння прэміі Каплан заявіла, што дзякуючы ўчынку Сянцова пра рэпрэсіі з боку Расеі загаварыў увесь свет.

«Алег прыцягнуў вялікую ўвагу да тэмы ўкраінскіх палітвязняў. Ён ужо перамог», - сказала Каплан.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках