27 красавiка 2024, Субота, 5:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пуцін загнаў сябе ў пастку

3
Пуцін загнаў сябе ў пастку
УЛАДЗІМІР ПУЦІН

У Крыме вельмі цяжкая сітуацыя.

Ва Украіны ёсць усе шанцы на тое, што рэзалюцыя паводле акту ваеннай агрэсіі Расеі ў Керчанскім праліве будзе прагаласаваная на пасяджэнні Генасамблеі ААН 17 снежня. Акрамя таго, на паседжанні можа зрушыцца з мёртвай кропкі пытанне пра міратворчы кантынгент ААН на Данбасе. Такое меркаванне выказаў "Апострафу" эксперт у пытаннях бяспекі, ветэран вонкавай выведкі, генерал-лейтэнант Васіль Богдан.

Пра Генасамблею ААН 17 снежня

Хацелася б чакаць, што там будуць больш канкрэтныя і прадметныя захады, і рэзалюцыя будзе змяшчаць больш жорсткую ацэнку дзеянняў РФ у дачыненні да Украіны. Але мы павінны выдатна разумець, што Расея як сталы ўдзельнік Рады бяспекі ААН можа зрабіць сваю справу з дапамогай сатэлітаў, якія ідуць у фарватары яе вонкавай палітыкі. Але сітуацыя больш аптымістычная ў тым кантэксце, што ў Генасамблеі ААН Расея не зможа накласці вета, ужыць нейкія дэструктыўныя захады. Крэмль можа толькі выказаць сваю пазіцыю, якую могуць падтрымаць ягоныя прыхільнікі.

Безумоўна, гэта няпростае пытанне, таму што ў Еўрапейскім Звязе не ўсе схільныя да таго, каб падтрымаць укараненне міратворчай місіі на Усходзе Украіны. Ёсць пэўная частка дзяржаўных дзеячаў і палітыкаў, у якіх недастаткова ўхвальнае стаўленне да міратворчай місіі. Але апошнія падзеі ў нейтральных водах паблізу Керчанскага праліва многім расплюшчылі вочы, і сама менш на Захадзе настроеныя, каб не дапусціць далейшага абвастрэння падзей. Гэта па-першае. А па-другое, усе вельмі абураныя тым, што РФ парушае ўсе сусветныя нормы і канвенцыі, асабліва гэта тычыцца права свабоднага мараплаўства. А гэтае пытанне з'яўляецца прынцыповым для марскіх краінаў-лідараў свету. І, безумоўна, усе даволі востра рэагуюць на парушэнні марскога права. І ёсць падставы спадзявацца, што гэтыя аргументы згуляюць сваю ролю.

Хацелася б адзначыць і тое, што паводле вынікаў візіту Пятра Парашэнкі ў Брусэль, дзе ён сустракаўся з лідарамі Еўрапейскага Звязу і генсекам NATO Енсам Сталтэнбергам, мы маем пэўныя напрацоўкі і аптымістычныя прагнозы, нягледзячы на тое, што мы пачулі чарговае абурэнне і асуджэнне дзеянняў РФ. Усё ж гаворка ідзе і пра канкрэтыку тых санкцый, якія будуць захаваныя, а таксама тых санкцый, якія могуць быць ужытыя. Прынамсі, асобныя штрыхі таго, пра што ўжо быццам бы дамовіліся – дапамога NATO ў кантэксце вылучэння пэўных відаў узбраення Украіне, намеры блакаваць заход судоў РФ у адпаведныя парты, прадметныя заклікі пра тое, што Расея павінна вызваліць маракоў і караблі, а таксама прадугледжваецца гуманітарная і фінансавая дапамога Украіне ў асобных пытаннях – даюць Украіне асцярожны аптымізм з прычыны таго, што рэзалюцыя Генасамблеі ААН у ключавых пытаннях жыццядзейнасці свету ў кантэксце агрэсіі Расеі супраць Украіны будзе больш жорсткай, прадметнай і згуляе сваю ролю ў кантэксце маральна-палітычнай і палітыка-дыпламатычнай падтрымкі Украіны.

Пра міратворчую місію ААН на Данбасе

Цяпер гэтае пытанне знаходзіцца на стадыі вывучэння. Паводле статута ААН пастанова пра ўкараненне мандата міратворчай місіі прымаецца на Генасамблеі ААН. І першы этап – гэта тэхнічная ацэнка таго, дзе будуць укаранёныя міратворчыя сілы з адпаведным мандатам. Яшчэ раз паўтару, што не ўсе станоўча ставяцца да гэтага. У свой час дарадца прэзідэнта ЗША ў пытаннях нацбяспекі Джон Болтан выказваўся вельмі скептычна з нагоды таго, што гэтая міратворчая місія дасць. Але з прычыны таго, як паводзіць сябе цяпер Расея, і беручы пад увагу тое, што асноўным акцэнтам у адпоры расейскай агрэсіі і яе стрымлівання ўсё ж з'яўляюцца палітыка-дыпламатычныя захады, то мы маем пэўныя перспектывы з нагоды таго, што Генасамблея можа прыняць пастанову ў пазітыўным плане і прыступіць да тэхнічнай ацэнкі.

Што гэта значыць? Па-першае, гэта вывучэнне сітуацыі на месцы, па-другое, пошук краінаў, якія дадуць згоду на ўдзел у міратворчай місіі, па-трэцяе, пошук краінаў, якія гатовыя прафінансаваць удзел ваеннага кантынгенту ў гэтай міратворчай місіі. Бо калі казаць пра 22–25 тысячаў вайскоўцаў, то гэта досыць магутны кантынгент, які павінен быць забяспечаны ўзбраеннем, ваеннай тэхнікай, лагістыкай, фінансаваннем і да таго падобным.

Таму калі на гэтым этапе будзе прынятая прынцыповая пастанова, то далей будзе этап тэхнічнай ацэнкі, за якім рушыць канчатковая пастанова Генасамблеі пра накіраванне ва Украіну міратворчай місіі. Развязанне гэтага пытання можа заняць 8-9 месяцаў, калі не больш.

Відавочна, што гэта ўжо будзе адбывацца пасля прэзідэнцкіх выбараў ва Украіне. Хоць падрыхтоўчы этап можа пачацца і цяпер. Тым больш, што Пуцін пакуль ужывае супраць Украіны толькі чыннік сілы. Бо ён фактычна заблакаваў нармандскі фармат, няма вынікаў працы трохбаковай кантактнай групы. Нават праца ў пытанні абмену нашых ваеннапалонных на тых, хто тут змушаны да крымінальнай адказнасці, таксама заблакаваная. Не дзейнічаюць нават прывабныя для агрэсара прапановы ўкраінскага боку – напрыклад, абмен 69 на 18. Гэта таксама звязваюць з перадвыбарнай кампаніяй, бо Пуцін не хоча ствараць пазітыўныя сігналы для Парашэнкі.

У той самы час больш магутная, катэгарычная і канкрэтная рэакцыя міжнароднай супольнасці ўсё ж магла б паўплываць на тое, каб пастанова пра пачатак вывучэння пытання наконт міратворчай місіі пачалася.

Пра верагоднасць новай агрэсіі

Па-за ўсякім сумневам, чакаць можна чаго заўгодна. Наўрад ці гэта могуць быць нейкія шырокамаштабныя акцыі, таму што рэакцыя Захаду на падзеі ў Керчанскім праліве была досыць вострай, хай і палітыка-дыпламатычнай.

Нейкія правакацыі магчымыя, але яны не паўплываюць на тое, што адбываецца на Данбасе. Адзінае, на што гэта можа паўплываць – у Крамлі будуць казаць, што ўкраінскі рэжым не здольны развязваць там нейкія пытанні. Аднак гэта робіцца ўвесь час, паслядоўна, нахабна і маштабна. Гэта ажыццяўляецца праз СМІ, лабісцкія структуры Пуціна на Захадзе і калабаранцкую пятую калону ва Украіне.

Але напярэдадні святаў наўрад ці Пуцін адважыцца праігнараваць меркаванне сусветнай супольнасці. А падзея, якая адбылася ў раёне Керчанскага праліва, усё ж не дасягнула мэты.

Гэтымі дзеяннямі Пуцін сам сябе загнаў у пастку, з якой спрабуе нейкім чынам выйсці. Таму з Крыма нашых маракоў перавезлі ў Маскву, каб там іх апрацоўваць і неяк уплываць на іх. Акрамя таго, Пуцін не хоча бударажыць грамадскую думку ў Крыме, таму што там ужо пачаліся сур'ёзныя працэсы, калі нашых хлопцаў затрымалі і кінулі ў турму. Дарэчы, гэта сведчанне таго, што сітуацыя ў Крыме досыць складаная, паколькі грамадска-палітычная і сацыяльна-эканамічная сітуацыя на паўвостраве пагаршаецца. Насельніцтва ўжо не ўспрымае таго, што было ў 2014 годзе – яно расчараванае і можа дзейнічаць не так, як гэтага хацелася б Крамлю.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках