Генасамблея ААН не прыняла рэзалюцыю РФ адносна Дамовы аб РСМД
- 21.12.2018, 20:37
- 9,991
Дакумент адносна Дамовы аб ракетах сярэдняй і меншай далёкасці, прапанаваны Масквой, не падтрымалі 46 краін.
За рэзалюцыю прагаласавалі 43 краіны, супраць - 46, яшчэ 78 устрымаліся. Супраць дакумента выступілі ЗША, Японія, Турцыя, Ізраіль, Украіна і краіны Еўразвязу, за - Кітай, Іран, Сірыя, краіны Лацінскай Амерыкі і сябры Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бяспецы, паведамляе РБК.
У дакуменце адзначалася, што дзеянні, якія падрываюць палажэнні дамовы, павінны разглядацца як пагроза сусветнай стратэгічнай стабільнасці і бяспецы. У рэзалюцыі падкрэслівалася, што ДРСМД з'яўляецца «адным з краевугольных камянёў еўрапейскай і міжнароднай бяспекі».
Першым разам Расея спрабавала ўнесці рэзалюцыю на разгляд Генасамблеі ААН у кастрычніку, аднак тады першы камітэт арганізацыі не стаў яго разглядаць. Супраць дакумента выступілі 55 краін, у падтрымку - 31. 15 снежня афіцыйны прадстаўнік пастаяннага прадстаўніцтва Расеі пры ААН Фёдар Стржыжоўскі заявіў пра ўнясенне ў Генасамблею рэзалюцыю ў падтрымку дамовы. Кіраўнік МЗС РФ Сяргей Лаўроў 17 студзеня паведаміў, што Расея зноў унясе дакумент на разгляд Генасамблеі.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп у кастрычніку гэтага года абвясціў пра намер выйсці з ДРСМД, укладзенай у 1987 годзе амерыканскім лідарам Рональдам Рэйганам і савецкім прэзідэнтам Міхаілам Гарбачовым. З ягоных слоў, Масква парушае ўмовы дамовы.
Прычынай для разрыву дамовы Трамп назваў ужыванне Расеяй ракет 9М729 (SSC-8), якія нібыта могуць нанесці ядзерны ўдар па еўрапейскіх краінах. Са слоў дзяржсакратара Майка Пампея, у Масквы маецца некалькі батальёнаў, узброеных 9M729.
Дзяржсакратар ЗША Майк Пампея 5 снежня заявіў, што ў Расеі ёсць 60 дзён, каб выканаць узятыя на сябе абавязанні па ракетнай дамове, інакш ЗША перастануць выконваць палажэнні ДРСМД.
ДРСМД абмяжоўвае вытворчасць, выкарыстанне і захоўванне балістычных ракет наземнага базіравання сярэдняй (ад 1000 да 5500 км) і малой (ад 500 да 1000 км) далёкасці.