Мінчанку знайшлі ў лесе праз дзесяць дзён пошукаў
3- 12.08.2026, 12:15
- 3,432
Цяпер яна ў рэанімацыі.
У суботу, 1 жніўня, Марыя Пракапчык выйшла з дому і знікла. Упершыню камеры відэаназірання зафіксавалі яе ў раёне вуліцы Панченко, а далей жанчына нібыта знікла без следу.
Мінчанку выявілі праз 10 дзён, яна жывая. Падрабязнасцямі выратавальнай аперацыі з Onlíner падзяліўся кіраўнік пошукава-выратавальнага атрада «Сірыус» Павал Яхімовіч.
Марыі Мікалаеўне 74 гады. Частку яе шляху блізкім і валанцёрам удалося адсачыць па запісах камер відэаназірання. На аўтобусе пенсіянерка даехала да вуліцы Панченко, а далей яе след згубіўся.
Шукаць Марыю пачалі адразу: жанчына пакутуе на дэменцыю, таму была дэзарыентаваная і мела патрэбу ў медыцынскай дапамозе.
— Да 8 жніўня пра Марыю Мікалаеўну не было ніякай інфармацыі. Увесь гэты час пошукі не спыняліся, — распавядае Павал Яхімовіч. — І толькі ў мінулую суботу з'явілася зачэпка: вывучаны відэаматэрыял паказаў, што жанчына выйшла з аўтобуса ў раёне 4-га завулка Мантажнікаў, каля лесапаласы. Мы накіравалі два кіналагічныя разлікі для праверкі небяспечных прыродных пастак у тым раёне.

Увечары 11 жніўня сабакі выявілі пенсіянерку, якая ляжала ў густым кустоўі. Яна была ў прытомнасці, але цалкам знясіленая — найбольш верагодна, жанчына амаль нічога не піла і дакладна нічога не ела.
— Валанцёры накрылі яе тэрмакоўдрай, намочылі вусны вадой і перадалі брыгадзе хуткай. Калі казаць аб'ектыўна, Марыя Мікалаеўна знаходзіцца ў вельмі цяжкім стане, яна ў рэанімацыі. Відавочна, калі жанчына зайшла ў лес, то ўпала і заставалася ў такім становішчы да таго часу, пакуль яе не знайшлі.
Нагадаем, гэта не першы выпадак, калі чалавека ратуюць пасля доўгіх блуканняў. У ліпені СМІ распавядалі пра Ніну Куніцкую, якую знайшлі жывой праз дзве тыдні пасля знікнення ў лесе пад Пінскам.