27 красавiка 2024, Субота, 7:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Украіна падае ў Міжнародны суд ААН пазоў супраць РФ

5
Украіна падае ў Міжнародны суд ААН пазоў супраць РФ

Дакумент ужо зафіксаваны.

Украіна збіраецца падаць пазоў у Міжнародны суд ААН, патрабуючы прызнаць адказнасць Расеі за акт агрэсіі ў Керчанскай пратоцы. Пра гэта ў панядзелак, 3 снежня, заявіў прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка, паведамляе dw.com.

"Рыхтуецца пазоў у Міжнародны суд ААН у сувязі з актам агрэсіі. Дакумент гэты ўжо зафіксаваны. Аб адказнасці Расейскай Федэрацыі за агрэсію супраць нашай дзяржавы", - адзначыў ён у інтэрв'ю тэлеканалу ICTV.

"Сапраўдныя героі"

Са слоў Парашэнкі, большасць узятых у палон маракоў "адмовіліся прызнаваць гэты (расейскі - Рэд.) суд" і "занялі цвёрдую праўкраінскую пазіцыю". "Гэта сапраўдныя героі, якія выратавалі краіну ад магчымай агрэсіі. І яны заслугоўваюць усялякай падтрымкі ўкраінскага народа", - падкрэсліў ён. Для вяртання ўкраінскіх маракоў і прызнання расейскай агрэсіі неабходна "аб'яднаць намаганні ўсяго свету", запэўніў Парашэнка.

Між тым Украіна, згодна са зробленай напярэдадні заявай прэзідэнта, сцягвае да мяжы з Расеяй дадатковыя сілы. Пятро Парашэнка і старшыня Вярхоўнай рады Андрэй Парубій падпісалі указ аб увядзенні ваеннага становішча 28 лістапада. Гэты рэжым дзейнічае цягам 30 дзён у абласцях, якія мяжуюць з Расеяй і непрызнаным Прыднястроўем. Са слоў прэзідэнта, ваеннае становішча з'яўляецца "прэвентыўнай мерай". Гэты час будзе выкарыстаны, каб умацаваць абарону краіны і здольнасць абараніць яе грамадзян, падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

ВМС Украіны паведамілі аб захопе караблёў

Ваенна-марскія сілы Украіны 25 лістапада паведамілі пра захоп расейскім спецназам двух украінскіх катараў і буксіра на падыходзе да Керчанскай пратокі і раненні ўкраінскіх вайскоўцаў. Паводле версіі ФСБ Расеі, караблі "Бярдзянск", "Нікапаль" і "Яны Капу", якія ехалі з Адэсы ў Марыупаль, затрыманыя, бо "перасеклі дзяржаўную мяжу РФ" і "неправамерна зайшлі ў часова закрытую акваторыю тэрытарыяльнага мора" Расеі. Паводле ацэнак міжнародных экспэртаў, Украіна мае неабмежаванае права на транзіт праз Керчанскую пратоку.

Расея ў 2014 годзе анэксавала ўкраінскую паўвыспу і называе Крым сваёй тэрыторыяй. Украіна і большасць краін свету ўважае гэтае "далучэнне" за незаконнае.

Трамп скасаваў сустрэчу з Пуціным

З асуджэннем дзеянняў Расеі выступіла NАТО, сваю заклапочанасць інцыдэнтам выказалі Еўразвяз, а таксама ЗША, Нямеччына, Францыя і іншыя дзяржавы. Праз канфлікт у Керчанскай пратоцы прэзідэнт Злучаных Штатаў Дональд Трамп скасаваў сустрэчу з Уладзімірам Пуціным, якая была запланаваная ў кулуарах саміту G20 у Аргентыне.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках