27 красавiка 2024, Субота, 3:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Шашлыкі для гасцей і рамонт для цёшчы: За хабар судзяць збеглага экс-кіраўніка Гомельскага раёна

7
Шашлыкі для гасцей і рамонт для цёшчы: За хабар судзяць збеглага экс-кіраўніка Гомельскага раёна
АЛЯКСАНДР СІТНІЦА
ФОТА: TUT.BY

Сітніца абвінавачваецца паводле двух самых распаўсюджаных у чыноўніцкім асяроддзі артыкулаў.

4 снежня суд Цэнтральнага раёна Гомеля пачаў разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да былога старшыні Гомельскага райвыканкама Аляксандра Сітніцы, піша tut.by. 48-гадовы экс-кіраўнік абвінавачваецца на падставе двух самых распаўсюджаных апошнім часам у чыноўніцкім асяроддзі артыкулаў — «Хабар» і «Перавышэнне службовых паўнамоцтваў».

Следства мяркуе, што з 2015 года за хабар Сітніца падаваў неабгрунтаваныя льготы і перавагі розным камерцыйным структурам у сферы зямельных стасункаў, ажыццяўлення будаўніча-мантажных работ, камунальна-бытавых паслуг.

Пацярпелымі ў крымінальнай справе прызнаныя дырэктар Гомельскага мясакамбіната і дырэктар КСУП «Урыцкае», а таксама намеснік дырэктара Гомельскай птушкафабрыкі.

Сёння ў судзе было зачытанаЕ абвінавачванне — на гэта ў пракурора сышло больш за тры гадзіны. Эпізодаў шмат.

Паводле версіі дзяржабвінавачання, Сітніца на пасадзе старшыні райвыканкама лабіяваў інтарэсы прыватных фірмаў, кіраўнікі якіх пасля дзякавалі яму за такое заступніцтва.

Так, ТАА «Экасім» на загад чыноўніка нібыта незаконна былі выдадзеныя ў арэнду 14 гектараў зямель КСУП «Урыцкае», размешчаных каля вёскі Стукачоўка.

КСУП «Урыцкае», у сваю чаргу, завінавацілася прадпрыемству па ўсталёўцы і абслугоўванню халадзільнага абсталявання са Жлобіна. Дырэктар прыватнай структуры з'яўляўся прыяцелем Сітніцы. Да яго ён і звярнуўся па дапамогу. Той дапамог выбіць запазычанасць і, паводле версіі следства, таксама зрабіў гэта незаконна.

Узамен за гэтыя і іншыя развязаныя пытанні Сітніца нібыта абслугоўваў на СТА за кошт фірмы асабісты Mitsubishi Pajero. А яшчэ адрамантаваў кватэру цёшчы, будаваў лазню з верандай на дачным надзеле жонкі: нібыта кіраўнік камерцыйнай фірмы, чые інтарэсы чыноўнік лабіяваў, набываў усе неабходныя для гэтага будматэрыялы і абсталяванне.

Таксама нібыта за чужыя сродкі быў зроблены рамонт у кватэры старшыні, размешчанай у цэнтры горада. Там не паспелі ўсталяваць толькі міжпакаёвыя дзверы - Сітніцу затрымалі.

Кіроўца КСУП «Цяплічнае» нібыта не аднойчы ў фірмовай краме прадпрыемства набываў і адвозіў для сям'і Сітніцы агуркі і памідоры. А сваіх гасцей кіраўнік раёна, устанавіла следства, прымаў у комплексе для адпачынку ў Чонках і там жа частаваў квашанай капустай, марынаванымі агуркамі, шашлыкамі з бараніны і вэнджанымі каўбасамі з фірмовых крам КСУП «Урыцкае» і ААТ «Камбінат «Усход». Гасцей на такія пікнікі, паводле версіі следства, дастаўлялі на аўтамабілі Гомельскага райжылкамгаса - за кошт прадпрыемства.

Гэтыя і іншыя дзеянні экс-старшыні, са слоў пракурора, прывялі да «падрыву аўтарытэту ўлады, дыскрэдытацыі яе і фармавання ў грамадзян недаверу».

Сваю віну былы кіраўнік раёна прызнаў цалкам.

Заўтра суд прыступіць да ягонага допыту.

Нагадаем, у сярэдзіне красавіка старшыня Гомельскага райвыканкама Аляксандр Сітніца нечакана для ўсіх знік. Ніхто з калег і падначаленых кіраўніка раёна так і не змог адказаць, дзе знаходзіцца чыноўнік, а ягоны тэлефон быў адключаны.

Праз нейкі час з афіцыйнага сайта райвыканкама з графы «Кіраўніцтва» знікла і ягонае прозвішча. У аблвыканкаме пракаментавалі: «Аляксандр Сітніца вызвалены ад займанай пасады за прагулы».

Пазней яго знайшлі і затрымалі ў Расеі, далей ён быў змешчаны ў следчы ізалятар у Беларусі.

Жонка затрыманага Святлана назвала абвінавачванне трызненнем.

«Затрыманы за хабар - гэта наогул адкуль узялося? Мне цікава, што за такое абвінавачванне. Хабар - гэта проста на 100% выключана. Калі б ён нешта прыносіў, прывозіў, я б першая ведала...ды мы за ўсё наша жыццё два разы разам адпачывалі! Усё працаваў - і да чаго дапрацаваўся...чалавека проста ўсё дастала. Усе гэтыя свінакомплексы і іншае. Ён сам усё кінуў і паехаў, каб яго проста звольнілі. А цяпер вось з'явіліся нейкія крымінальныя справы і хабары».

Аляксандр Сітніца ўзначальваў Гомельскі райвыканкам з 2009 года.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках