26 красавiка 2024, Пятніца, 23:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расейскіх прайдзісветаў выкурваюць з Еўропы

1
Расейскіх прайдзісветаў выкурваюць з Еўропы

Вялікая Брытанія абвясціла аб тым, што прыпыняе праграму выдачы візаў для багатых замежнікаў.

Праграма выдачы так званых інвестыцыйных віз будзе перагледжаная, правілы стануць больш жорсткімі. Такім чынам, «акно», якім цягам некалькіх дзесяцігоддзяў карысталіся алігархі з Расеі і іншых былых савецкіх рэспублік, нарэшце зачыніцца, піша ўкраінскі журналіст Віталь Портнікаў для espreso.tv.

Гэта акно выкарыстоўвалася прайдзісветамі з «бруднымі» мільярдамі зусім не толькі для атрымання інвестыцыйных віз, куплі фешэнебельных асабнякоў і забеспячэння будучыні сваім атожылкам. Многія алігархі атрымлівалі грамадзянства Вялікай Брытаніі, што дазваляла ім выдаваць сябе ў іншых краінах ужо за брытанскіх інвестараў і заставацца пад абаронай новай Радзімы. Пры гэтым сувязі з Масквой, натуральна, захоўваліся. І не проста з Масквой, а з расейскім рэжымам, адданымі слугамі якога заставаліся нахабныя багачы.

Пра ўсё гэта прадметна гаварылася ў дакладзе камітэта міжнародных спраў брытанскага парламента «Золата Масквы: расейская карупцыя ў Вялікай Брытаніі», у якім змяшчалася рэкамендацыя ўвесці дадатковыя санкцыі супраць асоб, звязаных з Крамлём, а таксама заблакаваць на глабальных рынках размяшчэнне даўгавых абавязацельстваў Расеі. Парламентарыі заклікалі ўлады перастаць заплюшчваць вочы на «клептакратаў з атачэння Пуціна і на парушальнікаў правоў чалавека, якія адмываюць грошы праз Лондан».

Адным з важных наступстваў гэтага дакладу стала прыняцце акта аб крымінальных фінансах, які прадугледжвае ўвядзенне ў дзеянне «ордэра на арышт багацця неўстаноўленага паходжання». Гэты акт дае магчымасць патрабаваць ад уладальнікаў тлумачэння паходжання ўсіх падазроных актываў коштам, большым за 50 тысяч фунтаў. Улады маюць права арыштаваць уласнасць, калі ўладальнік не змог давесці легальнасць паходжання сваіх даходаў.

І вось цяпер – новая пастанова аб пераглядзе інвестыцыйнай праграмы, цалкам натуральная ў варунках, калі агенты расейскіх спецслужбаў паводзяць сябе ў Англіі як на ўскраіне Разані. Цяпер колькасць патэнцыйных - і ўжо існых - агентаў расейскага ўплыву ў каралеўстве пачне змяншацца.

Зрэшты, гэта яшчэ не азначае, што ў сваёй бяспецы могуць быць упэўненыя ўсе еўрапейцы. Некаторыя прайдзісветы з брытанскімі пашпартамі і відамі на жыхарства ўжо перабіраюцца ў іншыя краіны Еўропы, урады якіх сімпатызуюць Пуціну. Рана ці позна іх давядзецца выкурваць і адтуль - пасля чарговай «справы атрутнікаў», толькі ўжо не ў Лондане ці Солсберы, а ў Рыме ці ў Вене.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках