23 красавiка 2024, aўторак, 9:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Паэтка Даша Бялькевіч: 25 сакавіка ў Менску выступяць лепшыя беларускія музыкі

4
Паэтка Даша Бялькевіч: 25 сакавіка ў Менску выступяць лепшыя беларускія музыкі
Фото: gs.by

Паэтка родам са Слоніма расказвае, як адсвяткаваць 100 гадоў аднаўлення беларускай дзяржаўнасці.

Зусім хутка будзе святкавацца 100 гадоў аднаўлення беларускай дзяржаўнасці, то бок абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі (беларусы страцілі сваю дзяржаўнасць у 1795 годзе пры трэцім падзеле Рэчы Паспалітай).

Па ўсёй краіне і асабліва ў Мінску плануюцца разнастайныя імпрэзы культурніцкага характару, прымеркаваныя да гэтай даты. Актыўны ўдзел у падрыхтаванні да святаў бярэ і таленавітая паэтка, былы сябра культурніцкай пляцоўкі «Арт Сядзіба» Даша Бялькевіч, якая родам са Слоніма. Маладая паэтка адказала «Газеце Слонiмскай» на некаторыя пытанні, датычныя гэтай гістарычнай падзеі.

— Чаму трэба святкаваць 100-годдзе Беларускай Народнай Рэспублікі?

— Па сутнасці, падпісанне трэцяй Устаўной граматы і абвяшчэнне БНР з`яўляецца першым афіцыйным прызнаннем беларускай дзяржаўнасці. Таксама можна ўмоўна лічыць гэтую дату адлікам незалежнасці Беларусі, бо пасля быў СССР, але БССР усё ж такі існавала. Гэтая дата — такая ж гістарычная дата, як 500-годдзе кнігадрукавання, напрыклад. І такая ж важная. Юбілей кнігадрукавання святкавалі па ўсёй краіне на дзяржаўным узроўні: праводзілі лекцыі, канцэрты, літаратурныя чытанні, па ўсіх гарадах развешаны плакаты з выявай Скарыны. Чаму б гэтак жа не адзначыць 100-годдзе БНР?

— Даша, раскажы, калі ласка, падрабязней пра святочную праграму, якая рыхтуецца ў межах кампаніі #БНР100.

— Плануюцца розныя флэшмобы, пачынаючы ад сацсеткавых (у свята ёсць свой хэштэг #БНР100) да афлайнавых: ускладанне кветак на могілках выбітных дзеячаў таго часу, малітва за Беларусь у цэрквах, касцёлах і іншых храмах — 25 сакавіка якраз выпадае на нядзелю, яшчэ будуць тэматычныя выставы і грандыёзны канцэрт. Пакуль не хачу раскрываць карты, хто будзе выступаць на ім, таму што яшчэ вядуцца перамовы. Але гэта будуць лепшыя беларускія музыкі, паверце. Падрабязную праграму можна знайсці ў інтэрнэце, увёўшы ў пошукавік «БНР 100 — Агульнанацыянальная кампанія». Таксама можна далучыцца да арганізацыі — не толькі паўдзельнічаць у кампаніі, але і падтрымаць яе на краўдфандынгавай платформе talaka.by — грашыма ці з дапамогай сваіх уласных навыкаў.

— Будзе штосьці праводзіцца ў рэгіёнах ці гэта толькі мінскае святкаванне?

— Так, усе тыя ж самыя фарматы будуць, па магчымасці, увасобленыя і ў іншых гарадах краіны з дапамогай мясцовых культурніцкіх арганізатараў. Увогуле, будзе інтэрактыўная мапа, на якой будуць пазначаны ўсе варыянты актыўнасцяў для многіх гарадоў. Таму кожны чалавек, дзе б ён ні быў, зможа знайсці, як адсвяткаваць гэтую падзею, ці знайсці бліжэйшы горад, дзе можна святкаваць.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках