27 красавiка 2024, Субота, 4:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Генадзь Фядыніч: Людзі гараць жаданнем прыехаць у Менск і перакрыць вуліцу Першамайскую

8
Генадзь Фядыніч: Людзі гараць жаданнем прыехаць у Менск і перакрыць вуліцу Першамайскую
Фото: belta.by

Беларусы з рэгіёнаў абураныя ціскам на прафзвяз РЭП.

Прафзвяз РЭП адправіў у Генеральную пракуратуру ліст з патрабаваннем вярнуць канфіскаваную падчас ператрусу тэхніку і спыніць масавыя допыты чальцоў прафзвязу. Аднак пракуратура перанакіравала зварот у Следчы камітэт. 15 лютага празвяз РЭП атрымаў адказ на свой зварот. Следчы камітэт патлумачыў, навошта цэлых паўгода ён трымае ў сябе прафсаюзныя кампутары і выклікае на допыты сотні людзей з усёй краіны, піша praca-by.info.

«Аб'екты, канфіскаваныя падчас расследавання крымінальнай справы, цяпер даследуюцца на прадмет дачынення і наяўнасці значнай інфармацыі ў справе» - так СК тлумачыць, чаму нельга вярнуць у офіс прафзвязу рабочую тэхніку.

«Улічваючы, што чальцы прафзвязу РЭП могуць валодаць значнай інфармацыяй аб крымінальнай справе, ёсць усе падставы для накіравання па тэрытарыяльнасці адпаведных даручэнняў для правядзення следчых дзеянняў - допытаў іх у якасці сведак» - гэта адказ на патрабаванне спыніць неабгрунтаваныя допыты ўсіх чальцоў прафзвязу РЭП, у тым ліку і былых.

Прававы інспектар прафзвязу РЭП Юрый Белякоў даў прававую ацэнку адказу Следчага камітэта:

- Па-першае, Следчы камітэт пры замене следчых, якія вядуць крымінальную справу, абавязаны быў спытаць у Комліка і Фядыніча, ці не пярэчаць яны супраць змены следчай групы - каб у выпадку нязгоды заявіць адводы. Але гэтага не было зроблена. Таму, згодна з законам, увесь далейшы збор довадаў не будзе мець для суда законнага дзеяння, бо довады збіраюцца з парушэннем Крымінальна-працэсуальнага кодэкса.

Юрый Белякоў мяркуе, што масавыя допыты не дапамагаюць прасоўвацца следству паводле крымінальнай справы, а наадварот: робяць немагчымым яе заканчэнне:

- Калі «Справа прафзвязаў» дойдзе да суда, то ўсіх людзей, якія далі паказанні, трэба будзе выклікаць на судовыя пасяджэнні. Калі дапыталі ўжо амаль трыста чалавек, то колькі ж будзе доўжыцца суд? Год, два? Цяпер следства пра гэта зусім не задумваецца.

Старшыня незалежнага прафзвязу РЭП Генадзь Фядыніч упэўнены, што адказ Следчага камітэта - адпіска, якая толькі пацвярджае палітызаваны характар крымінальнай справы:

- Калі следчым патрэбная нейкая інфармацыя з кампутараў і карт памяці, то яе ўжо даўно можна было спампаваць, а тэхніку - вярнуць. Сумняваюся, што экспэрты Следчага камітэта не ведаюць, як капіяваць і захоўваць інфармацыю на жорсткім дыску. Я сумняваюся, што экспэртыза наогул была праведзеная. У іх ёсць кампутары, якія наогул не знаходзіліся ў офісе прафзвязу - што на іх можна так доўга шукаць? Якую такую сакрэтную зашыфраваную інфармацыю? Тое ж самае тычыцца і допытаў. Следчы камітэт сцвярджае, што дапытвае людзей, якія «могуць валодаць значнай інфармацыяй паводле крымінальнай справы». А выклікаюць усіх запар, нават тых, хто ўжо не належыць да прафзвязу; а здараецца, што выклікаюць і тых, каго ўжо няма ў жывых! З Магілёва паведамляюць, што збіраюцца дапытаць яшчэ 500 чалавек - так у нас такой колькасці, шчыра кажучы, у Магілёўскай вобласці і няма. Ды і што гэта за крымінальная справа, што гэта за сур'ёзнае злачынства адбылося ў Беларусі, што сведкамі ў ім праходзяць сотні людзей? Няўжо Следчаму камітэту не трэба расследаваць іншыя справы? - бо ўсе сілы кінутыя на «Справу прафзвязаў»!

Генадзь Фядыніч распавёў, што масавыя допыты абураюць людзей:

- Паступаюць прапановы з розных рэгіёнаў - ад чальцоў прафзвязу, якія ўжо схадзілі на допыт: яны гараць жаданнем прыехаць у Менск і перакрыць вуліцу Першамайскую, дзе знаходзіцца Следчы камітэт. Я іх пакуль адгаворваю ад такога кроку, але ідэя ў людзей ужо з'явілася.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках