18 траўня 2024, Субота, 13:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Актывіст БНК: На акцыях адчуваеш сябе вольным і шчаслівым чалавекам

Актывіст БНК: На акцыях адчуваеш сябе вольным і шчаслівым чалавекам
ЮРЫ ТАТУР
ФОТА: FACEBOOK

Мы не маем права адзначаць 25 сакавіка ў іншых месцах, акрамя цэнтра сталіцы.

Пра гэта апавёў прэс-службе Беларускага нацыянальнага кангрэсу актывіст і сталы ўдзельнік акцый «Сэлфі незалежнасці», якія праходзяць штодня на праспекце Незалежнасці Юры Татур.

– Набліжаецца Дзень Волі. Чым для вас з'яўляецца дата 25 сакавіка?

– Гэта дзень нараджэння нашай сучаснай краіны, гэта дзень, калі беларусы на ўвесь свет заявілі, што ёсць такі народ, вялікі і старадаўні, і гэты народ мае права самастойна валодаць сваёй зямлёй, зямлёй сваіх продкаў. Для мяне гэта самае галоўнае нацыянальнае свята, бо без абвяшчэння незалежнасці БНР не было б сённяшняй Беларусі.

– Чаму важна выйсці на вулічную акцыю ў гэты дзень.

– Па-першае, сёлета будзе юбілей – роўна 100 гадоў з дня тых падзей. Гэта самае галоўнае. Я вельмі шчаслівы, што такая знакавая і памятная дата выпала на маё пакаленне, бо такі шанец даецца не кожнаму. Гэты дзень застанецца ў памяці на ўсё жыццё.

Па-другое, трэба выходзіць на вуліцу, на масавае святкаванне, бо менавіта там, у натоўпе, сярод шэрагаў сяброў і аднадумцаў, гледзячы на бел-чырвона-белыя сцягі, якія лунаюць над галавой, адчуваеш неверагоднае задавальненне, адчуваеш сябе свабодным шчаслівым чалавекам. Цяпер, сярод шэрасці і абыякавасці, вельмі цяжка адчуць нешта падобнае.

Ніякае афіцыйнае дзяржаўнае свята не дасць такога. З дзяцінства сучасны афіцыйны сцяг не выклікаў ніякіх пачуццяў, у ім нічога блізкага і роднага для мяне няма, а цяперашняя ўлада нават з вялікай нацяжкай не зможа назвацца народнай. Таму заклікаю ўсіх суайчыннікаў прыходзіць на святкаванне стагоддзя аднаўлення незалежнасці і атрымаць неверагодныя пачуцці, якія застануцца з вамі назаўсёды.

– Аргкамітэт святкавання Дня Волі пастанавіў, што акцыя 25 сакавіка павінна прайсці ў выглядзе святочнага шэсця па праспекце Незалежнасці і канцэрту на плошчы Свабоды. Чаму гэтае свята павінна абавязкова адзначацца ў цэнтры Менска?

– Вы ж не святкуеце свой дзень нараджэння ў калідоры або кладоўцы? А тут дзень нараджэння цэлай краіны! Беларусы маюць права адзначаць такую значную падзею ў цэнтры Менска. Нават наадварот, мы не маем права адзначаць 25 сакавіка ў іншых месцах, акрамя цэнтра сталіцы.

Трэба адзначыць, наколькі істотнай і важнай падзеяй будзе 25 сакавіка гэтага года для ўсіх беларусаў. Адбылося аб'яднанне апазіцыі, якое яскрава дэманструе сапраўдную значнасць свята. Ну а такі крок, як зварот да ўладаў з нагоды супольнага святкавання, паказвае, што прыкладаюцца ўсе намаганні годна і мірна адзначыць Дзень Волі, зрабіць сапраўднае свята, на якое кожны можа прыйсці з усёй сям'ёй, прывесці дзяцей і ўнукаў. Я вельмі буду рады, калі сёлета не толькі апазіцыя, але і ўлады здзівяць мяне і дазволяць годна адсвяткаваць самае значнае свята ў найноўшай гісторыі нашай краіны.

– Чаго вы чакаеце ад акцыі 25 сакавіка?

– Перш за ўсё я чакаю мірнага і годнага святкавання ў цэнтры Менска паводле заяўленага аргкамітэтам маршруту. Вельмі хацелася, каб адбыўся святочны канцэрт. Чакаю, што прынамсі на адзін дзень мы ўсе забудземся рознагалоссі паміж намі і выдатна адсвяткуем стагоддзе абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках