18 траўня 2024, Субота, 14:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кандыдат у прэзідэнты павінен першым здаваць экзамен на веданне беларускай мовы

40
Кандыдат у прэзідэнты павінен першым здаваць экзамен на веданне беларускай мовы
МІКОЛА СТАТКЕВІЧ

Гэтае правіла павінна быць распаўсюджанае на астатніх чыноўнікаў.

Гэта важна не толькі для захавання беларускай нацыі, але і для бяспекі дзяржавы. Нездарма Чэрчыль казаў, што нацыянальная гісторыя і мова абараняюць краіну лепш за любое войска.

Расейскамоўнасць Беларусі будзе заўсёды даваць нагоду шавіністычна настроеным палітыкам у суседняй Расеі заяўляць пра тое, што наша нацыя і дзяржава несапраўдныя, што іх трэба вярнуць у расейскі свет. Падобныя заявы ўжо гучаць. Калі такія палітыкі атрымаюць уладу, Беларусь можа чакаць вайна. Таму моўнае пытанне робіцца для беларусаў пытаннем вайны і міру.

Вядома, гэта вельмі далікатная сфера. Рэзкія меры, якія парушаюць правы людзей, тут недапушчальныя. Для адраджэння роднай мовы спатрэбяцца многія гады. Нам трэба будзе выхаваць новае пакаленне, якое ведае і любіць беларускую мову. Мы ўжо маглі б гэта зрабіць за гады незалежнасці. Але безадказная персона, якая атрымала амаль 25 гадоў таму вярхоўную ўладу ў краіне, у пагоні за міражом шапкі Манамаха адабрала ў нас гэты час, амаль знішчыўшы нашу мову і паставіўшы пад пагрозу існаванне нашай дзяржавы і нацыі.

Першым крокам на шляху адраджэння нашай мовы павінна быць рэальнае раўнаванне ў правах расейскай і беларускай моваў. Бо дзве дзяржаўныя мовы – гэта калі грамадзянін звяртаецца да дзяржавы ў асобе чыноўніка на любой з іх і заўсёды атрымлівае адказ на мове звароту. Значыць чыноўнікі, якія працуюць з людзьмі, павінны ведаць абедзве дзяржаўныя мовы, пацвердзіўшы гэтае веданне здачай экзаменаў на іх валоданне.

Першымі здаць экзамены на валоданне абедзвюма дзяржаўнымі мовамі павінны прэтэндэнты на пасаду першага дзяржаўнага чыноўніка – кандыдаты ў прэзідэнты краіны. Далей гэтае правіла павінна паступова быць распаўсюджанае на астатніх чыноўнікаў. У тым ліку – на кандыдатаў у дэпутаты парламента і кіраўнікоў адміністрацыйных рэгіёнаў.

Каб нашы дзеці мелі шанец заняць дзяржаўныя пасады, трэба пашыраць іх навучанне на беларускай мове. У тым ліку ў вышэйшых навучальных установах, для паступлення ў якія неабходна здаваць тэсты на валоданне абедзвюма дзяржаўнымі мовамі.

Адраджэнне беларускай мовы запатрабуе шмат часу, а таксама дадатковых намаганняў і падтрымкі ўсяго грамадства. Але гэта несувымерна малы кошт за магчымасць не толькі захаваць нашу нацыю, але і паменшыць небяспеку вайны.

Разам – здолеем!

Мікола Статкевіч, statkevich.org

Напісаць каментар 40

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках