23 траўня 2024, Чацвер, 12:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Жыхары Берасця выйшлі на галоўную плошчу горада

13
Жыхары Берасця выйшлі на галоўную плошчу горада
ФОТА: TUT.BY

Берасцейцы запатрабавалі спыніць будаўніцтва акумулятарнага завода.

25 лютага ў Берасці больш за 100 чалавек выйшлі на плошчу Леніна на знак пратэсту супраць будаўніцтва акумулятарнага завода, паведаміў tut.by праваабаронца Раман Кісляк.

Акцыя пачалася а 12-й. Паводле словаў Рамана Кісляка, яе ўдзельнікі не разгортвалі плакатаў і не крычалі лозунгаў, а стаялі невялікімі групамі на цэнтральнай плошчы і абмяркоўвалі пытанне будаўніцтва завода.

А 13-й на плошчы таксама пачалося свята, прымеркаванае да Дня абаронцаў Айчыны і Узброеных сілаў Беларусі. Ратавальнікі правялі паказальныя выступленні і прадэманстравалі гатоўнасць да ліквідацыі надзвычайных сітуацый – гэта анансавалася на сайце ўстановы.

Блізу 13.30 пратэстоўцы разышліся.

Пасля акцыі Раман Кісляк накіраваў зварот у гарвыканкам з просьбай прапанаваць план мерапрыемстваў на 2018 год для таго, каб у выпадку падачы заяўкі на пратэставую акцыю можна было пазбегнуць накладкі з гарадскімі святамі.

Пытаннем будаўніцтва акумулятарнага завода занепакоеныя жыхары Берасця, некалькіх блізкіх вёсак і садовых таварыстваў. Паводле справаздачы, прамысловы навабуд размесціцца з поўначы за 750 метраў ад заходняй ускраіны вёскі Хабы, з Паўднёвага Усходу за 1200 м ад дачнага пасёлка, з поўдня – за 1800 м ад Шчэбрына, з захаду – за 2500 м ад Тэльмы-2 і з усходу за 2 км ад ракі Мухавец.

Вяскоўцы даведаліся пра будаўніцтва завода з прэсы і абурыліся, чаму ўлады Берасцейскага райвыканкама не пацікавіліся іх меркаваннем у гэтым пытанні. Як высветлілася, працэдура грамадскіх абмеркаванняў праводзілася яшчэ ў снежні 2016 года. Аднак тады «заўваг і прапановаў» ад грамадскасці не паступіла. Як адзначаюць праціўнікі будаўніцтва, яны пра гэтую працэдуру нават не ведалі, бо адпаведнае апавяшчэнне друкавалася ў раённай газеце «Заря над Бугам», якая выходзіць накладам 3400 асобнікаў, і на сайце выдання.

Галоўнае, што турбуе вяскоўцаў, гэта ацэнка ўздзеяння на навакольнае асяроддзе. Аднак праведзеная да пачатку будаўніцтва экспертыза паказала, што «негатыўнае ўздзеянне праектаванага аб'екта на атмасфернае паветра, паверхневыя і падземныя воды, нетры, глебы, жывёльны і раслінны свет, а таксама на чалавека нязначнае», а «ўвод праектаваных аб'ектаў у эксплуатацыю не прывядзе да парушэння прыродна-антрапагеннай раўнавагі».

22 лютага праціўнікі завода падалі ў Адміністрацыю Лукашэнкі зварот з патрабаваннем прыпыніць будаўніцтва завода, пад якім падпісаліся больш як 36 тысячаў чалавек.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках