23 траўня 2024, Чацвер, 20:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пад Оршай ушанавалі ахвяраў сталінскіх рэпрэсій

1
Пад Оршай ушанавалі ахвяраў сталінскіх рэпрэсій

Ва ўрочышчы Кабыляцкая гара з'явіўся новы крыж у памяць пра ахвяраў сталінскіх рэпрэсій.

Кабылякі, дзе паводле розных ацэнак у часы сталінскіх рэпрэсій магло быць расстраляна ад 300 да 3.000 чалавек, становяцца сапраўдным народным мемарыялам. Калі ў пачатку 90-х гадоў дваццатага стагоддзя за помнікам даглядалі ўлады, то цяпер выключна грамадскія актывісты. Больш за тое, пару гадоў таму сваякі ахвяраў рэпрэсій пачалі самі ўсталёўваць тут крыжы і шыльды з імёнамі загінулых. Цяпер тут з'явіўся яшчэ адзін такі крыж. Хто і калі яго паставіў – для нас загадка. На крыжы прымацаваная шыльдачка ў памяць Хадасевіча Уранца Вікенцьевіча, які нарадзіўся ў вёсцы Адасеўшчына ў 1890 годзе, быў арыштаваны ў Дзяржынску 24 верасня 1937 года і расстраляны 11 лістапада таго ж года, піша orsha.eu.

Мы праверылі, за што ж ён быў расстраляны і чаму менавіта ў Оршы сваякі загінулага паставілі крыж паводле адкрытага спісу беларускага "Мемарыялу". Сапраўды, у спісах расстраляных такі чалавек ёсць. Нарадзіўся ён сапраўды ў вёсцы Адасеўшчына Менскага раёна, беларус нацыянальнасцю, меў пачатковую адукацыю і працаваў у калгасе "Свабода". Арыштаваны Франц Вікенцьевіч быў паводле фальшывага абвінавачання ў шпіянажы на карысць польскай выведкі (звычайны прысуд для Беларусі таго часу). Як адзначана ў спісе "Мемарыялу", месца пахавання Хадасевіча – Орша. У 1958 годзе расстралянага селяніна рэабілітавалі.

Той жа спіс кажа і пра яшчэ аднаго Хадасевіча, расстралянага і пахаванага ў Оршы, відавочна, брата Франца Вікенцьевіча – Іосіфа Вікенцьевіча, запісанага палякам. Хоць у спісе ў двух чалавек розныя нацыянальнасці, можна дапусціць з вялікай дзеллю верагоднасці, што яны браты не толькі таму, што ў іх аднолькавае імя па бацьку, а яшчэ і таму, што нарадзіліся яны абодва ў Адасеўшчыне. Іосіф быў непісьменны, працаваў у тым жа калгасе і арыштаваны ў той самы дзень паводле таго самага артыкула – шпіянаж на карысць Польшчы. Расстраляны ён разам з братам таксама 11 лістапада 1937 года.

Яшчэ адзін Хадасевіч у спісе, які стаў ахвярай вялікага тэрору – Станіслаў Вікенцьевіч, які нарадзіўся ў 1895 годзе ў вёсцы Падоркі Дзісенскага раёна. У дадзеным выпадку, мабыць, гэта ўжо не сваякі. Станіслаў быў адпраўлены ў высылку ў Архангельскую вобласць у паселішча Красты ў 1940 годзе. Далейшы лёс ягоны невядомы.

І адзіная жанчына з прозвішчам Хадасевіч – Сцепаніда (імя па бацьку не пазначанае). Яна жыла ў вёсцы Калінаўка Шклоўскага раёна і ў 1930 годзе была раскулачаная і сасланая ў Котлас. Рэабілітаваная Сцепаніда была толькі ў 1992 годзе.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках