18 траўня 2024, Субота, 13:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як завесці рухавік у моцны мароз

20
Як завесці рухавік у моцны мароз

Чатыры парады для запуску рухавіка, прастаялага на марозе.

Аўтамабільныя эксперты сцвярджаюць, што адзін пуск рухавіка ў моцны мароз раўнасільны прабегу 300–500 км. І калі даехаць некуды можна на грамадскім транспарце, то лепш так і зрабіць, каб не мучыць аўтамабіль, піша kakprosto.ru.

Запуск матора ў моцны мароз

Тэарэтычна любы бензінавы матор здольны да запуску ў мароз -30, але толькі пры ўмове, што ён цалкам спраўны. Належным чынам павінны функцыянаваць сістэмы запальвання і падачы паліва. Таксама ў рухавіку павінны быць залітыя адпаведныя кліматычным умовам тэхнічныя вадкасці. Акрамя таго, на аўтамабілі павінен стаяць цалкам зараджаны акумулятар.

Калі ўжо даводзіцца запускаць рухавік пры моцным марозе, то трэба прыслухоўвацца да парадаў дасведчаных аўтамабілістаў.

У ідэале аўтамабіль павінен стаяць у цяпле, тады праблемаў з запускам не ўзнікне. Але не ўсе аўтаўладальнікі маюць такое памяшканне.

Калі аўтамабілю трэба будзе пераначаваць на моцным марозе, пажадана прагрэць яго прынамсі пару разоў, тады раніцай рухавік завядзецца без праблемаў. Можна, вядома, занесці акумулятар на ноч у цёплае памяшканне, але не ўсе маюць такую магчымасць. Акрамя таго, гэта стварае вялікую нязручнасць аўтаўладальніку.

Правільны запуск рухавіка

Пры запуску рухавіка, прастаялага на марозе, трэба:

1. Трохі прагрэць акумулятар. Для гэтага ўключаем секундаў на 10–15 далёкае святло фараў. Далей абавязкова трэба выціснуць счапленне, каб на рухавік не перадавалася нагрузка з скрынкі перадачаў. Пасля гэтага, не ўключаючы энэргаспажыўцы, паспрабаваць завесці матор. Не варта круціць стартар даўжэй за 20 секундаў, акумулятар можа хутка сесці.

2. Калі стартар круціць рухавік нармальна, а ён не запускаецца доўгі час, варта паспрабаваць прадзьмуць камеры згарання ад бензіну; для гэтага трэба націснуць цалкам педаль газу і пракруціць стартар.

3. Калі прадзьмуванне не дапамагло, магчыма, прычына ў свечках запальвання. Хутчэй за ўсё, іх заліло халодным палівам і гэта перашкаджае запуску. У такім выпадку трэба выкруціць свечкі і працерці іх альбо паставіць новы камплект. Больш дзейсны варыянт – загартаваць свечкі на газавай пліце. Гарачыя свечкі паспрыяюць хуткаму запуску рухавіка.

4. Акрамя прыёмаў, апісаных вышэй, дапамагчы рухавіку хутка запусціцца могуць спецыяльныя сродкі, якія прадаюцца ў аўтакраме. Яны дадаюцца ў сістэму ўпускання паліва і спрыяюць ажыўленню матора.

Калі пасля ўсіх спосабаў запуску халоднага рухавіка нічога так і не адбылося, не варта мучыць аўтамабіль. Прасцей адбуксаваць яго ў цёплае памяшканне для адагравання.

Бывалыя аўтамабілісты раяць у моцныя маразы заліць у аліву 100–150 грамаў бензіну. Пасля гэтага завесці рухавік і даць трохі папрацаваць, каб бензін з алівай перамяшаліся. Гэта зробіць маторную аліву больш вадкай і пасля прастою дасць лёгкі запуск.

Каб забыцца раз і назаўжды пра праблемы запуску рухавіка ў мінусавыя тэмпературы, можна ўсталяваць спецыяльныя прыборы, якія падаграваюць матор:

– паліўны перадпускавы абагравальнік;

– электрычны перадпускавы абагравальнік;

– сігналізацыю з дыстанцыйным запускам аўтамабіля;

– акумулятары цяпла.

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках