19 красавiка 2024, Пятніца, 2:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Першай лаўрэаткай медаля імя Сяргея Ханжанкова стала Ніна Багінская

5
Першай лаўрэаткай медаля імя Сяргея Ханжанкова стала Ніна Багінская
НІНА БАГІНСКАЯ
ФОТА: «РАДЫЁ СВАБОДА»

У Менску прайшоў вечар памяці беларускага палітвязня часоў СССР.

13 сакавіка, у дзень нараджэння Сяргея Ханжанкова, у Менску прайшоў вечар памяці палітычнага зняволенага савецкага рэжыму 1960-70-х гадоў, паведамляе «Радыё Свабода».

На думку заснавальніка руху салідарнасці «Разам» Вячаслава Сіўчыка, асоба Сяргея Ханжанкова яшчэ недастаткова ацэненая ў Беларусі.

«Ва ўсіх суседніх краінах ёсць музеі шасцідзясятнікаў, там шануюць дысідэнтаў, і гэтак мусяць рабіць і ў Беларусі», — сказаў Вячаслаў Сіўчык.

Ён згадаў беларускіх дысідэнтаў Сяргея Кукабаку, Лявона Баразну, супрацоўнікаў Акадэміі навук і мастакоў, якія ўваходзілі ў дысідэнцкія колы.

«Але і на гэтым фоне Ханжанкоў таксама вылучаўся, ён вельмі на нас паўплываў сваім досведам змагання з камуністычнай уладай і сваім нязломным характарам», — сказаў Вячаслаў Сіўчык.

Вядомы кінасцэнарыст Уладзімір Халіп згадаў часы, калі ў Менску судзілі Сяргея Ханжанкова — гэта быў пачатак 60-х гадоў мінулага стагоддзя. Сам Уладзімір тады вучыўся на журналіста на філфаку БДУ. Тагачасны рэжым ён назваў «лютым, фактычна сталінскім». Паводле Уладзіміра Халіпа, яны з сябрамі ведалі, што некалькі мужных студэнтаў Політэхнічнага інстытуту сталі перад судом за супраціў камуністычнаму рэжыму.

Уладзімір Халіп вітаў заснаванне медаля імя Сяргея Ханжанкова.

«Бо нельга прыдумаць лепшага імя, якое б увасабляла барацьбу за незалежнасць нашай краіны. Спадзяюся, гэты медаль будзе на доўгія гады захоўваць свой высокі ўзровень, бо ён адліты з нашых пакутаў, з нашай мары пра будучыню Беларусі», — сказаў Уладзімір Халіп.

Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў сказаў, што памяць Сяргея Ханжанкова ўшаноўваецца ў дні, калі ў Беларусі святкуюць 100-годзьдзе абвяшчэння БНР, і прапанаваў распачаць працу па ўсталяванні ў Менску памятнага знаку ў гонар Сяргея Ханжанкова.

Удава Сяргея Ханжанкова Алена згадала рысы характару свайго мужа: чалавечнасць, дабрыню, прынцыповасць, сціпласць. Успомніла яна славутага расейскага пісьменніка Аляксандра Салжаніцына, які сказаў пра Сяргея Ханжанкова: «Гэты хлопец бараніў нашу агульную свабоду».

«Дзейнасць такіх людзей, як Сяргей Ханжанкоў, разбурае міф, што беларусы нібыта былі самым камуністычным народам у складзе былога СССР. Гэта не так, што паказаў і прыклад Сяргея. Ёсць і ў нас дысідэнты, ёсць людзі, якія дзейнічалі ў самыя змрочныя гады», — сказаў пра Ханжанкова паэт Славамір Адамовіч.

Адзін з лідараў Беларускага нацыянальнага кангрэсу Мікалай Статкевіч назваў Сяргея Ханжанкова героем.

«Гэта быў ледзь не адзіны герой таго часу, які мы завём савецкім застоем. Сяргей Мікалаевіч быў за нас, і нам ён неабходны, каб было на каго абапірацца ў цяперашняй барацьбе», — сказаў Мікалай Статкевіч.

У канцы вечарыны адбылося ўзнагароджанне медалём імя Сяргея Ханжанкова. Камісія ў складзе 15 грамадскіх дзеячаў назвала першага лаўрэата медаля. Ім стала грамадская актывістка Ніна Багінская.

Пасля 25 сакавіка 2017 году, калі ў Менску арыштавалі дзясяткі актывістаў «Белага легіёну», а па ўсёй краіне сотні ўдзельнікаў святкавання Дня Волі былі затрыманыя, Ніна Багінская штодня выходзіла да будынка КДБ з бел-чырвона-белым сцягам і плакатам «Свабода народу», сказала Ніна Багінская.

Аўтар і распрацоўнік бронзавай узнагароды імя дысідэнта Сяргея Ханжанкова — менскі скульптар Гэнік Лойка.

Вясной 1962 году паўстала так званая «група Ханжанкова», якая мелася падарваць «глушылку» («радыёстанцыю №3») паміж вуліцамі Даўгабродскай і Чырваназорнай у Менску. У траўні 1963-га яе ўдзельнікаў арыштавалі. Георгі Сярогін і Сяргей Ханжанкоў былі асуджаныя на 10 гадоў, Віктар Храпавіцкі — на 8 гадоў пазбаўлення волі. Ханжанкоў адмовіўся пісаць прашэнне аб памілаванні і правёў у зняволенні ўвесь тэрмін.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках