27 красавiка 2024, Субота, 0:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

МЗС Вялікай Брытаніі: Рэакцыя РФ не мяняе фактаў у «справе Скрыпаля»

8
МЗС Вялікай Брытаніі: Рэакцыя РФ не мяняе фактаў у «справе Скрыпаля»

Лондан чакаў адказу Расеі на высылку 23 расейскіх дыпламатаў.

У Міністэрстве замежных справаў Вялікай Брытаніі заявілі 17 сакавіка, што Лондан чакаў адказу Расеі на высылку 23 расейскіх дыпламатаў, паведамляецца на сайце МЗС Брытаніі, піша gordonua.com.

У гэты дзень Расея абвесціла персонамі нон грата 23 брытанскіх дыпламатаў.

"У святле ранейшых паводзінаў Расеі мы чакалі адказу такога кшталту, і Рада нацыянальнай бяспекі збярэцца ў пачатку наступнага тыдня, каб разгледзець наступныя крокі", – сказана ў заяве.

Адзначаецца, што цяперашні прыярытэт Лондана – "паклапаціцца пра нашых супрацоўнікаў у Расеі і дапамагчы тым, хто вяртаецца ў Вялікую Брытанію".

Пры гэтым брытанская знешнепалітычная ўстанова падкрэслівае, што ў інцыдэнту з атручваннем былога расейскага выведніка Сяргея Скрыпаля і ягонай дачкі "няма іншага альтэрнатыўнага тлумачэння, акрамя вінаватасці расейскай дзяржавы".

"Рэакцыя Расеі не мяняе фактаў... Менавіта Расея з'яўляецца грубым парушальнікам міжнароднага права і Канвенцыі аб хімічнай зброі. У нас няма рознагалоссяў з народам Расеі, і мы па-ранейшаму мяркуем, што не ў нашых нацыянальных інтарэсах цалкам разрываць дыялог паміж нашымі краінамі, але адказнасць ляжыць на расейскай дзяржаве", – дадалі ў МЗС Вялікай Брытаніі.

4 сакавіка 66-гадовага Скрыпаля і ягоную 33-гадовую дачку Юлію шпіталізавалі ў брытанскім Солсберы з сімптомамі атручвання. У лякарню таксама трапіў паліцыянт Нік Бэйлі, які першым наведаў дом Скрыпаля. Усе трое да гэтага часу знаходзяцца ў цяжкім стане.

Следства высветліла, што падчас замаху выкарыстоўваўся распрацаваны ў Расеі нервова-паралітычны агент "Навічок". Пра гэта ў брытанскім парламенце заявіла прэм'ер-міністарка Тэрэза Мэй. Яна запатрабавала ад Крамля растлумачыць тое, што здарылася, да вечару 13 сакавіка, інакш Лондан будзе меркаваць інцыдэнт незаконным ужываннем сілы Расеяй супраць Вялікай Брытаніі. Пазіцыю Вялікай Брытаніі падтрымалі ўлады Францыі, ЗША, Нямеччыны і Аўстраліі.

Масква адмовілася тлумачыць інцыдэнт і запатрабавала даставіць ёй узоры рэчыва, якім атруцілі Скрыпаляў. На наступны дзень Вялікая Брытанія выслала 23 расейскіх дыпламатаў і прыпыніла двухбаковыя кантакты з Расеяй.

Паводле словаў міністра замежных справаў Вялікай Брытаніі Барыса Джонсана, "вельмі верагодна", што загад на выкарыстанне нервова-паралітычнага агенту ў Солсберы аддаў асабіста прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін. У Крамлі назвалі гэтую заяву "шакавальным і недаравальным" парушэннем дыпламатычнага этыкету.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках