27 красавiка 2024, Субота, 6:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Славакіі прайшлі масавыя акцыі супраць карупцыі

1
У Славакіі прайшлі масавыя акцыі супраць карупцыі

У Браціславе і ў дзясятку іншых гарадоў Славакіі прайшлі акцыі супраць карупцыі і за датэрміновыя парламенцкія выбары.

Прычынай сталі нарастальныя антыўрадавыя пратэсты пасля забойства журналіста Яна Куцыяка, які расследаваў сувязі палітыкаў з італьянскай мафіяй, паведамляе «Новая газета».

Паводле словаў арганізатараў акцыі з руху «За сумленную Славакію», на вуліцы выйшла больш за 65 тысячаў чалавек. Дзясяткі тысячаў людзей пратэставалі ў гарадах на ўсходзе Славакіі і ў Кошыцы, а таксама за мяжой: у Нью-Ёрку, Парыжы, Лондане і Празе.

У Браціславе падчас мітынгу натоўп скандаваў «Датэрміновыя выбары» і «Далоў Smer», партыю прэм'ер-міністра Роберта Фіцо, які пайшоў у адстаўку.

ФОТА: ЗМІЦЕР ШЭРМАН

Паводле словаў Караліны Фарскай, адной з арганізатараў акцыі, Фіцо сышоў з кіроўчага посту, аднак прызначыў на сваё месца былога віцэ-прэм'ера [Петэра Пелегрыні – рэд.], за якім стаяць тыя самыя палітычныя сілы: «Урад Славакіі цалкам сябе дыскрэдытаваў, і мы будзем патрабаваць датэрміновых парламенцкіх выбараў. У нас няма іншага выйсця».

Пра гэта казалі і многія ўдзельнікі мітынгу ў Браціславе: «Карупцыя і ганарыстасць улады ў краіне дасягнулі такой мяжы, што цярпенне людзей лопнула. Я радая, што славакі нарэшце змаглі выйсці на вуліцы за сваю краіну. Але сумна, што гэта здарылася толькі пасля смерці дваіх маладых людзей», – апавяла ўдзельніца акцыі Вераніка Галіянава.

Яшчэ адзін з пратэстоўцаў сказаў, што калі грамадзяне Славакіі не будуць змагацца за свае грамадзянскія правы і дэмакратыю, то краіна можа зноў прыйсці да таталітарызму, ад якога пазбавілася 30 гадоў таму.

ФОТА: ЗМІЦЕР ШЭРМАН

Падчас мітынгу выступалі былыя дысыдэнты і ўдзельнікі акцый пратэсту часоў Аксамітнай рэвалюцыі ў былой Чэхаславакіі, грамадскія дзеячы і вядомыя музыкі і артысты.

Многія пратэстоўцы прыйшлі з маленькімі дзецьмі: у натоўпе захоўваліся праходы, і можна было лёгка перамяшчацца па плошчы, на якой адбывалася акцыя. Паліцыя ахоўвала падыходы да цэнтра горада і мірна назірала за тым, што адбываецца. Было ўсяго некалькі машынаў і патрулёў, ніякіх кардонаў і ўзмоцненых падраздзяленняў.

Пратэсты ў Славакіі пачаліся з канца лютага, пасля таго, як быў забіты журналіст выдання Aktuality.sk Ян Куцыяк і ягоная сяброўка. Пад ціскам пратэстоўцаў спачатку сышлі з пасадаў міністр культуры Марэк Мадзярыч і яшчэ некалькі чыноўнікаў.

Праз два тыдні падаў у адстаўку міністр унутраных справаў Роберт Каліняк, а потым і прэм'ер-міністр Роберт Фіцо, якога многія абвінавачваюць у росквіце карупцыі ў краіне. На пасаду прэм'ера прызначаны прадстаўнік кіроўчай сацыял-дэмакратычнай партыі Smer Петэр Пелегрыні. Ён заявіў пра тое, што ўжо пачаў перамовы з кааліцыйнымі партнёрамі для фармавання новага ўрада.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках