27 красавiка 2024, Субота, 4:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мерапрыемствы да 100-годдзя БНР у Магілёве будуць праводзіцца цягам усяго года

1
Мерапрыемствы да 100-годдзя БНР у Магілёве будуць праводзіцца цягам усяго года

На 25 сакавіка таксама запланаваны шэраг мерапрыемстваў.

Мерапрыемствы, прысвечаныя 100-годдзю БНР, у Магілёве будуць праводзіцца цягам усяго 2018 года. Пра гэта на прэс-канферэнцыі паведаміў кіраўнік аргкамітэта ў святкаванні юбілею БНР у Магілёве Алег Дзьячкоў (ён жа кіраўнік гарадской арганізацыі «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны»). Сустрэча была прысвечаная абвяшчэнню плана мерапрыемстваў на найбліжэйшыя месяцы, пішуць «Могилевские ведомости».

Старт ім будзе дадзены 18 сакавіка. У гэты дзень усе ахвотныя змогуць сабрацца ў кавярні «Шпаркі лось» на майстар-клас (пачатак а 15-й) магілёўскіх рамеснікаў у вырабе ўпрыгажэнняў. Імі аздобяць кавярню, дзе плануюць сабрацца 31 сакавіка – у дзень, калі ў Магілёве прагаласавалі за стварэнне БНР. Наведванне кавярні плануецца пасля пешай экскурсіі па старым Магілёве, правядуць якую ў гэты ж дзень магілёўскія гісторыкі Ігар Пушкінм і Аляксандр Агееў.

На 25 сакавіка таксама запланаваны шэраг мерапрыемстваў. Дзень пачнецца з малітвы за Беларусь у касцёле Святога Станіслава. Але святочны канцэрт, прысвечаны 100-годдзю БНР, пройдзе ў Магілёве не 25 сакавіка, як, напрыклад, у Менску, а 1 красавіка – у цэнтры «Кола». Паводле словаў Алега Дзьячкова, ужо далі згоду ўдзельнічаць у ім выканаўцы Андрэй Такінданг, Юры Жыгамонт і Юры Несцярэнка.

Выношваецца ідэя ўсталяваць памятны знак у гонар стагоддзя БНР на будынку сярэдняй школы № 1 (былой жаночай гімназіі). У ёй, як вядома, у 1918 годзе адбыўся сход дэлегатаў ад Магілёва, якія падтрымалі большасцю галасоў стварэнне БНР. Узяць удзел у праекце ўжо даў згоду магілёўскі скульптар Андрэй Вараб'ёў. Але для яго рэалізацыі яшчэ патрэбныя дазвол уладаў і сродкі, якія маюць намер збіраць талакой.

Таксама ў планах аргкамітэта правядзенне круглых сталоў, падрыхтоўка серыі артыкулаў для гарадскіх і абласных газетаў на гэтую тэматыку, велаэкскурсія, кінапаказ мастацкіх фільмаў і дакументальнай хронікі, стварэнне відэароліка на тэму стварэння БНР, а таксама паштоўкі і кішэннага календара, які, як адзначылі на прэс-канферэнцыі, убачыць свет у канцы гэтага месяца.

З прапановай узяць удзел у святкаванні юбілейнай даты аргкамітэт звярнуўся і да гарадскіх уладаў, прапанаваўшы для рэалізацыі чатыры праекты. Выбар быў спынены на круглым стале, які запланаваны на 23 сакавіка. Астатнія мерапрыемствы, у тым ліку канцэрт, улады горада, паводле словаў Алега Дзьячкова, прапанавалі праводзіць сваімі сіламі.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках