10 траўня 2024, Пятніца, 17:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Леанід Судаленка: Мы спагонім з працадаўцы заробак за 19 месяцаў

2
Леанід Судаленка: Мы спагонім з працадаўцы заробак за 19 месяцаў
Арцём Касілаў

Афіцыянт 1,5 года дарэмна чакаў, што яго паклічуць на працу ў новую кавярню; цяпер ён патрабуе ў судзе заробак за вымушаны прагул.

Гомелец Арцём Касілаў летам 2016 года скончыў каледж і ўладкаваўся паводле размеркавання ў кавярню «Бульвар» афіцыянтам, піша сайт praca-by.info. Прапрацаваў ён там нядоўга: ужо ў пачатку жніўня таго ж года начальніца абвясціла, хто кавярня не можа выплаціць арэнду і зачыняецца – але Арцёму турбавацца не варта, а трэба толькі крыху пачакаць: праз пару месяцаў кавярня адкрыецца на новым месцы, дзе ён і зможа прыступіць да працы.

Арцём Касілаў так і зрабіў – і чакаў запрашэння ў новую кавярню... год і восем месяцаў. Запрашэння ён так і не дачакаўся; і калі начальніца на чарговае ягонае патрабаванне ўсё ж прынесла ягоную працоўную кніжку (у лютым 2018 года), малады чалавек выявіў, што ён прапрацаваў у кавярні не амаль два гады – а менш за тры месяцы. Такі запіс у працоўнай кніжцы азначаў, акрамя іншага, што Арцём Касілаў не адпрацаваў паводле размеркавання, а значыць, у кожны момант каледж можа запатрабаваць ад яго вярнуць кошт навучання.

Варта дадаць, што наймальнік – ТАА «Грашовы магнат» - не выплаціў Арцёму ні капейкі заробку – нават за тыя няпоўныя тры месяцы, што ён адпрацаваў у кавярні.

Арцём Касілаў уступіў у прафзвяз РЭП.

Прававы інспектар Гомельскай вобласці Леанід Судаленка, прадстаўляючы інтарэсы Арцёма Касілава, падрыхтаваў заяву ў суд.

Арцём Касілаў распавёў, што падставы не давяраць наймальніку былі ў яго першапачаткова, але ён быў занадта рады новай працы і не звярнуў увагі на засцярогі:

– Амаль тры месяцы адпрацаваў у гэтай кавярні, і заробку ні разу не бачыў. Калі я ўладкоўваўся на працу, то два афіцыянты, якія акурат звальняліся, мяне папярэджвалі, што заробак затрымліваюць: маўляў, не ўладкоўвайся сюды, бяжы... А праз тры месяцы наймальнікі закрылі сваю кавярню ў сувязі з тым, што не выплацілі арэнду. Паабяцалі мне, што хутка здымуць іншае памяшканне, дзе зробяць рамонт, пераедуць і будуць працаваць на новым месцы. Трэба пачакаць, і я буду працаваць менавіта там. Я падумаў, што ўсё сумленна. Прайшло паўгода, перш чым я пачаў сапраўды цікавіцца, як ідуць справы з працай. Я патэлефанаваў начальніцы, і яна мяне запэўніла, што ўсё добра, унёскі ў ФСАН яна заплаціла, пыталася пра ліцэй – ці не цікавіліся яны мной, запэўніла мяне, што ўсё добра і што трэба яшчэ пачакаць.

Пасля таго, як 10 лютага былая начальніца прынесла яму працоўную кніжку з датай звальнення двухгадовай даўніны, Арцём Касілаў пераканаўся ў тым, што не варта давяраць наймальніку:

– Я даверлівы і адданы работнік. Але цяпер я – гэта я, а працадаўца – гэта працадаўца. Адзіная парада, якую я магу даць маладым спецыялістам: рыхтуйцеся загадзя да таго, што вас паспрабуюць падмануць!

У пачатку сакавіка прайшло папярэдняе судовае пасяджэнне, дзе разглядалі пазоў Арцёма Касілава да ТАА «Грашовы магнат».

Леанід Судаленка распавёў, што кіраўніца ў судзе прызнала факт працоўных стасункаў:

– Адзінае, аб чым спрэчка зайшла, - аб даце звальнення. Яна паспрабавала ў судзе давесці, што 5 жніўня Арцём Касілаў быў звольнены за прагулы, бо перастаў хадзіць на працу. Суддзя спытала, чым пацвярджаецца факт прагулу, калі ў працоўнай кніжцы напісана аб звальненні ў сувязі з заканчэннем тэрміну дзеяння кантракту. На што кіраўніца патлумачыла, што яно проста... пашкадавала хлопца, якому пагражала вяртанне каледжу сродкаў за навучанне, і пастанавіла, што такі запісам ён «закрые сваё размеркаванне». Тады суддзя пацікавілася, як можна было звольніць у сувязі з заканчэннем кантракту чалавека, які адпрацаваў тры месяцы, калі кантракт укладзены на год. Гэта наймальнік таксама не змог растлумачыць.

Прафзвязны юрыст растлумачыў пазоўныя патрабаванні і перспектывы судовага разбору:

– Узнікае пытанне аб вымушаным прагуле з віны наймальніка. Таксама мы паставілі перад судом пытанне аб канчатковым разліку, бо, са слоў Арцёма, начальніца яму тры месяцы не плаціла. Хоць яна сцвярджала адваротнае. Суддзя запатрабавала ведамасці і зрабіла запыт у ФСАН. Так мы даведаемся, ці былі нейкія выплаты.

Прававы інспектар мае намер спагнаць з наймальніка сярэдні заробак за 19 месяцаў, а таксама змяніць дату звальнення ў працоўнай кніжцы з 5 жніўня 2016 года на 10 лютага 2018:

– З улікам таго, што Арцём Касілаў працаваў на паўстаўкі, заробак будзе невысокі, але за гэтыя 19 месяцаў мы заробак вернем. Мы зменім дату звальнення. Такім чынам, мы пазбавім маладзёна ад магчымых прэтэнзій каледжа аб кампенсацыі выдаткаў за навучанне. Калі каледж і выставіць якія-небудзь прэтэнзіі, то толькі наймальніку: якім чынам ён дапусціў звальненне маладога спецыяліста без якіх-небудзь правін. Маладых спецыялістаў наймальнік мае права звальняць толькі за правіны! – ні са згоды старон, ні з уласнага жадання – да заканчэння кантракту тых, хто адпрацоўвае размеркаванне, звальняць нельга.

Леанід Судаленка нагадаў наймальнікам, як не трапляць у такую прыкрую сітуацыю:

– Для наймальнікаў арганізацый усялякай формы ўласнасці – камерцыйных, дзяржаўных – паўтараю: у дзень звальнення вы павінны памятаць дзве рэчы. Аддаць, незалежна ад падставы звальнення, працоўную кніжку і зрабіць канчатковы разлік: як за заробак, так і за астатнія выплаты. Сёння ў судзе прадстаўніца адказчыка казала: у мяне няма юрыста, няма аддзела кадраў, я працую адная... Але калі вы не аддалі працоўную кніжку і не разлічылі работніка ў дзень звальнення, то ніякія адгаворкі вас не выратуюць.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках