Вясна прыйшла: у Беларусь вярнуліся з поўдня жаўрукі
3- 7.03.2018, 21:10
- 14,392
Першых жаваранкаў заўважылі на Гарадзеншчыне.
Можна лічыць, што вясна наступіла, калі з поўдня прылятаюць птушкі. У Гарадзенскім раёне арнітолагі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» зафіксавалі першых жаваранкаў. Гэта было 4 сакавіка.
- Першымі з поўдня вяртаюцца самцы палявых жаўрукоў. Яны хочуць паспець заняць найлепшыя месцы для гнездавання. Раней за ўсіх прылятаюць самыя моцныя, у якіх больш шанцаў займець нашчадкаў. Хутка мы пачуем у небе іх песні! - распавядае Аляксандр Вінчэўскі, дырэктар АПБ.
Дарэчы, жаўрукоў маразы не палохаюць. Самыя адчайныя нават заставаліся на зімоўку, але ўсё роўна жаўрукоў уважаюць прадвеснікамі вясны.
З якімі яшчэ птушкамі можна сустракаць вясну? Арнітолагі прапануюць далучыцца да міжнароднай кампаніі «Жывая вясна», якая аб'ядноўвае аматараў назіраць за вясновымі птушкамі. Да яе можа далучыцца любы ахвочы!
Неўзабаве павінны вярнуцца белы бусел, вясковая ластаўка, чорны стрыж, звычайная зязюля і залацістая шчурка-пчалаедка. Буслоў варта чакаць у 10-х чыслах сакавіка, ластавак і зязюль - у пачатку красавіка, астатніх - у траўні. Калі вы ўбачылі гэтых птушак на прыродзе, зрабіце адзнаку на спецыяльнай карце або напішыце пра гэта ў сацыяльных сетках Facebook або Вконтакте.
- Сустракаць птушак - гэта выдатная магчымасць адзначыць надыход сапраўднай вясны! - заклікае каардынатар «Жывая вясна» ў Беларусі Карына Салавей.
Дарэчы, сярод 55 краін-удзельніц праекта Беларусь займае 3-е месца.