18 траўня 2024, Субота, 20:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Які «рэферэндум» рыхтуюць улады?

17
Які «рэферэндум» рыхтуюць улады?
Мікалай Статкевіч

Будзем пільныя. І смелыя, калі спатрэбіцца.

Атрымліваю ўсё больш інфармацыі пра хуткі рэферэндум. І ўсе мы назіраем вельмі шмат дзеянняў улады на карысць праўдзівасці гэтай інфармацыі.

Зноў пачалося напампоўванне эканомікі пустымі грашыма. Мы ўжо ведаем, што пасля некалькіх месяцаў "шчасця", у выглядзе росту эканомікі і даходаў, такое прыводзіць да непазбежнага "гора" - падзення курсу рубля, скачка коштаў і падзення рэальнага ўзроўню жыцця. Гэтыя месяцы ўжо пайшлі.

Пачалася традыцыйная перад выбарамі альбо рэферэндумамі зачыстка інфармацыйнай прасторы - заблакаваная "Хартыя", блакаваннем прымушаны да пераходу ў кантраляваны рэжымам сегмент Інтэрнэту "Белпартызан", мэтанакіравана пераследуюць журналістаў "Белсату", уводзяцца ў дзеянне папраўкі да закона аб СМІ, закліканыя ўзяць пад кантроль публікацыі на форумах і ў сацсетках.

Чыноўнікі пачалі ўкідванне інфармацыі пра рэфэрэндум, каб праверыць рэакцыю грамадства і іншых краін. На старонках у сацсетках пэўных апазіцыйных СМІ праводзяцца апытанні пра стаўленне да вынасу на рэферэндум некаторых пытанняў.

Рэжым імкнецца паменшыць галоўную небяспеку для сваіх планаў наконт рэферэндуму - магчымасць масавых пратэстаў. Яны не толькі пагражаюць уладзе, але і могуць вярнуць Захад да палітыкі санкцый.

Для нейтралізацыі пратэстаў улады максімальна выкарыстоўвалі юбілейны Дзень Волі, каб:

а) нязначнымі саступкамі паменшыць непрыманне рэжыму з боку палітычна актыўнага патрыятычнага пласта грамадства;

б) прарэкламаваць у якасці новых грамадскіх лідараў прыхільнікаў "паляпшэння" існага рэжыму;

в) дыскрэдытаваць з іх дапамогай вядомых лідараў народных пратэстаў і саму ідэю пратэстаў;

г) праверыць стаўленнем да кампаніі дыскрэдытацыі пратэсту ступень лаяльнасці недзяржаўных СМІ;

д) праверыць ступень кіравальнасці "канструктыўнай" апазіцыі, яе гатоўнасць дзейнічаць паводле сцэнарах улады.

Відавочна, галоўным для рэжыму пытаннем рэферэндуму будзе бяспечнае падаўжэнне тэрміну знаходжання "прэзідэнта" ва ўладзе.

Каб супакоіць палітычна актыўную частку грамадства, ёй могуць дадаткова прапанаваць "моркву" ў выглядзе пытанняў рэферэндуму аб фармальным пераразмеркаванні ўладных паўнамоцтваў, парламенцкіх выбараў паводле партыйных спісаў і, магчыма, яшчэ штосьці, што не пагражае асновам рэжыму.

Для памяншэння негатыўнай рэакцыі Захаду будзе ўзмоцнена педалявацца пагроза расейскага ўмяшання ў прэзідэнцкія выбары, якія неабходна праз гэта перанесці. Гадоў гэтак на сем.

Некаторыя крыніцы паведамляюць, што пра рэферэндум будзе заяўлена падчас выступу "прэзідэнта" перад "парламентам" 24 красавіка. Называюць нават магчымыя даты рэферэндуму - 17 чэрвеня і 15 ліпеня, падчас футбольнага чэмпіянату ў Расеі і перад сезонам адпачынкаў у заходніх палітыкаў.

Не магу паручыцца за дакладнасць крыніц, але выбарчыя камісіі ўсіх узроўняў ўжо сфармаваныя і правераны на мясцовых "выбарах". Патрэбныя вынікі і адсотак прыходу, насуперак рэальным, яны забяспечваюць спраўна. Машына фальсіфікацый гатовая. Рэферэндум можна абвяшчаць хоць праз месяц.

Каб паменшыць імавернасць такога сцэнару, разважыў за патрэбнае апублікаваць яго. Будзем пільныя. І смелыя, калі спатрэбіцца.

Жыве Беларусь!

Мікалай Статкевіч, Фэйсбук

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках