27 красавiка 2024, Субота, 5:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Еўропа двух хуткасцяў: Макрон і Мэркель

1
Еўропа двух хуткасцяў: Макрон і Мэркель

Франка-нямецкі альянс быў і застаецца рухавіком развіцця Еўропы.

Аднак Ангеле Мэркель, магчыма, будзе не проста падладзіцца пад тэмп Эмануэля Макрона, мяркуе аглядальнік DW Енс Тураў.

Гэтым разам яны абмяняліся сваімі звыклымі пацалункамі на будаўнічым аб'екце - у культурным цэнтры «Форум Гумбальдта» (культурны і навуковы цэнтр у былым каралеўскім палацы. - Рэд.) У самым сэрцы Бэрліна. Гэта вельмі дарэчы, бо ў Нямеччыне і Францыі цяпер якраз вядзецца шырокае будаўніцтва, а ў Францыі - нават больш хуткімі тэмпамі.

Два няроўных партнёры: адзін з іх, Ангела Мэркель (Angela Merkel), яшчэ не завяршыла сваю палітычную кар'еру, але знаходзіцца на пасадзе канцлеркі ФРГ больш за 12 гадоў і - у той ці іншай ступені - ужо выйшла на фінішную прамую. Другі ж, Эмануэль Макрон, толькі ў самым пачатку свайго шляху: ён поўны энэргіі і хоча дамагчыся ў Еўропе, перш за ўсё, аднаго - большай салідарнасці багатай Нямеччыне з менш заможнымі еўрапейскімі краінамі. У тым ліку і з Францыяй.

Мэркель хоча і надалей задаваць тэмп

З 2005 года Ангела Мэркель вядзе сваю партыю супраць палітычнага мэйнстрыму: яна дамаглася адмовы Нямеччыны ад атамнай энэргетыкі, скасавала абавязковы вайсковы абавязак, ледзь не раскалола Еўропу сваёй ліберальнай міграцыйнай палітыкай і навязала краінам ЕЗ курс жорсткай эканоміі. Яна пастаянна намякала на тое, што развіццё еўрапейскага праекта і з'яўляецца галоўнай падставай для таго, каб яна кіравала краінай яшчэ чатыры гады: Мэркель не хацела б пакідаць пасля сябе гэткі раз'яднаны кантынент. І пры гэтым яна хоча задаваць тон і тэмп, да чаго даўно прывыкла.

Праблема заключаецца ў тым, што ў Макрона ёсць канкрэтная ідэя што да таго, як павінна выглядаць іншая Еўропа, а ў Мэркель - не. Да таго ж яна наўрад ці змагла б яе ажыццявіць. Макрон, груба кажучы, хоча тым ці іншым спосабам дамагчыся выраўноўвання фінансавых паказчыкаў краін-сябраў еўразоны.

Яго планы выклікаюць адкрыты супраціў не толькі ў шэрагах партыі Мэркель, але нават у міністра фінансаў ФРГ, сябра Сацыял-дэмакратычнай партыі Нямеччыны (СДПГ) Олафа Шольца (Olaf Scholz), які мае намер абараніць спадчыну свайго папярэдніка, прыхільніка захадаў жорсткай эканоміі Вольфганга Шойбле (Wolfgang Schäuble).

І канцлерка ведае свае слабыя месцы: урэшце, Еўропа пастаянна была складанай тэмай для блока ХДС/ХСС: Ангела Мэркель заўсёды была гатовая да большага, чым яе партыя. У 2015 годзе падчас галасавання ў бундэстагу аб выдаванні Грэцыі пакета фінансавай дапамогі 63 сябры яе кансерватыўнай партыі адмовілі Мэркель у падтрымцы. Калі б падобнае галасаванне адбылося цяпер, то урадавай кааліцыі прыйшоў бы канец.

Уладная канцлерка ні ў якім разе не хоча апынуцца ў такой сітуацыі. Акрамя таго, ціск на Мэркель аказваюць дзве апазіцыйныя партыі - Свабодная дэмакратычная партыя (СвДП) і «Альтэрнатыва для Нямеччыны», крытычна настроеныя ў дачыненні да ЕЗ.

Новы лідар па прозвішчы Макрон

Можна сказаць, што акцэнты ссунуліся: Мэркель павінна прызнаць, што страчвае сваю ўладу як раз у тым, што тычыцца супрацоўніцтва з Францыяй у плане Еўропы. Сапраўды прагрэсіўная, новая еўрапейская палітыка «а-ля Макрон» не карыстаецца падтрымкай большасці ні ў бундэстагу, ні сярод часткі нямецкага грамадства, што традыцыйна скептычна ставілася ў дачыненні да ЕЗ.

Макрон аказвае на Нямеччыну ціск: ён ужо даўно больш ці менш цярпліва чакае рэакцыі Бэрліна на яго ідэі што да будучыні Еўропы. Аднак Мэркель доўгі час была занятая пакутлівым працэсам фармавання ўраду.

Што б ні адбылося найбліжэйшым часам у ЕЗ, можа скласціся ўражанне, што Макрон стаў новым лідарам, і Мэркель ідзе ці павінна ісці за ім, ці ж проста адмаўляецца гэта рабіць. Мэркель заўзее душой за будучыню Еўропы: ёй павінна быць крыўдна, што яна цяпер, несумненна, менш здольная дзейнічаць, чым калі-небудзь раней. Аднак, магчыма, што канцлерка таксама расплачваецца і за упушчаныя шанцы ясна і даходліва растлумачыць жыхарам Нямеччыны свае планы наконт Еўропы - гэта, зрэшты, тычыцца і любых іншых тэм. Быць можа, цяпер гэта ўжо занадта позна.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках