5 траўня 2024, Нядзеля, 11:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

БНК: Трыванне народа не бясконцае

26
БНК: Трыванне народа не бясконцае

Уладам раяць адмовіцца ад небяспечных гульняў.

Беларускі Нацыянальны Кангрэс выступіў з папярэджаннем на адрас дыктатара Лукашэнкі. Тэкст заявы апублікаваў у «Фэйсбуку» адзін з лідараў БНК Мікалай Статкевіч:

«Папярэджанне Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу

24 красавіка Аляксандр Лукашэнка выступае перад абедзвюма «палатамі» так званага «нацыянальнага сходу». Як нам стала вядома з розных крыніц, у тым ліку з крыніцы ўнутры ўлады, ён мае намер агучыць пытанні на ўжо анансаваны ім «рэферэндум» аб змене Канстытуцыі. Асноўнае пытанне - змена артыкула 81 Канстытуцыі Беларусі, у якім запісана: «Прэзідэнт абіраецца на пяць гадоў народам Рэспублікі Беларусь».

Лукашэнка прапаноўвае павялічыць прэзідэнцкі тэрмін да сямі гадоў, пачаўшы яго адлік з дня правядзення «рэферэндуму».

Каб адцягнуць увагу грамадства ад спробы забяспечыць сабе яшчэ 10 гадоў бескантрольнай улады нават без звычайнага «выбарчага» спектакля, Лукашэнка збіраецца вынесці на «рэферэндум» іншыя пытанні - у тым ліку пытанне скасавання смяротнага пакарання. Але гэта ўсяго толькі дымавая заслона над пытаннем пра ўладу, якую Лукашэнка незаконна ўтрымлівае з 1999 года.

Беларускі Нацыянальны Кангрэс папярэджвае, што будзе разглядаць чарговы «рэферэндум» аб змене Канстытуцыі, мэта якога - пажыццёвая ўлада дзейнага правадыра краіны, як дзяржаўнае злачынства, да прадухілення якога мы будзем заклікаць усё грамадства, падымаць увесь народ. І мы не спынімся ў гэтым ні перад якімі пагрозамі, бо пажыццёвая ўлада чалавека, які трымае краіну ў палітычным і эканамічным застоі, - гэта наўпроставая пагроза жыццю Беларусі.

БНК з'яўляецца прыхільнікам як мірных перамен, так і мірных пратэстаў супраць дзеянняў улады, якія перашкаджаюць пераменам, але амаральныя, цынічныя паводзіны Аляксандра Лукашэнкі, накіраваныя выключна на ўласныя інтарэсы, могуць прывесці да выбуховых працэсаў і вострага грамадзянскага канфлікту з непрадказальнымі наступствамі.

Трыванне народу не бясконцае, таму раім дзейнаму правадыру здзейсніць учынак не дзеля сябе, а дзеля Беларусі. Раім адмовіцца ад небяспечных гульняў, пагадзіцца на ўнутрынацыянальны дыялог і вярнуць уладу таму, каму яна напраўду належыць: народу.

Уладу - народу!

Жыве Беларусь!»

Напісаць каментар 26

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках